Каля мяжы з Беларуссю прайшоў фестываль «Тутака» — як гэта было ШМАТ ФОТА
Тры дзясяткі гадоў тут грымела «Басовішча». На Падляшшы ўрочышча Борык называюць беларускім месцам сілы. Цяпер тут прайшоў «Фестываль абуджаных «Тутака». Яго атмасфера — у рэпартажы «Нашай Нівы».
«Тут беларушчына чыстай вады»
Ад урочышча Борык да Беларусі два дзясяткі кіламетраў. Гэта Падляшша, дзе беларусы жылі адвеку. Тут гавораць на тых жа дыялектах, што і пад Ваўкавыскам.
У прылеглым да ўрочышча мястэчку Гарадок праваслаўная царква, хаты з кветнікамі пад вокнамі, дагледжаныя вуліцы і местачкоўцы, якія вітаюцца з кожным мінаком.
Старшыня фонду «Тутака» Павел Станкевіч кажа, што фестываль «Тутака» даводзіць беларусам, якія не ведаюць гісторыі Падляшша, што Гарадок і яго ваколіцы для іх таксама бацькаўшчына.
«Няхай у іншай дзяржаве, але не варта блытаць яе з нацыяй, — падкрэслівае ён. — Тут беларушчына чыстай вады».
Першае «Басовішча» адбылося ў 1990 годзе. Тады фэст музыкі маладой Беларусі ўвасабляў надзею на еўрапейскую будучыню краю.
«За тры дзясяткі гадоў гэтае месца насыцілася такой прыгожай беларушчынай, што мы карыстаемся з яе энергіяй дагэтуль», — кажа Павел Станкевіч.
Сёлета фэст «Тутака» (ён праходзіць у трэці раз) сабраў беларусаў, вымушаных з'ехаць з краіны. Радзіма для многіх месца небяспекі.
Паводле арганізатараў, за два дні фестываль «Тутака» наведалі не меней за 5000 чалавек.
Роля цяперашняга фестывалю важная тым, што дае магчымасць сустрэцца беларусам, раскіданым па розных краінах, як адзначае дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.
«Аналагаў «Тутака» няма. І яго трэба рабіць часцей».
Франак Вячорка бываў на «Басовішчы» і даводзіць, што яно эвалюцыянавала ў фэстываль «Тутака» з новым значэннем. Калі «Басовішча» дазваляла «выдыхнуць», то «Тутака» прыдуманы, каб «перазарадзіцца».
Гэта месца намоленае, як працягвае спявак і этнограф Сяржук Доўгушаў. Тутэйшыя мясціны, недалёкія ад Беларусі, успрымаюцца беларусамі як свае. Ён сам гэта адчуваў, быўшы на «Басовішчы», якое збірала знакавых для беларускай музычнай культуры асобаў. Сяржук асабліва адзначае Міхаіла Анемпадыстава.
На «Басовішча» прыязджалі людзі патусавацца і паскакаць пад музыку, як кажа Доўгушаў. А «Тутака» фестываль разнастайны. На ім можна адшукаць розныя культурніцкія фарматы: дыскусіі, гутаркі, выставы, сустрэчы.
«Жорны рэпрэсій выносяць нас на паверхню»
Сёлетні фестываль упершыню за тры гады праходзіў ва ўмовах закрытасці памежнага перахода Бераставіца — Баброўнікі.
Пасля таго, як рэжым Лукашэнкі асудзіў на 8 гадоў калоніі журналіста і актывіста польскай меншасці Андрэя Пачобута, польскія ўлады закрылі памежны пункт пропуску «Баброўнікі» — і жыццё ваколіц, якое жывілася з транзіту, сцішылася. Мясцовыя жыхары з нецярпеннем чакаюць адлігі ў Беларусі.
Самі ж беларусы на фестывалі ў атмасферы свята і весялосці не забываюць, што дзеецца за мяжою. Там засталіся родныя, па якіх могуць прыйсці ў любы дзень, кажуць яны.
Мерапрыемствы на фэсце пачаліся з хвіліны маўчання. Ля дыскусійнай пляцоўкі — сотні маленькіх стужак з імёнамі тых, хто за кратамі.
«Мы слухалі музыку, танчылі, крыху выпілі, як без гэтага, але спакою няма і яго не можа быць у цяперашні час», — кажа маладая пара ў намётавым мястэчку.
У ім размясціліся найбольш трывалыя беларусы, якія перажылі першыя дзень фестывалю з канцэртам і дыскатэкай.
На фэсце адбыліся некалькі дзясяткаў імпрэзаў, дыскусій, майстар-класаў для дарослых і дзяцей. На дыскусійных пляцоўках гаварылі пра палітвязняў, эканоміку, культуру.
Ідзе працэс інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі, а пратэст 2020 года быў чарговай спробаю вызвалення з-пад расійскай апекі, як гаварылі на дыскусіі, прысвечанай палітвязням.
Ніхто не вырашыць беларускія праблемы, акрамя саміх беларусаў, як канстатаваў кіраўнік «Байсол» Андрэй Стрыжак. Ён даводзіў, што маштаб беларускай бяды настолькі вялікі, што яе сталі ўспрымаць як статыстыку.
У гутарцы з «Нашай Нівай» кіраўнік «Байсол» падкрэсліў, што фонд падтрымае ўсіх, хто будзе ў гэтым мець патрэбу.
«342-ы артыкул (дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак) і 293-і (арганізацыя масавых беспарадкаў) абсалютна палітычныя. Асуджаныя па іх людзі дэ-факта палітвязні, нават калі іх не прызналі такімі, яны павінны атрымаць дапамогу», — даводзіў Андрэй Стрыжак.
Смерць Алеся Пушкіна чарговы раз паказала, што дзяржава не можа гарантаваць нявольніку жыццё за кратамі. Нават у выпадку хваробы ахоўнікі кажуць, што арыштант у турме не для таго, каб лячыцца. У крытычных сітуацыях турэмшчыкі не ведаюць, што рабіць.
На праблему абыходжання з людзьмі ў зняволенні грамадства звярнула ўвагу толькі тады, калі ў 2020 годзе за кратамі апынуліся тысячы пратэстоўцаў, як адзначалі ўдзельнікі дыскусіі.
На дыскусіі, прысвечанай бізнэсу, гаварылася, што беларускія бізнэсоўцы, якія апынуліся за мяжою, набываюць важны досвед, які будзе спрыяць росквіту прыватнага прадпрымальніцтва ў новай Беларусі.
Бізнэсоўцам жа, якія застаюцца ў Беларусі і не бачаць пагрозаў для сябе, варта заставацца там, захоўваючы напрацаванае. Іначай адрадзіць айчынны бізнэс будзе складана.
Негатыўны эфект ад санкцый зазнае не толькі дзяржаўная эканоміка, але і прыватны бізнэс, як казалі на дыскусіі.
Прадпрымальнікі вымушаныя працаваць там, дзе ўплыў санкцый найменшы. У большасці сваёй яны штурхаюць прыватны бізнэс Беларусі да Расіі, разважалі падчас дыскусіі. Таму для беларускага бізнэсу паўстае выклік: ці застанецца ён беларускім?
Лекцыя рэстаўратаркі нацыянальных строяў Кацярыны Ваданосавай была адной з самых папулярных на фэсце. Яна кажа, што ў беларусаў узрасла цікавасць да сваёй традыцыйнай культуры і не толькі той, якая тычыцца адзення.
Беларусь цяпер перажывае час, які іншыя еўрапейскія народы перажылі ў ХІХ стагоддзі, у так званую эпоху «вясны народаў».
Беларусы, нягледзячы на рэпрэсіі, прыгнёт, развіваюць сваю адметнасць, якая ўвасобленая ў культуры.
«Жорны рэпрэсій, якімі імкнуцца падмяць нас пад сябе, выносяць нас на паверхню. Мы адчуваем сябе больш знітаванымі адно з адным», — заўважала суразмоўніца.
«У новай Беларусі не будзе месца дыктатуры і прыгнёту»
Фэст наведалі і вядомыя беларусы. Многія падыходзілі фатаграфавацца да баскетбалісткі Кацярыны Сныцінай. Яна мяркуе, што яе пазнавальнасць трымаецца на «міксце спорту і пратэсту».
«Ёсць людзі, якія сачылі за нашай зборнай два дзясяткі гадоў, і яны пра гэта мне кажуць. Але ж нямала тых, што даведаліся пра мяне падчас пратэсту. Гэта прыемна быць пазнавальнай. Я не часта ўдзельнічаю ў такім імпрэзах, але калі ўдаецца, то з задавальненнем камунікую ўжывую з людзьмі», — тлумачыць Кацярына.
Не абышлі ўвагаю наведнікі фэсту і оперную спявачку Маргарыту Ляўчук.
«Хадзіла па людзях, фотаздымкаў нарабілі. Абмяняліся беларускай энергіяй, шчасцем і болем. Хлусяць зоркі, якія кажуць, што ім непрыемна, калі іх пазнаюць. Мне прыемна», — прызнаецца яна.
Афіцыйная частка фэсту была адведзеная пад выступы Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, зачытванне лістоў падтрымкі і салідарнасці ад кіраўніцтва Падляшскага ваяводства і ўладаў Беластока. З відэазваротам звярнулася і старшыня ўрада БНР Івонка Сурвіла.
Казалі пра тое, што беларускую культуру ў Беларусі дэ-факта абвясцілі экстрэмісцкай. За беларушчыну загінуў у зняволенні Алесь Пушкін. Рэжым Лукашэнкі хоча паставіць беларусаў на калені, але таго ён не дасягне. Беларусы плацяць высокую цану за права жыць вольна. Палякі салідарныя з беларусамі, казалі польскія палітыкі.
Вечаровы канцэрт адбываўся на сцэне, з якой колісь выступалі музыкі на «Басовішчы». Тады і цяпер было шмат беларускіх сцягоў.
Хэдлайнерам другога дня «Тутака» быў гурт «Дай дарогу!». Наведнікі фэсту разгарнулі вялізнае бел-чырвона-белае палотнішча, вітаючы музыкаў.
«Галоўнае на фэсце — гэта людзі, якія ведаюць, якой павінна быць новая Беларусь, — адзначае наведнік фэсту. — У новай Беларусі не будзе месца дыктатуры і прыгнёту».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Беларускія 90-я. Рок адусюль, беларуская мова, бчб на БТ — якім быў шоўбіз і тагачасныя медыя?
Лідар гурта «Relikt»: Трэба прыбіраць з рэчаіснасці ілюзію, што беларусы ўсе коцікі-коцікі
Прадзюсар Аляксандр Чахоўскі — пра раскрутку Маргарыты Ляўчук, зайздрасць і псеўдапурытанства
Каментары
Ну вось маргиналы и абаснавалися.. могуть и флагам памахать и свидравать друг друга у дупы..на прыроде… ну и накрычацца жыве Беларусь ))
А беларусы у беларуси танчать на славянским базары🤣