Беларускага хакеіста ў ЗША Гальчанюка прысудзілі да 30 сутак арышту. Ён фактычна выйшаў сухім з вады
Яму выставілі шэсць абвінавачванняў: у нападзе на прыватную ўласнасць, хуліганстве, аварыі, непадпарадкаванні і супраціве арышту, а таксама ў пагрозах паліцыянтам. Пяць з іх былі знятыя.
Былы хакеіст «Арызоны Каёціс» у Нацыянальнай хакейнай лізе (НХЛ) Алекс Гальчанюк прысуджаны да 30 дзён турэмнага зняволення, паведаміў The Athletic.
9 ліпеня амерыканскі форвард быў затрыманы паліцыяй горада Скотсдэйл, штат Арызона. Яму выставілі шэсць абвінавачванняў: у нападзе на прыватную ўласнасць, хуліганстве, аварыі, непадпарадкаванні і супраціве арышту, а таксама ў пагрозах паліцыянтам. Хакеіста спачатку заключылі пад арышт, а затым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
У панядзелак, 21 жніўня, суд Скотсдэйла зняў з Гальчанюка пяць з шасці абвінавачванняў, у тым ліку абвінавачванні ў хуліганстве і супраціве арышту. Адзін дзень з тэрміну зняволення спартсмену залічылі як адбыты, бо ён суткі правёў пад вартай.
27 дзён будуць адмененыя пасля паспяховага праходжання спартсменам праграмы лячэння ад алкагалізму і 12 месяцаў без ужывання алкаголю.
Амерыканскі форвард з беларускімі каранямі выступаў у НХЛ за «Манрэаль», «Арызону», «Пітсбург», «Мінесоту», «Атаву», «Таронта» і «Каларада». На сезон-2023/24 Гальчанюк зноў падпісаў пагадненне з «Арызонай», якое было скасавана праз 12 дзён пасля яго арышту.
Не выключана, што ён працягне кар'еру ў Расіі.
Каментары