Экс-прэм'ер Фінляндыі, якая была адным з самых маладых лідараў Еўропы, адыходзіць з палітыкі
«Я веру, што змагу добра паслужыць на новай пасадзе», — заявіла Сана Марын на прэс-канферэнцыі.
Былы прэм'ер-міністр Фінляндыі Сана Марын, якая была адным з самых маладых лідараў Еўропы і актыўна выступала ў падтрымку Украіны, заявіла ў чацвер, што адыходзіць з фінскай палітыкі і далучыцца да некамерцыйнай арганізацыі, якая базуецца ў Лондане, піша Reuters.com.
Марын, якой было 33 гады, калі яна ўступіла на пасаду ў снежні 2019 года, узначальвала пяціпартыйную левацэнтрысцкую кіроўную кааліцыю да красавіка гэтага года. Яна атрымала падзяку за тое, як яе кабінет даў рады пандэміі COVID-19, а яе гучная падтрымка Украіны летась павысіла яе міжнародную вядомасць. Таксама пры ёй Фінляндыя стала 31-м чальцом NATO.
«Час рухацца далей, — цытуе словы Саны Марын фінская грамадская тэлекампанія Yle. — Я з нецярпеннем чакаю магчымасці пачаць працу ў новай ролі. Я таксама веру, што гэта можа прынесці карысць усёй Фінляндыі».
«Я веру, што змагу добра паслужыць выбаршчыкам [у Фінляндыі] і, магчыма, нават лепш на новай пасадзе», — заявіла Марын на прэс-канферэнцыі. Яна таксама пакінула пасаду кіраўніка Сацыял-дэмакратычнай партыі.
Марын далучыцца да Інстытута глабальных перамен экс-прэм'ера Вялікабрытаніі Тоні Блэра. Раней у гэтым месяцы некамерцыйная арганізацыя заявіла, што Марын стане «стратэгічным кансультантам».
«[Мая] задача будзе быць дарадцам розных краін, урадаў і лідараў у пытаннях палітыкі, якія мне знаёмыя, гэта кіраванне, тэхналогіі, клімат, гендарная роўнасць і іншыя пытанні, з якімі мне даводзілася працаваць», — сказала яна ў інтэрв'ю газеце Huvudstadsbladet.
На красавіцкіх парламенцкіх выбарах Сана Марын прайграла галоўнай кансерватыўнай партыі Фінляндыі, сацыял-дэмакраты наогул фінішавалі трэцімі, разбурыўшы яе надзеі на пераабранне.
Будучы прэм'ер-міністрам, Марын узначальвала кааліцыйны ўрад, які ўключаў яе сацыял-дэмакратаў, Цэнтрысцкую партыю, Лігу зялёных, Альянс левых і Шведскую народную партыю.
Асабістае жыццё Саны Марын і актыўнае карыстанне сацыяльнымі сеткамі атрымалі шырокае міжнароднае асвятленне падчас яе прэм'ерства. У жніўні 2022 года яна прынесла прабачэнні пасля публікацыі фатаграфіі, на якой былі дзве жанчыны, якія пазіруюць топлес у афіцыйнай летняй рэзідэнцыі лідара краіны.
Фатаграфія з'явілася пасля таго, як відэа, на якім Марын танцуе і спявае з сябрамі, выклікала дыскусію аб тым, ці мае права прэм'ер-міністр ад душы весяліцца.
Каментары