Новым прэм'ерам Фінляндыі стала 34-гадовая жанчына, а краінай наогул будзе кіраваць жаночая пяцёрка
Рада партыйных упаўнаважаных Сацыял-дэмакратычнай партыі на экстраным пасяджэнні выбрала новым прэм'ер-міністрам Фінляндыі міністра транспарту і сувязі Сану Марын, паведамляе yle.fi.
На пасаду прэм'ера прэтэндаваў таксама старшыня парламенцкай фракцыі СДП Анты Ліндтман. Нагадаем, што на мінулым тыдні прэм'ер Анты Рыне падаў у адстаўку.
Сана Марын служыць дэпутатам парламента з 2015 года.
34-гадовая Марын будзе самым маладым на сёння прэм'ер-міністрам у свеце, а Фінляндыяй будзе ўпершыню кіраваць «жаночая пяцёрка» — лідары ўсіх астатніх кіруючых партый таксама жанчыны.
Самым маладым у гісторыі прэм'ер-міністрам быў Марыа Фрык, які ўзначаліў урад Ліхтэнштэйна ў 28 гадоў. Себасцьян Курц узначаліў урад Аўстрыі ў 31 год, але ў выніку перавыбараў Курц, якому зараз 33, не з'яўляецца пакуль прэм'ер-міністрам. Таму Сана Марын на сёння з'яўляецца самым маладым з дзейных прэм'ер-міністраў у свеце.
Каментары