Усяго патроху22

«Праца ў моры дала зразумець, што ўсё ў гэтым жыцці магчыма». Беларуска працуе на лайнерах і глядзіць свет, а дома ратуе жывёл

Баіцеся штось мяняць у жыцці? А вось Настасся Казадой некалі рызыкнула і кінула добрую працу дзеля таго, каб паглядзець свет. І так усё закруцілася: фатографка, супрацоўніца рэсэпшна з афіцэрскім званнем, а сёння яна — намесніца кіраўніка аддзела турызму на круізных лайнерах. Бабруйчанка прыязджае дахаты толькі двойчы на год і паспявае за гэты час шмат займацца дапамогай беспрытульным жывёлам. Пра тое, як пачаліся яе прыгоды, Настасся расказала ў гутарцы з выданнем 1387.by.

Тут і далей фота: асабісты архіў гераіні

Настасся Казадой нарадзілася ў Бабруйску, скончыла тут школу. Пасля паступіла ў Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт на факультэт англійскай мовы, што і паўплывала на яе далейшае жыццё. Пасля навучання ёй прысвоілі кваліфікацыю «лінгвіст, выкладчык англійскай і італьянскай моў, а таксама рускай як замежнай».

«Праз два тыдні пасля заканчэння ўніверсітэта я зразумела, што не гатовая развітацца з навукай і паступіла ў магістратуру на аддзяленне замежнай літаратуры, — прыгадвае бабруйчанка. — Абараніла дысертацыю з прысваеннем кваліфікацыі магістр філалагічных навук. Працавала па спецыяльнасцях у Беларусі, падчас вучобы ў магістратуры выкладала на вячэрніх курсах у МДЛУ, працавала ў некалькіх арганізацыях выкладчыцай і перакладчыцай». 

У гэты ж час з Настассяй здарылася яшчэ адно лёсавызначальнае знаёмства — з сабакам Нафанем.

«Калі я была на чацвёртым курсе, у доме, дзе здымала кватэру, жыў чалавек, які жорстка абыходзіўся са сваім кокер-спаніэлем. Мая першая афіцыйная аперацыя па яго выратаванні скончылася тым, што я прывезла яго дадому і ён знайшоў прытулак у маіх бацькоў, — расказвае суразмоўніца. —

У выніку доўгіх гадоў жыцця з гэтым жорсткім чалавекам у Нафані пахіснулася здароўе, ён пакутаваў ад эпілепсіі і ў 2013 годзе ў яго развілася нырачная недастатковасць. Паўгода я яго лячыла і даглядала як магла, не шкадуючы сродкаў, сіл і часу. На жаль, ён памёр.

Праз паўгода пасля смерці гадаванца я вырашыла падарыць яго рэчы прытулку. Так я прыйшла ў дабрачынную арганізацыю «Добродетель», дзе сустрэла свайго будучага гадаванца — Малыша, які радуе мяне і сёння.

Настасся дапамагала прытулку некалькі месяцаў, пасля чаго ў яе з’явілася жаданне зарэгістраваць сваё таварыства — «Пяць свабод», у якім яна магла б рэалізаваць свае ідэі гуманнасці, празрыстасці і сумленнасці ў дачыненні да выратавання бяздомных жывёл.

«Хацелася ўцягнуць больш людзей у выратаванне, прышчапіць гуманнасць, дабрыню і спачуванне, але сутыкнулася з неразуменнем.

Многія лічылі, што людзі, якія ратуюць жывёл, — гэта невялікая катэгорыя няшчасных людзей з неўладкаваным асабістым жыццём, якія пакутуюць ад адзіноты. Хацелася паказаць, што гэта не так. Паспяховыя і сямейныя людзі таксама маюць добрыя сэрцы і гатовыя прысвяціць свой вольны час выратаванню.

У 2015 годзе мы зарэгістравалі «Пяць свабод». У той час нават мясцовыя чыноўнікі скептычна ставіліся да маёй ідэі, задавалі няёмкія пытанні пра крыніцы фінансавання, вышуквалі нейкую карыслівасць у маёй дабрачыннай справе», — тлумачыць суразмоўніца.

Малыш ды Барсік, гадаванцы Настассі

Першым старшынёй нашага таварыства была Наталля Дзяшчэня, якая і сёння актыўна займаецца выратаваннем жывёл, але ўжо як незалежная валанцёрка. На змену ёй на некалькі гадоў прыйшла Настасся, а ў гэтым годзе перадала абавязкі Алене Грэўцавай.

«Алена прыйшла ў таварыства са сваімі новымі ідэямі, і я веру, што яна зможа іх рэалізаваць і зрабіць «Пяць свабод» яшчэ лепшымі. Таксама я вельмі ўдзячная Наталлі Чараповіч і Кацярыне Дубашынскай, якія зрабілі вялізны ўнёсак у развіццё нашай справы па выратаванні жывёл. І нам заўсёды патрэбныя рукі, таму будзем радыя прыняць у свае шэрагі ўсіх, хто шчыра і бескарысліва жадае несці дабрыню ў свет».

Як ужо пісалася вышэй, на рашэнне Настассі выправіцца працаваць на вялікую ваду паўплывала яе лінгвістычная адукацыя.

«Заўсёды хацелася пабываць у краінах моў, якія я вывучала. Некалькі разоў спрабавала выехаць у ЗША па абмене, але была вельмі маладая, не атрымалася даказаць у пасольстве свой неіміграцыйны статус.

Мне працягвалі адмаўляць у візе зноў і зноў. А калі нешта забараняюць, то хочацца яшчэ больш, — тлумачыць Настасся. — Так я паехала працаваць і вучыцца ў Англію на некалькі месяцаў, потым была Італія, потым Кітай.

Пасля заканчэння магістратуры і офіснай працы ў Мінску я адчула, што душа прасіла падарожжаў і прыгод. Мая добрая знаёмая Аксана Радзько, якая стаяла ля вытокаў адпраўкі першых падарожнікаў па моры, прапанавала паспрабаваць сябе ў ролі фатографкі ў кампаніі Royal Caribbean.

Праца была цяжкай і знясільваючай, па 14 гадзін на дзень без выхадных. Праз год я вырашыла звольніцца. Звольнілася, таму што мне не хапала павагі, да якой прывыкла, працуючы выкладчыцай, перакладчыцай і дырэктаркай па маркетынгу — такі досвед таксама быў. Да нас ставіліся як да абслуговага персаналу і не гублялі магчымасці нагадаць, дзе было наша месца».

Настасся вярнулася дахаты, два гады актыўна займалася выратаваннем жывёл, анлайн працавала перакладчыцай, выкладчыцай, удзельнічала ў складанні навучальнага матэрыялу па літаратуры для школьнікаў у адным са сталічных выдавецтваў і з энтузіязмам бралася за любую справу на сваім шляху. Але з часам засумавала, захацелася зноў падарожнічаць.

«У 2015 годзе я з’ехала працаваць на рэсэпшн у кампанію Carnival, дзе і працую сёння. Першы час мне вельмі падабалася праца, бо яна была вельмі адказная. На караблі рэсэпшн адказвае за ўсё!

У разуменні нашых людзей ты проста стаіш прыгожа і выдаеш ключы. А ў Амерыцы — гэта цэлы свет і бязмежны спіс абавязкаў, якія ўключаюць лідарства пры эвакуацыі ў выпадку надзвычайных сітуацый.

За гэта мне прысвоілі афіцэрскае званне, ну і што казаць, белая афіцэрская форма з пагонамі мяне таксама цешыла. Але няма мяжы дасканаласці і мая цяга да вандровак прывяла ў аддзел экскурсій», — кажа бабруйчанка.

Настасся падкрэслівае, што ўсе гарады і выспы, якія яна наведала, складана пералічыць. «Калі-небудзь прыгадаю ўсе, калі будзе вольны час», — абяцае суразмоўніца.

Яна пабывала на Карыбскіх, Багамскіх, Антыльскіх, Бермудскіх, Канарскіх астравах. Наведала Егіпет, Італію, Іспанію, Францыю, Англію, Кітай, Турцыю, Ізраіль, Грэцыю, Мексіку і многія іншыя краіны.

Сёння бабруйчанка працуе намесніцай кіраўніка аддзела турызму на круізных лайнерах.

«Праца заключаецца ў арганізацыі лагістыкі тураў, продажы тураў, таксама гэта праца над удасканальваннем прадукту, маркетынг, бухгалтэрыя, навучанне новага персаналу, планаванне, продаж, праца са скаргамі, развіццё новых напрамкаў. Гучыць як аддзел з 10 чалавек, але не, нас толькі чацвёра, а часам і трое», — знаёміць суразмоўніца са спецыфікай пасады.

«Працоўны дзень доўгі — да 14 гадзін на дзень, выхадных няма цягам 6—8 месячнага кантракта. На першы погляд гучыць як штосьці немагчымае, але, як паказвае практыка, усё магчыма. Стомленасць убудоўваецца ў твой дзень і робіцца нармальным станам.

Гэтая праца не для людзей са слабымі нервамі, бо распарадак на караблях падобны да армейскага: усё па гадзінах і па струнцы. Існуе вельмі шмат правілаў. Многія з іх не маюць ніякага сэнсу, але яны ёсць і не прытрымлівацца іх не атрымаецца.

З плюсоў падкрэслю, вядома, магчымасць паглядзець свет і блізка пазнаёміцца з іншымі культурамі. 

У нас міжнародны склад супрацоўнікаў, на маім судне працуюць людзі з 68 краін. Цікава даведвацца з першых вуснаў аб іх жыцці, традыцыях, культуры. Гэткі досвед вучыць пакоры і дысцыпліне, жалезнаму цярпенню і разуменню, бо тое, што ў іншых краінах нармальна, для нас можа здавацца дзікунствам. Але гэта не азначае, што гэта дрэнна, проста інакш.

У моры ўсе жывуць дружна і падтрымліваюць адно аднаго, усе ўсміхаюцца і міла камунікуюць. Натуральна, там, дзе ёсць людзі, канфлікты непазбежныя, усё бывае. Але калі людзі знаходзяцца ў замкнёнай прасторы, яны вымушаныя знаходзіць альтэрнатыўныя метады вырашэння канфліктаў, таму ва ўсіх вельмі добра развітыя камунікатыўныя навыкі.

У Бабруйск Настасся прыязджае два разы на год, адпачынак доўжыцца месяц, калі пашанцуе — два.

«Дома ў мяне бацькі, брат, бабуля, кот Барсік і той самы сабака Малыш, якога забрала з прытулку «Добродетель». Дарэчы, Барсік сам прыйшоў да мяне ў дом і вырашыў застацца. Як можна было яму адмовіць?

Калі я прыязджаю дадому, то праводжу ўвесь свой час з сямʼёй, жывёламі, сустракаюся з сябрамі, люблю ездзіць на рыбу, збіраць грыбы і гуляць па зімовым лесе, назіраючы за вавёркамі».

У гэтым сезоне, кажа Настасся, ёй пашанцавала, бо з амаль 100 прэтэндэнтаў яна трапіла ў лік 12-ці чалавек, якіх адправілі на Аляску.

«За столькі гадоў падарожжаў я думала, што ўсё ўжо бачыла. Але Аляска мяне па-сапраўднаму ўзбадзёрыла і ўзрушыла.

Першае адчуванне было, што я прыехала дадому. Прырода, паветра, лес, жывёлы… Алені, ласі і мядзведзі, якія могуць проста прайсці побач, марскія коцікі, арлы лётаюць над галавой як у нас галубы. Незвычайна чыстае паветра і вельмі спакойнае і размеранае жыццё.

Людзі радуюцца кожнаму дню, з цікавасцю назіраюць за куранятамі ў сваім двары, а ўвечары ў бары абмяркоўваюць, што кураняты рабілі і як яны гулялі.

Аляска вельмі адрозніваецца ад іншых амерыканскіх штатаў, тут людзі далёкія ад палітыкі і сусветных крызісаў, яны вельмі беражліва ставяцца да прыроды, тут не ўбачыш гор смецця. Усюды ёсць чыстыя грамадскія прыбіральні, лавачкі і смеццевыя бакі.

Мясцовыя людзі займаюцца актыўнымі відамі спорту, летам узмоцнена працуюць, а зімой адпачываюць, таму што заканчваецца турыстычны сезон».

З мясцовага жыцця Настасся адзначае вельмі зменлівае надворʼе: сёння ты можаш быць у шортах і майцы, а заўтра ў поўным зімовым абмундзіраванні.

«Пакуль маё самае любімае месца з тых, у якіх даводзілася быць, — Аляска, — кажа бабруйчанка. — Вядома, у кожнай краіне было нешта сваё. Мяне заўсёды радуе дамініканская і мексіканская гасціннасць, і хоць гэтыя краіны вельмі далёкія ад Беларусі тэрытарыяльна, уменне сябраваць і прымаць гасцей, дапамагаць у цяжкую хвіліну робяць іх падобнымі да нас.

А па Алясцы ў нас сямідзённыя круізы і кожны дзень мы спыняемся ў розных партах: Джуна, Скагуэй, Кетчыкан, Icy Strait Point, Сітка, Вікторыя (Канада), і праходзім праз фіёрд Трэйсі Арм. Раніцай прыбыццё, вечарам адбыццё.

Ці паўплываў такі прыгодніцкі лад жыцця на жыццёвую філасофію нашай гераіні? Яна кажа: так, і карэнным чынам.

«Па-першае, калі чалавек суткамі працуе і ў прынцыпе жыве на працы, як у маім выпадку, ён пачынае шанаваць маленькія радасці. Калі я жыла ў Беларусі, то, як і ўсе, чакала пятніцы, выхадных, і мне здавалася, што я так стамілася, працуючы пяць гадзін на дзень і мне трэба адпачыць, — смяецца Настасся. — А тут мы не ведаем дні тыдня, таму за выхаднымі няма сэнсу сачыць. Нашы дні мы лічым па партах.

Яшчэ ў нас няма бальнічных, як аказалася, можна пахварэць пару гадзін і нават ачуняць. Выключэннем быў каранавірус, калі міжнародная арганізацыя аховы здароўя абавязвала ізаляваць хворых на яго.

Праца ў моры мне дала зразумець, што ўсё ў гэтым жыцці магчыма і няма перашкод, калі сам сабе іх не пабудуеш. Людзі валодаюць велізарным патэнцыялам, але не заўсёды ведаюць, як яго выкарыстоўваць.

Досвед працы з рознымі нацыянальнасцямі даў зразумець, што няма дрэнных нацый, а ёсць проста дрэнныя людзі ў кожнай краіне.

Калі ты нясеш дабро, то яно вернецца да цябе ў розных праявах. Бо вельмі проста схавацца ў сваю ракавінку і не бачыць праблемы, тых, хто мае патрэбу, а пасядзець і пачакаць, пакуль нехта іншы прыйдзе і ўсё вырашыць.

Не трэба баяцца даць волю сваім пачуццям, жаданням і быць патрэбнымі ды карыснымі. Таму лозунг нашага таварыства абароны жывёл на працягу многіх гадоў — «Разам — мы сіла». Абʼяднаўшы намаганні і розумы многіх, можна змяніць стаўленне да жывёл, і не толькі да іх, у лепшы бок.

І вельмі слушным быў пачатак вядомага верша:

«Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць».

Беларусь — выдатная краіна з дзівоснымі людзьмі, якім проста трэба навучыцца любіць і шанаваць сябе, а таксама месца, у якім нарадзіліся. Таму я заўсёды радая дзяліцца сваім досведам падарожжаў і жыцця, а раптам каму-небудзь спатрэбіцца», — рэзюмуе Настасся.

Каментары2

  • mikola
    05.09.2023
    [Рэд. выдалена]
  • антижир
    06.09.2023
    "а раптам каму-небудзь спатрэбіцца"
    кеп, по ходу - вот оно - дама вашей мячты

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Усе навіны →
Усе навіны

17-гадовая дзяўчына ў Расіі панесла есці свінням і загінула2

Сёння на таргах даляр падскочыў на чатыры капейкі

Хто прыдумаў ютуб-праграму «Гадзіннічак цікае»?3

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал1

Сярэдні заробак у кастрычніку вырас амаль на 50 рублёў

Папярэдняя прычына падзення самалёта ў Вільні — тэхнічнае пытанне3

У Пінску закрылі буйны махлярскі кол-цэнтр. Пацярпелых — амаль 50 тысяч чалавек4

Перад прыездам Лукашэнкі ў Пакістан там забаранілі агульнанацыянальны марш апазіцыі. Тысячы затрыманых5

Пачынаецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Галоўнае
Усе навіны →