Вялікабрытанія паставіла Украіне ракеты далёкасцю 250 км. Гэта мяняе поле бою
Вялікабрытанія паставіла Украіне крылатыя ракеты вялікай далёкасці Storm Shadow, паведамляе CNN са спасылкай на свае крыніцы. Далёкасць палёту ракет — 250 км. Гэта толькі крыху менш, чым у амерыканскіх комплексаў ATACMS, якія Кіеў прасіў у Вашынгтона.
«Крытычна важна, што ў Storm Shadow дастаткова далёкасці, каб нанесці ўдар углыб тэрыторыі, якая ўтрымліваецца Расіяй», — піша CNN, аднак падкрэслівае, што Вялікабрытанія дала гэтыя ракеты Украіне пры ўмове, што яны будуць выкарыстоўвацца толькі на «суверэннай тэрыторыі Украіны».
Украіна паабяцала брытанцам, што будзе выкарыстоўваць ракеты Storm Shadow толькі на тэрыторыі Украіны, распавёў CNN высокапастаўлены заходні чыноўнік. Улады Вялікабрытаніі неаднаразова заяўлялі, што лічаць украінскай тэрыторыяй у тым ліку Крым.
Ракеты Storm Shadow «мяняюць правілы гульні з пункту гледжання далёкасці», заявіў CNN прадстаўнік арміі ЗША. З яго слоў, яны даюць Кіеву магчымасці, «пра якія ён прасіў з самага пачатку канфлікту», паведамляе тэлеканал.
Далёкасць палёту Storm Shadow у тры разы пераўзыходзіць радыус дзеяння ўсіх іншых ударных сістэм, пастаўленых раней Захадам ва Украіну. Яны будуць даставаць да ўсіх патэнцыйных цэляў у Крыме.
Самыя дальнабойныя ракеты, якія ёсць ва ўкраінскім войску цяпер, — GMLRS з радыусам дзеяння да 80 кіламетраў. Іх можна запускаць, у прыватнасці, з установак залпавага агню HIMARS.
Ракеты Storm Shadow звычайна запускаюць з паветра, адзначае CNN.
Каментары