Wargaming уклаўся ў куплю 100 кватэр у Літве. І, імаверна, зарабляе на іх продажы і арэндзе
Wargaming зарабляе ў Літве не толькі на гульнях, але і на здзелках з нерухомасцю. Паводле літоўскіх медыя і экспертаў рынку, за тры гады кампанія ўклалася ў куплю не менш за 100 кватэр у Вільні.
Жыллё набывалася для супрацоўнікаў, але пасля частка кватэр аказалася на адкрытым рынку для пакупкі і арэнды, піша Devby.io.
Што вядома
Паводле інфармацыі выдання Verslo žinios, Wargaming Group Limited валодае зарэгістраванай у Літве кампаніяй Equinox Estate. Яна займаецца здзелкамі ў сферы нерухомасці.
Літоўскія медыя паведамляюць, што Equinox Estate у 2021 годзе выкупіла 76 кватэр у жылым комплексе Tower на праспекце Канстытуцыі ў Вільні. Сярэдняя плошча кватэры перавышала 90 кв. метраў, а кошт адной кватэры складаў каля 300 тысяч еўра. Паводле ацэнак экспертаў, агульная сума ўгоды магла скласці каля 20 млн еўра.
Пазней Equinox Estate прадала частку кватэр у Tower. Хто быў пакупніком — супрацоўнікі Wargaming або жыхары Вільні, якія не маюць дачынення да кампаніі — не ўдакладняецца. Таксама не гаворыцца, па якой цане былі прададзеныя кватэры і ці змагла кампанія зарабіць на гэтым.
Equinox Estate кіруе 56 кватэрамі ў ЖК Tower, якія здаюцца ў арэнду. Усяго пад кіраваннем кампаніі знаходзіцца 100 кватэр, а таксама іншыя аб'екты, у тым ліку падземныя парковачныя месцы.
Навошта Wargaming інвестуе ў няпрофільны бізнэс
Рэзкі рост колькасці замежнікаў, у тым ліку беларусаў, прывёў да росту попыту на нерухомасць і росту коштаў на арэнду ў Літве. Таму ва ўмовах дэфіцыту прапановы Wargaming вырашыў дапамагчы сваім супрацоўнікам-рэлакантам і ўклаўся ў куплю нерухомасці — адзначаюць эксперты рынку нерухомасці, з якімі пагутарыў devby.
Пасля частка набытых кватэр апынуліся на адкрытым рынку ў якасці аб'ектаў для продажу або арэнды. Эксперты мяркуюць, што гэта было часткай інвестыцыйнай стратэгіі Wargaming.
Кіраўнік аддзела даследаванняў кампаніі Ober-Haus Раймондас Рэгініс у каментары Verslo žinios падкрэсліў, што гэта добры спосаб атрымліваць стабільны даход. Паводле яго слоў, аналіз партфеля кажа пра тое, што Wargaming не толькі імкнецца забяспечыць жыллём сваіх супрацоўнікаў, але таксама бачыць інвестыцыйныя магчымасці на рынку нерухомасці.
На думку эксперта, Wargaming праз Equinox Estate выкарыстоўвае гібрыдны фармат інвеставання ў нерухомасць. Ён дазваляе гнутка рэагаваць як на патрэбы супрацоўнікаў, так і на сітуацыю на рынку.
Аналагічным чынам, але ў меншай ступені, на рынку дзейнічаюць і кампаніі з іншых галін-набываючы жылыя дамы або камерцыйныя памяшкання і прыстасоўваючы іх да патрэбаў сваіх супрацоўнікаў. Калі ўнутранага попыту няма, нерухомасць можна здаць у арэнду або прадаць на рынку.
Ці будзе Wargaming і далей укладвацца ў жылую нерухомасць?
На думку эксперта ў сферы нерухомасці, гэта будзе залежаць ад стратэгіі развіцця літоўскага офіса кампаніі.
— Колькасць спецыялістаў у Wargaming і некаторых іншых беларускіх ІТ-кампаніях скарачаецца. Сітуацыя з доўгатэрміновай прысутнасцю беларусаў у Літве пагоршылася праз шэраг прычын: спыненне дзеяння ДНЖ і цяжкасці з іх атрыманнем, увядзенне забароны для аўтамабіляў з беларускімі нумарамі і г. д.
Некаторыя беларусы ўжо мяняюць Літву на Польшчу ці Германію. І попыт на валоданне жыллём зніжаецца.
Пры наяўнасці значнай колькасці каштоўных спецыялістаў, якія захочуць пастаянна жыць і працаваць у Літве, у Wargaming будуць падставы захаваць неабходны партфель актываў.
Калі колькасць супрацоўнікаў працягне скарачацца, то наяўнасць такога партфеля для Wargaming як частка аперацыйнай стратэгіі можа аказацца занадта дарагім і немэтазгодным.
Літоўская каманда Wargaming скарачаецца з пачатку года. Калі на пачатак студзеня ў кампаніі было зарэгістравана 914 спецыялістаў, то на сёння — 865 (мінус 5,5%).
Акрамя пытанняў, звязаных легалізацыяй, яшчэ адна з магчымых прычын скарачэння штату — аптымізацыя выдаткаў на персанал.
Тым не менш Wargaming працягвае наймаць новых супрацоўнікаў у літоўскі офіс. На сайце кампаніі на дадзены момант размешчана 16 вакансій для працы ў Літве. Кампаніі патрэбныя распрацоўшчыкі, дызайнеры, інжынеры.
У чэрвені Wargaming стала лідарам па ўзроўні сярэдніх заробкаў сярод літоўскіх ІТ-кампаній з беларускімі каранямі. Плата брута перасягнула 12 тысяч еўра — гэта ў 2-2,5 разы вышэй, чым у іншых, імаверна, такая высокая плата звязана з выплатай гадавых бонусаў. Адзначым, што ў Wargaming вялікая разбежка па заробку ў залежнасці ад узроўню спецыяліста. Самы маленькі заробак «брудным» — 3 тысячы еўра, самы вялікі — 10 тысяч еўра напрыклад, на высокі заробак можа разлічваць Senior Infrastructure Engineer (Kubernetes).
Каментары