Грамадства1111

«Гэта ж проста ерась!» Прапагандысты сабраліся на СТВ абгаварыць фэйкі, і пакацілася

Прагляд беларускага ТВ небяспечны для псіхічнага здароўя, не кожны вытрымае. Паглядзелі для вас апошняе ток-шоу «По существу» на СТВ. 

Кіраўніца БелТА Ірына Акуловіч наракала, што паведамленні агенцтва і афіцыйных дзяржаўных органаў часта вырываюцца з кантэксту. 

«Будуць трактаваць так, як будзе выгадна. Мы з вамі выдатна разумеем і ведаем, што ёсць насамрэч, але паглядзіце: уся інфармацыя апошнія гады, якая ішла па любой лініі, звязанай з нашымі вайскоўцамі, з нашым войскам, абрастала масай фэйкаў. Для чаго гэта трэба? Фарміруецца канкрэтны вобраз Беларусі як удзельніка спецыяльнай ваеннай аперацыі», — кажа Акуловіч у перадачы ў панядзелак. 

Не пашанцавала Акуловіч. Толькі выйшлі ў эфір, як на наступны дзень, у аўторак, сам Лукашэнка прызнаў, што Беларусь сапраўды бярэ ўдзел у «спецыяльнай ваеннай аперацыі» (прыдуманы ўладамі Расіі эўфемізм, каб не казаць «вайна») супраць Украіны. 

Потым слова ўзяла Інга Сячко, выкладчык Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. На яе думку, нейкія знешнія сілы хочуць «запраграмаваць нашу свядомасць на патрэбныя ім дзеянні і на разбурэнне, напрыклад, нашай краіны, здароўя, нашай псіхікі, на тое, каб мы адзін на аднаго нападалі». 

І тут госці праграмы адразу згадалі Украіну: там «за вялікія грошы» робяць прафесійныя і спланаваныя інфармацыйна-псіхалагічныя спецаперацыі. 

«Ва Украіне ёсць цэнтр інфармацыйна-псіхалагічных спецаперацый. Яны нейкім чынам фантазійна, не фантазійна нешта прыдумляюць і рэгулююць… Арастовіч — чалавек, які сядзіць, проста нясе нейкую пургу, і яму вераць…» — кажа вядучы Кірыл Казакоў. 

«Кірыл Уладзіміравіч, я не ведаю людзей, якія яму вераць, адразу кажу», — Акуловіч не прамінула магчымасці даказаць добранадзейнасць свайго кола. Гэта ніколі не лішне, калі твой былы галоўны ідэолаг Сяргей Адзярыха — цяпер палітзняволены. 

Далей вядучыя паклікалі «эксперта па фэйках». Праўда экспертам яны выбралі чалавека, які не развенчвае фэйкі, а, наадварот, генеруе іх — расійскага пранкера «Лексуса», які вядомы сваімі пранкамі супраць заходніх палітыкаў і, магчыма, працуе на расійскія спецслужбы. 

«Мая задача — хлусіць, каб атрымаць тую інфармацыю, якая з'яўляецца грамадска значнай», — расказвае пранкер, які ніколі не разыгрывае расійскіх топ-чыноўнікаў. 

«Нельга верыць усяму, што на 100 %, таму што кожную інфармацыю трэба правяраць на прадмет таго, каму гэта выгадна», — кажа «праўдаруб» «Лексус» у найлепшых традыцыях постпраўды і рэлятывізму. 

«Нельга апошні час усё ўспрымаць за чыстую манету. Трэба заўсёды ставіцца да любой інфармацыі крытычна. І, вядома, разумець, каму тое ці іншае дзеянне або тая ці іншая фраза выгадныя», — кажа пранкер, імкнучыся пераканаць, што праўды нідзе няма, хлусяць усе, а таму праўды не трэба нават шукаць. 

Слова зноў узяла Акуловіч. 

«Гэта ж проста ерась! Я слухала і думала: дзе гэтая мера адказнасці міністра замежных спраў? Канкрэтны фэйк, мы ж гэта разумеем. Але ўсе цытуюць. Я хацела зразумець: будзе калісьці перад кімсьці за гэта адказваць? Не, і выдатна ведае гэта», — абуралася Акуловіч. Хтосьці мог падумаць, што яна пра абяцанні Макея, што расійскія войскі будуць выведзеныя з Беларусі пасля вучэнняў, а яны замест гэтага напалі на Украіну. Але не — гэта пра кіраўніцу МЗС Германіі Бербак. 

Далей прапагандысты загаварылі пра блогераў. Яны імкнуліся зразумець, як жа працуюць блогеры і лідары грамадскіх меркаванняў у дэмакратычных краінах. Паколькі гэтая субстанцыя ім незразумелая, яны прыйшлі да простай высновы — за кожным блогерам у дэмакратычнай краіне насамрэч стаяць спецслужбы і сілавыя структуры.

«Праціўнік гэтую тэхналогію абкатаў і выкарыстоўвае. Усе тыя, хто з'яўляецца ў экране на тым баку планеты, гэта ўсё людзі, якія пэўным чынам злучаныя, яны фінансуюцца, яны задзейнічаюцца ў розных праектах, яны прапампоўваюцца пэўнай інфармацыяй», — робіць выснову «грамадскі дзеяч» Станіслаў Яскевіч. 

«Мы пачалі пытанне пра цэнзуру. Можа, нам і журналістыку апрануць у пагоны, каб яны таксама былі служывымі і разумелі, да чаго прыводзіць іх слова?» — прапанаваў вядучы Казакоў. 

«Мне здаецца, мы ўжо мабілізаваныя», — супакоіла яго Акуловіч.

Галоўная думка, якая лунала ўвесь час сярод прапагандыстаў, была ў тым, што ні ў якім разе нельга спісваць тэлебачанне, нельга змяншаць яго бюджэт, а інтэрнэт — чужое поле для ўлады, вельмі ненадзейнае. 

Анатоль Булаўка, намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА па ідэалагічнай рабоце, абараняў тэлебачанне так:

«Нельга зацыклівацца на чымсьці. Вось інтэрнэт. Добра. Пытанняў няма. Але трэба разумець, што інтэрнэт — не наша пляцоўка. Гэта наша барацьба ў інтэрнэце, але на чужым полі. Другі момант. Чаму спісваем тэлебачанне?» — кажа Булаўка. 

Але потым ён адразу пераключыўся на іншую тэму:

«Я сёння за кулісамі казаў, што мяне абурыла. Езджу праз сталіцу нашай дзяржавы, праязджаю міма Палаца Рэспублікі — вялізны экран, прыгожы, яркі. Спыніўся ў заторы, паглядзеў — убачыў дзяўчыну ў станіку Milavitsa… Я не ўбачыў там лозунга «Хвала рукам, што пахнуць хлебам», — сказаў ідэолаг. 

А кіраўнік СТВ Аляксандр Асенка імкнуўся давесці ці то гледачам, ці то галоўнаму гледачу (а нельга выключаць, што такія праграмы адзін глядач і глядзіць), што ягоная дзялянка прапаганды працуе спраўна. 

«Мы бачым, што і ў нас аўдыторыя расце. Скажам так, калектыўны Захад адразу вядзе атакі, яны не хочуць прапускаць нас. Яны разумеюць, што ў нас праўда, і яны проста нас блочаць, і выразаюць нашых блогераў, нашых аўтараў, але мы ўсё роўна ў гэтым плане будзем працаваць», — кажа Асенка. 

«Так, можа, сапраўды трэба ўвесці цэнзуру? Вернемся ў мінулае, у Савецкі Саюз. Там была першая і другая праграма тэлебачання, радыёкропка, газета «Праўда». Мы атрымлівалі праўдзівую інфармацыю з добрых фільмаў, добрых савецкіх мульцікаў. І дакладна ведалі, што Ігар Кірылаў, калі выйдзе на экран, ён не схлусіць», — разважаў вядучы Казакоў.

Так, у Савецкім Саюзе ўжо не хлусілі дык не хлусілі — і пра Чарнобыль не хлусілі, і пра вайну ў Афганістане не хлусілі, і пра стан эканомікі. Не хлусілі, не хлусілі, аж пакуль раптам усё ўраз развалілася. 

Каментары11

  • хх
    05.10.2022
    а хто гэта на фота ў белых тапках?
  • Гігіея, дачка Асклепія й Эпіёны
    05.10.2022
    Спадар аўтар, мае вам спачуваньні, і як вы толькі гэта вытрымалі, такі прагляд. Не рабіце так болей, усе й так ведаюць, чым патыхае БТ. Кульніце чарачку "Дзікай вуткі" і забудзьце ўсё тое, як страшны сон. :)
  • Железный Дровосек
    05.10.2022
    Ааааааааааааа,да это же какой-то кукольный театр!
    Эй,ребзики пропагандонские,вы б на себя со стороны посмотрели —натурально,как идиоты,которых ножницами вырезали из работницы и сялянки смотритесь. Какой-то пузырь у белых тапках, тетки с перекошенными от вечного вранья глазами, несущий брехню,в которую даже сам не верит,замполит,заскорузлое ,как засохшие сопли совковое сюсюканье—и вы хотите,чтоб вас кто-то смотрел???
    Не,ну приплюснутому колхознику норм будет,но вы что—ради ЭТОГО свой талант угробили? Серьезно?
    А Квартиры все равно придётся отдать—никуда не денетесь,но это уж ...законы жанра, чего тут.

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем6

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

У Беларусі сёлета глядзелі порна з мілфамі, а ў Расіі — анальны сэкс26

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ15

«Быццам наш горад, і не наш». Расійская нацыяналістка пабывала ў Гродне і не хавае абурэння40

Макрон збіраецца ў Польшчу для абмеркавання планаў міратворчай місіі ва Украіне5

«Афіцыйная пазіцыя камітэта — мы нікога не мяняем». Прадстаўнік КДБ расказаў пра перспектывы абмену зняволенымі10

Спецпрадстаўнік МЗС Польшчы па Беларусі не лічыць працэс атрымання польскіх візаў складаным і дарагім8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем6

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Галоўнае
Усе навіны →