«Вельмі хочацца ў выпадку чаго мець магчымасць хуценька з'ехаць». Ці патрэбныя беларусам польскія турыстычныя візы?
4 верасня стала вядома, што польскія консульствы аднаўляюць прыём дакументаў на турвізы ва ўсіх візавых цэнтрах. Як высветліла выданне Ex-press.by, навіна ўзрадавала і тых беларусаў, якія жывуць у Польшчы і хочуць часцей бачыць сваіх сваякоў, і тых, хто прывык ездзіць у Беласток на «закупы».
«Упэўненая, што месяц-другі, і ажыятаж спадзе, цэны ўпадуць»
Ксенія, 25 гадоў:
«Я жыву ў Польшчы ўжо практычна год. Пасля затрымання ў 2021 годзе за распаўсюд нібыта «экстрэмісцкіх» матэрыялаў праз некаторы час я зрабіла гуманітарную візу і з'ехала. Далей я прайшла ўвесь працэс атрымання міжнароднай абароны ў Польшчы і цяпер, натуральна, вяртацца ў Беларусь я не збіраюся.
Калі я з'язджала, то выразна ўсведамляла, што пры гэтай уладзе ў краіну не вярнуся. Але зусім іншая рэч — бацькі і блізкія сябры. У любым выпадку бачыцца неяк трэба, і тут шмат залежыць ад віз.
Гэтым летам мне ўдалося сустрэцца са сваёй сям'ёй аж у Венгрыі. Бацькі зрабілі менавіта венгерскую турыстычную візу, для гэтага трэба было аплаціць гатэль і падаць пакет дакументаў. У выніку ім выдалі аднаразовую візу на 15 сутак. Гэта было прадказальна, улічваючы іх цалкам «чыстыя пашпарты».
Цяпер зноў паўстала пытанне: якім чынам адкрыць візу, а самае галоўнае — якой краіны. Зразумела, што аднаўленне выдачы польскіх турыстычных віз нам вельмі дарэчы, не прыйдзецца дзеля сустрэчы з роднымі ехаць у Венгрыю або ў нейкую іншую краіну.
Было б выдатна, калі б пасля венгерскага турыстычнага шэнгена бацькам выдалі польскую візу хоць бы на паўгода. Пакуль што запіс праз агенцтва каштуе нейкіх кашмарных грошай, я чула, што многія бяруць ледзь не 1000 рублёў, але я ўпэўненая, што месяц-другі — і ажыятаж спадзе, і цэны ўпадуць, пераплачваць не вельмі хочацца.
«Людзі ўсё яшчэ працягваюць ездзіць закупляцца ў Беласток»
Алег, 31 год:
«Цяпер я са сваёй сям'ёй жыву ў Мінску. У мяне двое дзяцей, і раней, яшчэ ў дакавідныя часы, мы ўвесь час ездзілі з сям'ёй «на закупы» ў Беласток. Усё пачалося з 2016 года, спачатку была аднаразовая віза, потым на паўгода, а затым і ўвогуле далі на тры, яна скончылася ў 2020 годзе. З таго часу візы ў мяне не было.
Наколькі мне вядома, нават нягледзячы на тое, што большая частка прапускных пунктаў з Польшчай закрытая, людзі ўсё яшчэ працягваюць ездзіць закупляцца ў Беласток. Я даўно думаў аб тым, каб адкрыць працоўную візу для гэтага, але разумею, што мяне ў любы момант могуць проста не ўпусціць у краіну з-за нямэтавага выкарыстання візы. А вось турыстычная віза — гэта выдатнае рашэнне праблемы.
Разваг у мяне няма зусім ніякіх. Я дакладна буду рабіць турыстычную візу, хай нават першы раз яна і будзе аднаразовая. Другую ж ужо дакладна дадуць «больш сур'ёзную», любыя выдаткі на афармленне візы дакладна акупяцца, улічваючы цэны на прадукты ў Беластоку.
Прыемнай дапамогай тут служыць і TaxFree, яго афармляюць нават на беластоцкім рынку, прынамсі, так было раней».
«Вельмі хочацца мець магчымасць хуценька з'ехаць»
Сафія, 24 гады:
«Летась я пераехала па працоўнай візе ў Польшчу і жыла ўвесь гэты час у Варшаве. У жніўні тэрмін дзеяння візы скончыўся, і я вярнулася ў Беларусь.
У Польшчу я з'язджала, так скажам, проста паглядзець, наколькі там усё па-іншаму. Але ў нейкі момант зразумела, што эміграцыю я «не вывожу» і трэба было б пакуль што застацца ў Беларусі.
Я працую дызайнерам у інтэрнэце, і якраз цяпер змагла знайсці сабе новую працу менавіта ў Беларусі, таму ў паўторным пераездзе ў мяне патрэбы няма. Аднак пры гэтым вельмі хочацца ў выпадку чаго (усе мы разумеем, што цяпер Беларусь за краіна) мець магчымасць хуценька з'ехаць.
І таму варыянт з польскім турыстычным шэнгенам я разглядаю, тым больш што яго відавочна прасцей адкрыць, чым працоўную візу».
Каментары