«Вагнераўцы» могуць з'явіцца сярод мігрантаў, якія шукаюць шлях у ЕС з Беларусі — прэзідэнт Літвы
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа адзначыў, што з перамяшчэннем групы «Вагнер» у Беларусь узрастае рызыка з'яўлення «вагнераўцаў» сярод нелегальных мігрантаў, якія працягваюць спробы трапіць на тэрыторыю ЕС. Пра гэта ён сказаў у падкасце выдання Politico, як паведамляе LRT.
Паводле літоўскага прэзідэнта, Захад павінен прааналізаваць усе рызыкі, якія ўзнікаюць у выніку перамяшчэння Яўгена Прыгожына і яго ПВК «Вагнер» у Беларусь, і рыхтавацца да іх.
«Аднойчы сярод гэтых нелегальных мігрантаў могуць з'явіцца «вагнераўцы». Ці гатовыя мы да такога выкліку? Такой імавернасці таксама нельга выключаць», — адзначыў Наўседа.
Па словах прэзідэнта Літвы, разведка пакуль не мае інфармацыі пра тое, што ў Беларусь, акрамя самога Прыгожына, прыехалі яшчэ значныя сілы «вагнераўцаў», але заклікаў рыхтавацца да гэтага.
«Мы павінны разумець, што нелегальная міграцыя або інструменталізаваная міграцыя, якую выкарыстоўваюць такія тыраны, як Аляксандр Лукашэнка або Уладзімір Пуцін, — гэта зусім іншая міграцыя. І на такі від міграцыі таксама патрэбныя пастановы», — дадаў Гітанас Наўседа.
Каментары