Грамадства99

Бацька — прапагандыст, партнёр — камуніст Лазуткін. Хто такая Дзіяна Шыбкоўская з «Мінскай праўды»

Адна з найбольш заўважных прапагандыстак скандальнага выдання «Мінская праўда» — Дзіяна Шыбкоўская. «Свабода» расказвае, што пра яе вядома.

Прапагандыстка «Мінскай праўды» Дзіяна Шыбкоўская. Калаж: «Радыё Свабода»

Газета «Мінская праўда» да апошняга часу была малазаўважная ў шэрагу іншай дзяржаўнай прэсы. Пісала пра жыццё ў Мінскай вобласці: пасяўная, надоі, лён-даўгунец.

Сітуацыя карэнным чынам змянілася ў 2020 годзе, калі галоўнай рэдактаркай выдання стала Ларыса Коршун, якая да гэтага працавала ў дзяржынскай раёнцы «Узвышша».

Коршун адразу паспрабавала пераўтварыць «Мінскую праўду» ў яркі таблоід. Нічога іншага, як здабываць сабе папулярнасць на цкаванні апазіцыі, беларускай мовы, нацыянальных сімвалаў і гістарычных постацяў, у газеце не прыдумалі. «Мінская праўда» атрымала вядомасць дзякуючы крынжовым карыкатурам на першай старонцы аўтарства віцьбіча Антона Астроўскага.

Напрыклад, Астроўскі маляваў Бабарыку і Цапкалу ў выглядзе расійскага двухгаловага арла, калі адносіны з Расіяй перад выбарамі 2020 года былі не самыя бясхмарныя. Людзей, якія выходзілі на пратэст, паказвалі як пацукоў, свіней, прастытутак ці прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.

Скандальным стаў выпадак, калі на першай старонцы выдання былі намаляваныя ксяндзы са свастыкамі. Тагачасны міністр замежных спраў Уладзімір Макей у выніку нават мусіў апраўдвацца перад папскім нунцыем.

Газета жыве не толькі карцінкамі, але і тэкстамі. Адна з найбольш заўважных прапагандыстак выдання — Дзіяна Шыбкоўская. Што пра яе вядома?

Дзіяна Шыбкоўская. Скрын відэа

Бацька таксама бараніў Лукашэнку

Дзіяне Шыбкоўскай 42 гады. У інтэрв'ю яна падкрэслівае, што нарадзілася 31 мая, у Міжнародны дзень бландзінак. Шыбкоўская родам з Мінска, скончыла журфак БДУ.

Бацька Дзіяны Шыбкоўскай — вядомы ў 1990-я прапагандыст Юры Дудзінаў. У свой час ён папрацаваў на БТ, а таксама вёў на дзяржаўным радыё перадачу «Размова па сутнасці» з Нінай Чайкай.

«Ёсць два-тры журналісты — Аляксандар Зімоўскі на тэлебачанні, Ніна Чайка і Юры Дудзінаў на радыё, — якія яшчэ спрабуюць адстойваць і тлумачыць народу палітыку Лукашэнкі», — пісала ў 2001 годзе расійскае выданне «Завтра» (рэдактар — сталініст Аляксандар Праханаў).

Карані сям’і Шыбкоўскіх — з Расіі. Пра гэта Дзіяна расказвала ў адным з інтэрв'ю. «Любімы расійскі горад — гэта Курск, сяло Стралецкае, дзе нарадзіліся і пахаваныя многія з маіх продкаў, там да гэтай пары жывуць мае сваякі. Люблю Маскву за тое, што гэты горад падараваў мне незабыўную сустрэчу і вялікае каханне, якое накіравала маё жыццё па новым курсе. Люблю Піцер — тут жывуць мае сябры дзяцінства. Я люблю Расію, хоць і нарадзілася на беларускай зямлі. Гэтак жа, як і Беларусь, я лічу Расію сваёй Радзімай. Для мяне такое натуральна, як для дзіцяці мець дваіх бацькоў».

«Румол» і георгіеўскія стужкі

Прапагандыстка працавала на інфармацыйнае агенцтва «Интерфакс-Запад», газету «7 дней», расійскі сайт «Спутник».

«Мне падабаецца быць актыўнай, занятай і рашаць мноства пытанняў. Я шчаслівая, калі раблю нешта важнае, сацыяльна карыснае, калі дазнаюся нешта новае», — пісала яна пра сябе ў газеце «7 дней», якую выдае дзяржаўнае агенцтва БелТА. Шыбкоўская прызнавалася, што хацела пісаць пра палітыку, але рэдактар не даў з фармулёўкай: «Ты ж бландзінка». Таму і даводзілася пісаць пра культуру і сацыялку.

Цягу да палітычнай публіцыстыкі Дзіяна Шыбкоўская задавальняла публікацыямі на сайце беларускага аддзялення арганізацыі «Русь молодая» (Румол). У прыватнасці, там яна пісала пра тое, як беларускія апазіцыянеры рыхтуюцца ва Украіне да паўтарэння Майдану, пра беларусаў, якія заваёўвалі медалі па расійскіх шашках, пра сітуацыі ў Сербіі і Арменіі.

Шыбкоўская і сама брала актыўны ўдзел у жыцці арганізацыі «Румол». 9 мая 2015 года яна піша: «Раздалі з «Русью молодой» георгіеўскія стужкі каля ГУМа. Народ навальваўся з усіх бакоў. 400 стужак раздалі за 20 хвілін». Засталіся фотаздымкі, дзе Шыбкоўская разам з іншымі актывістамі «Румола» пазіруе пасля спаборніцтваў па «рускім жыме». Сярод тых, хто засвяціўся на фота, ёсць Канстанцін Бурыкін, вядомы як «бацюшка са свастыкай». Лідар арганізацыі «Румол» Сяргей Лушч стаў вядомы, сярод іншага, тым, што доўгі час быў прыхільнікам неапаганскай і неанацысцкай секты «Схрон Еж Славен».

Потым адначасова з працай у выданні «7 дней» Шыбкоўская пачала пісаць для расійскіх сайтаў «Imhoclub» — беларускай часткай там тады займаўся прарасійскі публіцыст Аляксей Дзермант, а таксама «Евразия.Эксперт». У гэты час выкладала сумесныя здымкі з адным з ідэолагаў «русского мира» Мікалаем Старыкавым.

«Пашпарт Гомельскай вобласці» і Арменія

Калі ў 2014 годзе пачаліся падзеі ва Украіне, Шыбкоўская на сваіх старонках у сацыяльных сетках актыўна падтрымлівала прарасійскіх баевікоў у Данецку і Луганску. У верасні 2014 года яна выклала здымак з «пашпартамі Гомельскай вобласці» і подпісам: «Як вам?».

У сацсетцы «УКантакце» Шыбкоўская актыўна рэпосціла з такіх рэсурсаў, як «Украины больше нет», «Новости ополчения Новороссии», «Мы патриоты Белой Руси».

Ад мая 2016 года Дзіяна Шыбкоўская стала галоўным рэдактарам у выданні армянскай дыяспары Беларусі «Міясін». Пры гэтым ніякіх армянскіх каранёў яна не мае. Журналістка кажа, што аднойчы прыйшла на курсы армянскай мовы для дарослых, дзе пазнаёмілася з людзьмі, якія ў будучыні і прапануюць узначаліць выданне. У адным з ранніх інтэрв'ю Дзіяна Шыбкоўская казала, што ў будучыні марыць стаць экспертам у тэме краін Каўказа, але пакуль да гэтай мэты не наблізілася.

«Прысуд Семчанку заслужаны»

У «Мінскай праўдзе» Шыбкоўская змагла пісаць пра палітыку ў сваім разуменні. Цяпер яна актыўна публікуе тэксты пра завочныя суды над апазіцыйнымі палітыкамі — такімі, як Святлана Ціханоўская, Валер Цапкала, Павел Латушка. Наведвае і суды над палітзняволенымі, была на агучванні прысуду Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай з Tut.by.

«Прысуд заслужаны. Увогуле беларускія суды выносяць аб’ектыўныя рашэнні», — сказала Шыбкоўская аб прысудзе былому журналісту АНТ Дзмітрыю Семчанку, які раней быў кіраўніком лукашэнкаўскага пулу журналістаў. Сама Шыбкоўская да пулу далучылася нядаўна і асвятляе толькі візіты Лукашэнкі ў Мінскую вобласць.

Вось цытата з яе артыкула «Палітычны паўраспад апазіцыі. Куды зніклі змагары зямлі беларускай?»: «У мяне была магчымасьць разгледзець Андрэя Дзмітрыева як след. І я чыста па-жаночаму звярнула ўвагу, як неахайна ён быў апрануты. Катышкі на замытай байцы, ірваны заплечнік, з якім сорамна з'яўляцца на публіцы любому грамадскаму дзеячу. Калі праз пару гадоў я ўбачыла Дзмітрыева ў ліку кандыдатаў у прэзідэнты, у думках усплыў той вобраз з драным заплечнікам на плячы. Як алегорыя таго, у што можа ператварыцца мая Беларусь, калі да ўлады прыйдзе палітык, які і за сабой не здольны даглядаць і элементарна не можа прывесці сябе ў парадак».

Не так даўно Дзіяна Шыбкоўская паспрабавала сябе ў ролі ютуб-блогера. Яна спадзявалася пачаць серыю гутарак пад назвай «ЗаШИБись». Першым госцем стаў вядучы СТБ Рыгор Азаронак. Сама Шыбкоўская сказала, што добра сябравалі яшчэ іх бацькі, а цяпер сябруюць і яны самі. Відэа правісела на ютубе ўсяго некалькі дзён, а потым знікла праз парушэнне стандартаў платформы.

У сужыцельстве з Андрэем Лазуткіным

Што тычыцца асабістага жыцця, то не так даўно ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1» у праграме «Скажинемолчи» прагучала, што «грамадзянскі муж» Шыбкоўскай — праўладны палітолаг, былы супрацоўнік Міністэрства адукацыі 31-гадовы Андрэй Лазуткін. Сумесныя фотаздымкі з Лазуткіным Шыбкоўская пастаянна публікуе на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Лазуткін — сябра Камуністычнай партыі Беларусі, вядомы сваімі выказваннямі з адмаўленнем таго, што ў Курапатах людзей расстрэльвалі савецкія ўлады. Таксама ён аўтар некалькіх рускамоўных кніг прозы, выданню першых кніг Лазуткіна спрыяў у тым ліку ліквідаваны цяпер ўладамі Беларускі ПЭН-Цэнтр.

Ад першага шлюбу ў Дзіяны Шыбкоўскай ёсць 18-гадовая дачка Мілана. Цяпер яна студэнтка Тэхналагічнага каледжа. Дзяўчына навучалася ў Нацыянальнай школе прыгажосці. Працавала мадэллю на многіх дзяржаўных мерапрыемствах. «Нядаўна яна мне заявіла, што таксама камуністка», — казала Шыбкоўская пра дачку.

Каментары9

  • I
    05.04.2023
    [Рэд. выдалена]
  • Юрий
    05.04.2023
    Какое прилагательное про персонаж не напишешь все будет
  • Burda moden
    05.04.2023
    У Лазуткіна, выявілася, выкшталцоны густ. ) Хто сумняваўся.

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты11

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Усе навіны →
Усе навіны

ФІФА «аддала» Крым Расіі падчас лёсавання кваліфікацыі ЧС-20261

Дачцэ Сяргея Далідовіча дазволілі выступаць на Кубку свету па біятлоне за каманду ўцекачоў з Беларусі

Парламент Грузіі прыняў закон аб забароне масак на пратэстах1

У футбольным сімулятары ад Раналду ёсць беларуская мова4

«Бедненька, але чысценька. А народ знешне не адрозніць ад нас». Расійскі чыноўнік з'ездзіў у Гомель і засумняваўся ў Маскве6

Вызначыліся супернікі зборнай Беларусі ў адборачным турніры да ЧС-20263

Латушка — камандзе Бабарыкі: Большасць выступае за тое, каб працягваць ціск31

У Мінпрацы расказалі, як зрабіць сабе 3 студзеня выходным днём

Грамадзяніна Расіі Дзмітрыя Лукашэнку затрымалі ў Маскве за наркотыкі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты11

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Галоўнае
Усе навіны →