Маскву на світанку атакавалі беспілотнікі: пашкоджаны будынак побач з Мінабароны РФ
Расійскія СМІ і тэлеграм-каналы паведамляюць пра атаку беспілотнікаў на сталіцу Расіі, пашкоджаны будынак побач з Міністэрствам абароны, яшчэ адзін беспілотнік трапіў у бізнэс-цэнтр «Леруа Мерлен».
Каля 4 гадзін тэлеграм-канал «Shot» паведаміў пра атаку БПЛА на Маскву, з-за чаго над мостам было чуваць гукі выбухаў.
Канал паведаміў пра выбух у маскоўскім бізнэс-цэнтры на вуліцы Ліхачова. «У будынку, дзе знаходзіцца «Леруа Мерлен», выбіла шыбы на верхніх паверхах. Папярэдне менавіта туды «ўляцеў» БПЛА», — напісаў Shot.
У той жа час ТГ-канал «Mash» паведаміў, што ў будынку на Камсамольскім праспекце, які знаходзіцца недалёка ад Міністэрства абароны РФ, выбіта шыба, а каля будынка выяўленыя аскепкі беспілотніка. Паведамляецца, што цяпер інфармацыі пра загінулых і пацярпелых няма, піша «Украінская праўда».
Выданне ТАСС са спасылкай на экстранныя службы пацвердзіла, што аскепкі беспілотніка выяўленыя на Камсамольскім праспекце, а яшчэ адзін беспілотнік трапіў у гмах бізнэс-цэнтра на вуліцы Ліхачова.
А мэр Масквы Сабянін паведаміў, што каля 4 гадзіны раніцы зафіксаваныя ўдары беспілотнікаў па двух нежылых будынках. Паводле яго, сур'ёзных разбурэнняў і пацярпелых няма.
Адзначаецца, што на Камсамольскім праспекце і вуліцы Ліхачова перакрыты рух аўтатранспарту.
Каментары