Гісторыя11

Прывіды вайны: выйшла новая кніга пра пасляваенную Беларусь

Кніга Францыскі Экселер «Ghosts of War. Nazi Occupation and Its Aftermath in Soviet Belarus» выйшла ў 2022 годзе ў прэстыжным навуковым выдавецтве Cornell University Press. Расказваем, пра што яна.

Franziska Exeler. Ghosts of War: Nazi Occupation and Its Aftermath in Soviet Belarus

Аўтарка кнігі — дацэнтка кафедры гісторыі Свабоднага ўніверсітэта Берліна і навуковая супрацоўніца Цэнтра гісторыі і эканомікі Каледжа Магдаліны Кембрыджскага ўніверсітэта Францыска Экселер. Яна атрымала ступень доктара філасофіі ў Прынстанскім універсітэце, стажыравалася ў Міжнародным цэнтры гісторыі і сацыялогіі Другой сусветнай вайны і яе наступстваў пры Вышэйшай школе эканомікі ў Маскве.

Кніга атрымала літаратурную прэмію Эрнста Фрэнкеля, якая прысуджаецца штогод за кнігу аб Халакосце, яго кантэксце і наступствах, а таксама аб генацыдах ХХ стагоддзя.

Даследчыца спрабуе разабрацца, у якой ступені людзі прымалі, а ў якой падвяргалі сумненню і перайначвалі афіцыйную савецкую памяць пра вайну.

Аўтарка аналізуе пасляваенны пераслед і пакаранне савецкіх грамадзян, якіх абвінавацілі ў супрацоўніцтве з нацыстамі падчас вайны. Яна паказвае, як людзі шукалі справядлівасці, помсты альбо дапамогі ў суседзяў і суда.

Даследаванне складаецца з шасці частак. Аповед гісторык пачынае з паказу «спрэчнасці ўсходнееўрапейскага памежжа» да 1941 года. Далей разглядаюцца часы акупацыі і становішча пасля вызвалення ў 1944 годзе. Істотная ўвага звернутая на палітыку, якую праводзілі савецкія ўлады адносна людзей, якія жылі ў час вайны на акупаваных тэрыторыях. У асобным раздзеле аўтар дэманструе, як вайна адбілася на лёсах асобных семʼяў і людзей. Апошні раздзел прысвечаны аповеду пра тое, як у БССР адбывалася выбудова афіцыйнага погляду на вайну і акупацыю.

Гаворачы пра часы акупацыі, аўтарка адзначае, што немагчыма было існаваць такі доўгі час без кантактаў з акупацыйным рэжымам і вольна ці міжвольна некаторыя людзі рабіліся ўцягнутымі ў злачынствы нацыстаў. У рэгіёнах, дзе разгортвалася савецкая партызанская вайна, людзі сутыкаліся з патрабаваннямі не толькі з боку немцаў, але і з боку партызан.

Выканаеш патрабаванне партызанаў — цябе пакараюць немцы. Выканаеш патрабаванне немцаў — пакараюць партызаны.

Прычыны сувязі з немцамі ці партызанамі часта былі значна больш складанымі, чым іх паказваў спрошчаны савецкі і постсавецкі дыскурс.

І размова тут ідзе не толькі і не столькі пра супрацоўніцтва з акупантамі ці гераічную барацьбу супраць іх, а пра тое, які выбар маглі зрабіць і рабілі людзі ў абставінах, якія часта можна ахарактарызаваць як адсутнасць выбару, як гэты выбар паўплываў пасля на іх далейшае жыццё.

Вяртанне да «нармальнасці» адбывалася ва ўмовах, калі кожны ведаў і памятаў і рэальных злачынцаў, і ахвяр. І сярод першых, і сярод другіх былі суседзі, былыя аднакласнікі, сваякі.

Тое, як гэта памяталі людзі, не заўсёды ўпісвалася ў катэгорыі, якія навязваліся ўладамі. Людзі, што жылі пад акупацыяй, свой прагматычны выбар апраўдвалі неабходнасцю выжывання ў зададзеных абставінах.

Для паказу складанасцей пасляваеннага часу, фарміравання канона праўды пра вайну аўтар выкарыстоўвае лісты простых людзей да ўладаў.

Францыска Экселер таксама выкарыстоўвае матэрыялы пасляваенных судоў па пераследзе і пакаранні савецкіх грамадзян, абвінавачаных у вайсковым супрацоўніцтве з нацыстамі, распавядае пра выпрацоўку ў заканадаўстве вызначэння «здрады». Гісторык адзначае расплывістасць гэтага тэрміна, што давала магчымасць прызначыць аднолькавае пакаранне як паліцэйскаму, так і жанчыне, што працавала на кухні ў акупантаў, каб мець кавалак хлеба для дзяцей.

Аўтар адзначае і небяспечнасць змагання за справядлівасць, за гістарычную праўду.

Гісторык Ірына Раманава, якая звярнула ўвагу на гэту кнігу, у сваёй рэцэнзіі адзначае, што ў кантэксце апошніх падзей вельмі цікава для беларускага чытача будзе паглядзець на тое, як фарміраваліся ключавыя паняцці, у якіх належала апісваць мінулую вайну, найперш «усенародная партызанская вайна», і як адбывалася наданне паняццю «ўсенародная» выразнага этнанацыянальнага гучання.

Францыска Экселер даказвае, што ў прасякнутым антысемітызмам пасляваенным афіцыйным дыскурсе само паняцце «беларускі народ» насамрэч азначала выключэнне з афіцыйнага наратыву яўрэяў і як ахвяр, і як герояў. 

Асобны раздзел кнігі («Змоўчванне і скажэнне: жыццё з нявызначаным») якраз і прысвечаны тым, хто не трапіў у афіцыйныя наратывы, вымушаны быў маўчаць, жыць з непрагаворанай траўмай: яўрэі як героі і ахвяры, польскія партызаны з Арміі Краёвай, жанчыны-партызанкі.

Даследаванне насычанае асабістымі гісторыямі. Аўтар запісала інтэрв’ю сама ці скарысталася пакінутымі мемуарамі. Сярод яе герояў — Вольга Бембель-Дзядок, Уладзімір Хартановіч, Хася Барнштэйн-Бяліцкая, Літман Мор, Зофʼя Бжазоўская, Васіль Быкаў, Леў Аўсішчэр, Зінаіда Суворава і Уладзімір Святлоў.

Яна піша: «Іх асабістыя жыцці не перасякаліся, па меншай меры, так, як яны ведалі. Яны размаўлялі і пісалі на розных мовах — беларускай, польскай, ідыш і рускай — і вызнавалі розныя рэлігіі: праваслаўе, каталіцызм і юдаізм. Вольга Бембель-Дзядок, рускамоўная мастачка, жыла ў Мінску; Хася Барнштэйн-Бяліцкая была сацыялісткай-сіяністкай з Гродна, Уладзімір Хартановіч — беларускім нацыяналістам і камуністам з невялікай вёскі каля Налібоцкай пушчы, а Зінаіда Суворава працавала адміністратаркай у тэатры горада Оршы».

Аўтарка здолела паказаць гісторыі выжывання гэтых людзей у зададзеных абставінах. Гэта найбольш эмацыйная частка кнігі.

Ірына Раманава звяртае ўвагу яшчэ на адзін, на яе погляд, непрыемны момант для беларускага гісторыка: «Аўтарка піша для замежнага чытача, а яму ўсё яшчэ трэба даваць уводзіны ў кароткую гісторыю Беларусі. З аднаго боку — гэта зручна і правільна — чытач будзе ведаць, што папярэднічала падзеям, кантэкст і г.д. Але з іншага — гэта сведчыць пра тое, што Беларусь для заходняга чытача (а кніга з’яўляецца навуковым, а не папулярным выданнем) усё яшчэ малавядомая краіна».

Чытайце яшчэ:

Жахлівы лёс «прыпыненай рэвалюцыі» ў Беларусі — новая кніга французскага сацыёлага Ранана Эрвуэ 

Пінскія балоты і палешукі без салодкіх стэрэатыпаў

Каментары1

  • Удзячны беларус
    01.05.2023
    Вялікі дзякуй, Францыска Экслер! Вашая кніга дужа своечасовая, бо дыктатура Лукашэнкі хоча сказіць і зьнішчыць беларускую гістарычную памяць.

Пабачыўшы вайну, не ведаў, як жыць далей. Маналог беларускі, якая перажыла суіцыд мужа1

Здароўеяк дапамагчы тым, у каго пайшоў блізкі?1

Пабачыўшы вайну, не ведаў, як жыць далей. Маналог беларускі, якая перажыла суіцыд мужа

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін фактычна запрасіў Лукашэнку на свой дзень народзінаў5

Арына Сабаленка вылецела з турніру ў Пекіне4

У мінскіх кватэрах сталі ўключаць ацяпленне

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі трэба паставіць помнік карове12

Футбаліста, які праламаў нагой патрыятычны банэр, дыскваліфікавалі на адну гульню

Цэслер расказаў, чым адметны яго боршч10

Бажэна Ярэміч пахвалілася, што Нацыянальная школа прыгажосці вучыць будучых настаўнікаў стылю1

У Лоеве сілавікі затрымалі мужчыну, які нібыта фатаграфаваў вайскоўцаў

Узарвалі аўтамабіль з начальнікам аховы Запарожскай АЭС1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пабачыўшы вайну, не ведаў, як жыць далей. Маналог беларускі, якая перажыла суіцыд мужа1

Здароўеяк дапамагчы тым, у каго пайшоў блізкі?1

Пабачыўшы вайну, не ведаў, як жыць далей. Маналог беларускі, якая перажыла суіцыд мужа

Галоўнае
Усе навіны →