У кліентаў папраўчых калоній Магілёўшчыны — прэтэнзіі да «Белтэлекама». Сваякі асуджаных патрабуюць вярнуць грошы
Але дзяржправайдар, як высвятляецца, аддаваць не ўмее — няма такой практыкі.
У якасці эксперымента ў бабруйскай калоніі №2 і шклоўскай калоніі №17 асуджаным дазволілі ажыццяўляць адпаведныя рэжыму ўтрымання штотыднёвыя тэлефонныя званкі з мабільнага нумара, а не са стацыянарнага. Кіраўніцтва калоній называе гэта «званкамі з дапамогай IP-тэлефаніі», піша Mayday.
Навіна адразу ж стала галаўным болем для «Белтэлекама». Сутнасць у тым, што гэта прадпрыемства з 1 студзеня 2022 года вывела з абарачэння таксафонныя карткі і праз незапатрабаванасць паслугі скараціла ўвесь аддзел, які адказвае за таксафоны. Узамен для карыстання стацыянарнымі нумарамі ў калоніях прапаноўвалася заключыць з «Белтэлекамам» двухгадовую дамову на паслугу «картачны рахунак» са шматразовым папаўненнем — гэта базавы сцэнар для беларускіх ПК.
Другі магчымы варыянт — гэта купля папярэдне аплачанай сэрвіснай тэлефоннай карты (СТК), але іх ужо перасталі выпускаць. Цяпер сваякі вязняў, якія адбываюць тэрмін у Бабруйску і Шклове сталі ў чарзе на скасаванне дамоў з тэлекамунікацыйным прадпрыемствам.
Калі грошы на СТК проста згараюць, то з «картачнага рахунку» іх па законе можна вярнуць, а сума набіраецца вялікая — сваякі ў сярэднім пераводзілі на рахункі вязням ад 20 да 100 рублёў.
Улічваючы, што ў кожнай калоніі адбывае тэрмін звыш тысячы чалавек, становіцца зразумелы маштаб аднаразовай выплаты «Белтэлекамам», якой прадпрыемства спрабуе пазбегнуць.
«Белтэлекам» прызнае, што павінен вярнуць грошы, але не ведае, як гэта зрабіць.
У яго базах даных пазначаны «нуль», і толькі праверка балансу па нумары 176 паказвае запазычанасць перад кліентам.
Пакуль што рэгіянальныя аддзяленні па ўсёй краіне збіраюць заявы і адпраўляюць іх для вырашэння на ўзроўні вобласці.
Каментары