Экс-мэра Екацярынбурга Ройзмана аштрафавалі па справе дыскрэдытацыі арміі. Санкцыя прадугледжвала да пяці гадоў турмы
За яго заступілася нават Ала Пугачова.
Кастрычніцкі суд Екацярынбурга прызначыў былому мэру горада Яўгену Ройзману (абвешчаны расійскімі ўладамі «замежным агентам») штраф памерам 260 тысяч расійскіх рублёў (каля 3250 даляраў) паводле справы аб «дыскрэдытацыі арміі», піша Бі-бі-сі.
Ройзмана асудзілі па ч. 1 арт. 280.3 КК РФ (публічныя дзеянні, накіраваныя на дыскрэдытацыю выкарыстання Узброеных сіл), максімальнае пакаранне па якой — пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.
Напярэдадні пракурор папрасіў прызначыць Ройзману адносна мяккае пакаранне — штраф 260 тысяч рублёў. Такі штраф і прызначыў суд.
Ройзман, каментуючы пакаранне, якое запытваў пракурор, сказаў: «Усе разумеюць, што я ні ў чым не вінаваты і што я нічога дрэннага не зрабіў».
Абарона Ройзмана прасіла суд апраўдаць яго. Як падкрэсліваў адвакат Уладзіслаў Ідамжапаў, абвінавачанне парушае замацаваную ў Канстытуцыі свабоду думкі і слова.
Крымінальную справу супраць папулярнага екацярынбургскага палітыка распачалі ў жніўні мінулага года. Нагодай стаў выступ у YouTube ў ліпені, у якім Ройзман выказваўся пра вайну ва Украіне.
Абіраючы меру стрымання, суд не стаў адпраўляць яго ў СІЗА, забараніўшы толькі пэўныя дзеянні: наведваць публічныя мерапрыемствы і карыстацца інтэрнэтам.
Судовы працэс па справе Ройзмана пачаўся ў канцы красавіка.
Як пісала екацярынбургскае выданне It's My City, згодна з абвінаваўчым заключэннем, Ройзман «дыскрэдытаваў» расійскую армію сярод іншага тым, што назваў «спецаперацыю» ва Украіне вайной, а сімвал Z — «зігай».
У чацвер у судзе дапытвалі сведак. Сам Ройзман ад дачы паказанняў адмовіўся. «З вашага дазволу — не буду», — сказаў ён суддзі. Выступаючы з апошнім словам, Ройзман падзякаваў і пералічыў пісьменнікаў, музыкаў і навукоўцаў, якія выступілі ў яго падтрымку.
У чацвер суддзя далучыў да справы некалькі характарыстык, якія далі на Ройзмана вядомыя людзі, але адмовіўся пры гэтым далучаць зварот спявачкі Алы Пугачовай. Суддзя заявіў, што зварот Пугачовай з'яўляецца непрацэсуальным (не аформлены па патрабаваннях КПК), а Ройзман адзначыў, што паставіць яго «ў рамачку і на сцяну павесіць».
Ройзман — папулярны ў Свярдлоўскай вобласці палітык, былы кіраўнік Екацярынбурга (2013—2018 гады) і дэпутат Дзярждумы (2003—2007 гады).
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну Ройзман не стаў пакідаць краіну, пры гэтым выступаў супраць баявых дзеянняў і крытыкаваў расійскія ўлады.
Каментары