«І са свайго сайта прапагандысты інфармацыю прыбралі». Як цяпер выглядае ў Жодзіне пераход, калісьці распіяраны як «інавацыйны»
Жыхар Жодзіна прыслаў у рэдакцыю выдання Ex-press.by фатаграфіі перахода на вуліцы 40 гадоў Кастрычніка. У гэтым месцы некалькі гадоў таму адкрылі пешаходны пераход, абсталяваны лямпачкамі, які ў афіцыйнай прэсе ўзносілі як «інавацыйны». Цяпер жа ад яго не засталося не толькі падсветкі, але нават дарожнай разметкі. Пра тое, што тут пераход, нагадвае толькі адпаведны знак.
«У Жодзіне цэлую рубрыку смела можна адкрываць пад назвай «Чаму ўвесь свет нам зайздросціць», — напісаў гараджанін. —
Памятаеце свінячае захапленне ў «Жодзінскіх навінах» з нагоды «інавацыйнага» пешаходнага перахода на зайздрасць усім, які асвятляўся пры набліжэнні пешаходаў? Знаходзіўся ён насупраць сталовай БелАЗа. Распіярылі тады яго па ўсёй краіне!
Прапрацаваў усяго нічога — пару гадоў з пераменным поспехам. Апошнія пару гадоў наогул здох і нікому стаў не патрэбным…
Ну, а з чарговай заменай асфальту застаўся толькі гэты напамін пра колішняе «захапленне»! Дарэчы, і са свайго сайта «ЖН» прапагандысты інфармацыю прыбралі».
У маі мінулага года ці той самы, ці іншы чытач з Жодзіна таксама пісаў у Ex-press.by, у што ператварыўся гэты «знакаміты «чароўнай» падсветкай, распіяраны ў прэсе пешаходны пераход».
Літаральна на наступны дзень пасля публікацыі на гэтае месца прыехалі рабочыя і пачалі рамонт. Тады закрылі асфальтам дзіркі, намалявалі разметку на пераходзе і замянілі дрэнажную рашотку для ліўневай каналізацыі. Але падсветку рамантаваць не сталі.
Каментары