«Аператыўна рэагаваць на дэструктыўныя працэсы ў СМІ». Дэпутаты зноў рыхтуюць змены ў закон аб медыя
«СМІ —гэта зброя, а значыць, і «боекамплекты» павінны быць наточаныя», — выказалася дэпутатка Ананіч.
Пасяджэнне пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах СМІ адбылося 6 красавіка. З інфармацыяй пра неабходнасць паправак у дзейны закон аб СМІ выступіла дэпутатка Лілія Ананіч.
Яна адзначае, што новыя папраўкі «істотна пашыраюць магчымасці рэгулятара адэкватна і аператыўна рэагаваць на дэструктыўныя працэсы ў СМІ і інтэрнэт-прасторы».
«Істотныя навацыі прапануюцца і ў плане сіметрычнага адказу на магчымыя выпады недружалюбных краін у дачыненні да беларускіх медыя, а таксама ў рэгуляванні функцыянавання навінных агрэгатараў, якія карыстаюцца папулярнасцю. Калі СМІ, інтэрнэт-рэсурсы — зброя, а гэта так, значыць, і «боекамплекты» з усёй інфраструктурай павінны быць наточаныя па апошнім слове права», — выказалася яна.
Якія папраўкі рыхтуюцца, не ўдакладняецца.
Адзначаецца толькі, што закон прыводзіцца ў адпаведнасць з правапрымяняльнай практыкай, а таксама нормамі абноўленай Канстытуцыі і актамі Лукашэнкі, якія закранаюць праваадносіны ў інфармацыйнай сферы.
У 2021 годзе закон аб СМІ ўжо зрабілі больш жорсткім. Тады журналістам забаранілі весці анлайн-трансляцыі пратэстаў супраць улады, увялі дадатковыя падставы блакаваць медыя, увялі новыя абмежаванні для распаўсюджвання інфармацыі (напрыклад, забаранілі медыя публікаваць вынікі апытанняў).
У апошнія гады былі прынятыя папраўкі і ў іншыя законы, якія абмежавалі дзейнасць СМІ. Так, забаранілі заклікі да санкцый, якія ўлады трактуюць адвольна, распаўсюджванне персанальных даных чыноўнікаў.
За кратамі цяпер, па падліках Беларускай асацыяцыі журналістаў, 35 супрацоўнікаў медыя.
Каментары