Грамадства1212

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

«Якая жахлівая навіна», — адрэагавалі на навіну пра прызначэнне Руслана Чарнецкага новым міністрам культуры некаторыя калегі па акцёрскім цэху. Для іх незразумела, як ён зможа кіраваць цэлым сектарам, які на сёння патрабуе моцнага антыкрызіснага менеджара. Руслан жа, на іх думку, і на здымках заўсёды быў добрым выканаўцам, не лідарам.

Руслан Чарнецкі вядомы многім па безлічы роляў у расійскіх серыялах і фільмах — ад «Мухтара» да «Сватоў», ад «Выйсці замуж любым коштам» да «Каменскай». Таксама ён грае вядучыя партыі на сцэне драматычнага тэатра імя Горкага і, па яго словах, далей плануе сумяшчаць акцёрства з міністэрскай працай. Таксама ён з'яўляецца вакалістам рок-гурта Pride і мае званне заслужанага артыста Беларусі, якое атрымаў у 2022-м. Фота: kino-teatr.ru

«Кіраваць Дажынкамі зможа»

Знаёмыя адзначаюць, што з прызначэннем Чарнецкага на такі пост хаця б стаў зразумелы яго ранейшы шлях у дэпутацтва, выступы на марафонах адзінства і канцэртах для амапаўцаў. Нядаўна Руслан запісаў патрыятычную песню «Я — беларус». Апошнім часам, мяркуючы па прэм'ерах ад Германа Цітова ці Сашы Нэма, такім чынам стала модна праяўляць свае пачуцці да дзяржавы.

Зрэшты, сваю лаяльнасць рэжыму Чарнецкі паказаў даўно. Так, ён зняўся ў правальным — рэйтынг 3,3/10 на IMDB — фільме «Код Каіна» («Мы браты»), беларуска-амерыканскім праекце, які часткова фінансаваўся беларускім урадам і паказваў падзеі выбараў-2010 года з боку ўлад.

«Ён там з задавальненнем паўдзельнічаў, хаця ўсе мы разумелі, што гэта за кіно. Там здымаліся людзі з нізкім парогам сумленнасці», — адзначае адзін з акцёраў.

У 2020-м жа годзе Чарнецкі палічыў тых, хто абраў не прадзяржаўны бок, здраднікамі.

Руслан Чарнецкі прыйшоў у акцёрства не адразу, спачатку было навучанне на аўтаслесара, спробы быць афіцыянтам і бальныя танцы па кантракце ў Тайландзе. Паступаць у беларускую Акадэмію мастацтва на завочку ён вырашыў пасля кастынгаў у Маскве.

Чалавек, які блізка ведаў Чарнецкага ў час студэнцтва, адзначае, што яшчэ тады ён, калі і вылучаўся з масы, то сваёй амбіцыйнасцю і ганарлівасцю.

«У яго добрая акцёрская фактура, але ён пусты, мазгоў няма, душы няма. З інтэлектам ніжэй за сярэдні. Нічога ён у культуры не разумее, але кіраваць Дажынкамі зможа», — каментуе суразмоўца.

«Будзе рабіць тое, што загадалі зверху»

У Рускім тэатры Чарнецкі граў разам з Аляксандрам Ждановічам (Маляванычам). Той згадвае, што ў грыбаедаўскім «Гора ад розуму» калега сыграў Маўчаліна:

«Там ёсць радкі «В мои лета не должно сметь свое суждение иметь» і «Частенько там мы покровительство находим, где не метим». Вуснамі Маўчаліна казаў сам Чарнецкі». Я не чакаю ад яго нейкай самастойнасці, самабытнасці. Будзе рабіць тое, што загадалі зверху, што для яго карысна».

Паслухмянасць як адну з галоўных рыс Чарнецкага адзначаюць і іншыя калегі па цэху.

«Ён быў гатовы апраўдаць любую бязглуздую ролю, любыя дзіўныя рэчы, пастаўленыя задачы. Для яго ў гэтым быў сэнс акцёрскай прафесіі: «А я зраблю!»

Ён быў працавіты, але ніколі глыбока не ўлазіў у працэс. Проста такі безадмоўны: калі рэжысёру нешта трэба, я гэта вам даю. Цяпер, відаць, ён будзе практыкаваць гэты падыход ужо на новай пасадзе».

Фота: @ruslan_charnietski

«Не думаю, што для яго блізкія словы адраджэнне, беларуская мова, гісторыя, спадчына»

Пры гэтым калегі адзначаюць, што Чарнецкі сам заўсёды падкрэсліваў, што ён апалітычны. Але ў выніку дайшоў да ўзроўню міністэрскай пасады.

«Можа, пераблытаў ролі?» — смяюцца артысты. Пры гэтым абстаноўка ў культуры ў Беларусі цяпер зусім не смешная. Гэта прызнае нават Аляксандр Лукашэнка, загадваючы новаспечанаму міністру «або памерці, або навесці парадак» у сферы кіно. І людзі выказваюць боязь, што з Чарнецкім можа стаць яшчэ горш.

«Вельмі дзіўна на кіруючай пасадзе бачыць такога чалавека, таму што гэта, мякка скажам, не вельмі разумны чалавек. На такіх пасадах, мне здаецца, трэба больш інтэлектуальныя людзі, каб яны маглі вырашаць складаныя, нестандартныя праблемы, бо, як мы бачым, культура ў заняпадзе. А тут на пазіцыю крызіс-менеджара бяруць самага дубалома!» — абураецца адзін з прадстаўнікоў культурнай сферы.

Свае асцярогі з новым прызначэннем выказвае і палітык Павел Латушка, які сам займаў пасаду міністра культуры з 2009 па 2012 год.

«Першае, што прыйшло на думку ў сувязі з прызначэннем Руслана Чарнецкага міністрам культуры — гэта дварэцкі, старэйшы лакей, кіраўнік спраў у багатым доме, ці мажардом. Я асабіста знаёмы з новым міністрам культуры Лукашэнкі. Не думаю, што для яго блізкія словы адраджэнне, беларуская мова, гісторыя, спадчына, пабудова дзяржаўнасці на моцным нацыянальным падмурку. Хутчэй, з яго прызначэннем Міністэрства культуры ўсё больш і больш будзе рабіцца канцэртна-забаўляльным аддзелам дыктатара.

Вельмі хацеў бы памыляцца. Бо сёння гэтая пасада як ніколі патрабуе чалавека, які здольны аб'яднаць людзей і змагацца за беларускую культуру, якая з'яўляецца часткай агульнаеўрапейскай спадчыны. Культура — гэта душа чалавека, і калі ў гэтую душу будуць укідваць выключна танцавальна-забаўляльныя наратывы, то гэтую душу можна страціць».

Руслан Чарнецкі ў цэнтры. Кадр з фільма «Купала»

У фільме «Купала» Чарнецкі сыграў Антона Луцкевіча, аднаго з айцоў БНР, але, па словах тых, хто перасёкся з ім на здымках, павагі да беларушчыны і беларускай гісторыі ў Руслана не назіралася.

«Гэта проста акцёр, які можа рабіць усё, што яму скажуць».

«Ён вельмі самазакаханы. А акцёрскую натуру пальцам не задушыш, ён будзе хацець здымацца. Мяркую, што новую пасаду ён будзе ў тым ліку выкарыстоўваць, каб атрымаць для сябе маштабныя праекты з ім жа ў галоўнай ролі».

«У маёй памяці — калейдаскоп з кучы міністраў… Ні твараў, ні асобных прыкмет. Можа, за выключэннем Латушкі, які вылучаўся інтэлігентнасцю. Есць шанец, што чарговы міністр запомніцца сваім ростам, каля двух метраў», — даюць ацэнку новаму міністру людзі са сферы культуры.

Каментары12

  • Ёсік
    03.12.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Картофельный Квадробер
    03.12.2024
    По ходу хунта готова на все, даже хирозачесаную репу с подтеками под глазами заменить более молодой фотогеничной))) лишь бы сохранить приличный образ для власти.
  • чернец... культуры канец
    03.12.2024
    "ён пусты, мазгоў няма, душы няма. З інтэлектам ніжэй за сярэдні"

    цудоўная характарыстыка

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Усе навіны →
Усе навіны

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы45

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Галоўнае
Усе навіны →