Грамадства11

Папа Францішак назваў гэту беларускую жанчыну святой. Расказваем, хто гэта

Папскі пасланнік, былы апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыа Гуджэроці павязе Папу Францішку здымак з мінскай моладдзю. А 10 гадоў таму ён перадаваў пантыфіку фота жанчыны з маленькай вёскі. Толькі пару дзён таму ён расказаў пра сакрэт, як простая беларуская верніца звязаная з Папам, як піша Katoilk.life.

Фота: katolik.life

Падчас фэсту ў Будславе спецыяльны пасланнік Папы Рымскага арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці пабудаваў сваю прамову на асобе беларускай верніцы Ядзвігі Пастарнак. Гэта жанчына вядома тым, што ў 2013 годзе яна атрымала асабістую падзяку ад Папы Францішка, якую ён даслаў ёй на беларускай мове.

Перадачу ліста ад пантыфіка тады арганізаваў арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці, які ў той час служыў апостальскім нунцыем у Беларусі. Аднак толькі цяпер ён падзяліўся «маленькім сакрэтам», як ён сам назваў гэту інфармацыі, — пра незвычайную сувязь Папы Францішка з простай беларускай верніцай, якую ён ужо пры яе жыцці лічыў святой.

«Я наведваў парафіі, і адна пажылая жанчына, якая з цяжкасцю хадзіла, прачытала мне свой вельмі прыгожы ліст да Папы. Я даў яго перакласці і зрабіў фотаздымак жанчыны, якая яго чытала. Пры наступнай сустрэчы з Папам я паказаў яму фотаздымак і даў прачытаць ліст. Ён затрымаўся, паглядзеў — у яго былі слёзы на вачах. І ён сказаў мне: гэтая жанчына святая».

Паводле папскага легата, калі ён перадаў пані Ядзвізе ліст ад Папы, яна здзівілася: «Чаму мне такі гонар? Так, я хадзіла 30 гадоў шмат кіламетраў выкладаць катэхізіс, так, мяне маглі за гэта забіць, але ж колькі жанчын рабілі тое самае, што і я».

Пазней, на працягу некалькіх гадоў, калі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці ўжо не служыў у Беларусі, Папа Францішак усё роўна заўсёды запытваў у яго пры сустрэчы: «Як пажывае Ядзвіга Пастарнак?»

«Я здзіўляўся: як вы памятаеце пра яе? А ён адказваў: бо яна святая беларуская жанчына. Але гэта не канец гісторыі. Калі Папа прызначыў мяне на служэнне ў Рым, я спытаў: Святы Айцец, вы ўпэўнены? Такая вялікая адказнасць, а мне ўжо 67 гадоў! Ён адказаў: будзь спакойны! З Нябёсаў за цябе будзе заступацца Ядзвіга Пастарнак. Папа, апярэджваючы ўсе кананізацыйныя працэсы, ужо абвясціў, што яна — святая».

Таксама Францішак запытваў, ці жыве яшчэ пані Ядзвіга, і даў арцыбіскупу Клаўдыа Гуджэроці заданне даведацца пра гэта. Іерарх паказаў Папу відэа, на якім Ядзвіга Пастарнак з бальніцы перадавала віншаванне з Раством Хрыстовым, але ёй было цяжка дыхаць, і яна змагла вымавіць толькі два сказы:

«Гэта было вельмі кранальнае відэа. Я сказаў: Святы Айцец, праз некалькі дзён пасля таго, як яна даслала гэтае пасланне, яна памерла. Тады Папа замоўк на нейкі час… А вы сёння маеце яшчэ адну заступніцу, якая стаіць побач з цудатворным абразом Маці Божай Будслаўскай — гэта Ядзвіга Пастарнак. Жанчына, якая шмат гадоў захоўвала Найсвяцейшы Сакрамант у сваёй шафе — гэта вера беларускага народа».

Ядзвіга Пастарнак жыла ў вёсцы Муляры Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Яна нарадзілася 6 красавіка 1927 года і была дзявятым дзіцем у глыбока веруючых бацькоў. «Звычайна дзень у доме пачынаўся малітвай маці, якая раніцай уставала раней за ўсіх. Потым маліўся бацька. Перад сняданкам гучала агульная малітва ўсіх сямейнікаў. Так было заўсёды, кожны дзень», — расказвала Ядзвіга Пастарнак часопісу «Дыялог».

У шасцігадовым узросце яна сур'ёзна траўмавала нагу і да 25 гадоў хадзіла на мыліцах, а траўма давала пра сябе знаць усё жыццё. Аперацыя ў тыя часы была платнай, а грошай у шматдзетнай сям'і не было.

З сямі гадоў Ядзвіга на мыліцах разам з бацькамі і аднавяскоўцамі наведвала капліцу ў суседняй вёсцы, куды дабіраліся пешшу. Ядзвіга скончыла шэсць класаў польскай школы. Працягнуць вучобу не змагла: для гэтага трэба было ездзіць у іншую школу, а такой магчымасці не было.

«Бацька быў краўцом, і пасля яго засталася швейная машынка «Зінгер». Паколькі я не магла працаваць нароўні з усімі праз калецтва, само сабой мне выпала быць краўчыхай. Асабліва я любіла шыць белыя сукенкі дзяўчаткам і нявестам у касцёл і на вяселле», — успамінала пані Ядзвіга.

Пасля ўстанаўлення камуністычнай улады і заканчэння Другой сусветнай вайны вернікі з Муляраў у асноўным пешшу хадзілі ў касцёл у Вішневе, што знаходзіцца на адлегласці 18 кіламетраў ад вёскі:

«Я не плакала, калі да крыві сцірала мыліцамі рукі пад пахамі. Кіламетры дарогі даваліся няпроста, нага потым доўга балела. Аднак колькі духоўнай радасці і сіл давала кожнае наведванне касцёла, асабліва на святы».

Толькі ў 1952 годзе ў Вілейку прыехаў доктар, які змог зрабіць аперацыю на каленным суставе і паставіць Ядзвігу на ногі. Ксёндз Юзаф Кісель з Вішнева даручыў маці Ядзвігі Пастарнак Юзэфе рыхтаваць мясцовых вясковых дзяцей да Першай Камуніі. Затым, з 1949 года, гэтым стала займацца сама Ядзвіга і пешшу абыходзіла найбліжэйшыя вёскі — па 20 кіламетраў у дзень, нягледзячы на хворую нагу. Ад рукі перапісвала тэксты малітваў і катэхізіс і раздавала дзецям.

Ядзвіга таксама разам з іншымі вернікамі хадзіла на пахаванні, спявала малітвы, акрапляла магілы асвячонай вадой. Гэта ў савецкі час часта было адзіна магчымай формай хрысціянскага пахавання. Жанчына нікому не адмаўляла і малілася за католікаў і праваслаўных.

«Я проста малілася, — сціпла ўспамінала Ядзвіга Пастарнак, — хадзіла ў касцёл, шыла дзяўчатам белыя сукенкі да першай споведзі і святой Камуніі і паволі навучала іх хрысціянскай веры, перадаючы ўсё тое, што калісьці атрымала ад бацькоў. Для тых, хто не мог бываць у храме, прыносіла аплаткі, асвячоную ваду і хлеб святой Агаты. Я была інвалідам у маладыя гады, таму я ніколі не працавала ў калгасе, прымала заказы, шыла адзенне дома і ўсё жыццё працавала на сябе».

Падчас ганенняў на католікаў у СССР і ў цэлым пераследу хрысціянства, забаронаў на правядзенне набажэнстваў, савецкіх рэпрэсій вернікі збіраліся на малітвы часта таемна, праводзілі розныя формы набажэнстваў. У сваёй вёсцы Ядзвіга Пастарнак не проста брала ў іх удзел, але была іх натхняльніцай і арганізатаркай. Жыхары вёскі Муляры сведчаць пра тое, што якраз Ядзвіга Пастарнак не дазволіла згаснуць веры нават у самыя цяжкія гады.

Дзяцей у пані Ядзвігі не засталося: яна выйшла замуж толькі ў 58 гадоў. Шлюб яе доўжылася ўсяго 9 гадоў: муж памёр. Нават у 87 гадоў, калі верніца давала інтэрв'ю, яна не патрабавала дапамогі ні ў блізкіх, ні ў дзяржавы, сама з усім спраўлялася і гатовая была дапамагаць усім, хто мае патрэбу ў дапамозе:

«Адчуваю радасць, што магу нешта добрае зрабіць для Касцёла, людзей, і малюся. Кожны дзень адгаворваю 2-3 часткі Ружанца перад сном з інтэнцыямі аб Божай Міласэрнасці для блізкіх, для тых, хто просіць пра малітву, абавязкова для ўсіх святароў. Кожны раз дзякую Богу за тое, што з радасцю так доўга жыву на свеце ў добрым здароўі, сярод добрых людзей, што чым магу дапамагаю ксяндзам, суседзям і ўсім, хто да мяне звяртаецца з просьбай. Сабе прашу лёгкай смерці, каб не прынесці нікому клопату, але суадношу гэта жаданне з воляй Божай. Не пачынаю ніякай справы, не папрасіўшы дапамогі ў Бога».

Дарэчы, цяпер праз арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці пасланне і здымак для Папы Францішка перадала моладзь з мінскай архікатэдры.

Каментары1

  • Жвір
    05.07.2023
    Цікава.

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак20

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным37

Наступленнем паўстанцаў у Сірыі кіруе Абу Махамед аль-Джулані. Хто ён такі і чаму яго лічаць прагрэсіўным джыхадзістам?7

Вядомы IT-інвестар патлумачыў, чаму ў Польшчы няма свайго EPAM і чым крутыя Мікада і Мельнічак5

«Толькі бізнэс, нічога палітычнага». Еўрапейскія бізнэсмены прыглядаюцца да падсанкцыйнай Беларусі7

Расійскую шпіёнку, якая збіралася спакусіць і выкрасці журналіста Грозева, пры арышце заспелі ў ложку з іншым агентам Крамля4

Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска13

Лаўроў назваў апанентаў Асада ў Сірыі «законнай апазіцыяй»9

Новы кіраўнік МУС Літвы расказаў, ці трэба закрываць рэшту пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю8

Імя Мухамед стала самым папулярным у Вялікабрытаніі? Так, але вы робіце з гэтага памылковыя высновы19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак20

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак

Галоўнае
Усе навіны →