Пасля «ліквідацыі тэрарыста» ў Гродне затрымана пяць чалавек. Сярод іх — Алена і Аляксандр Касцевічы, уладальніца кватэры, у якой прайшла «ліквідацыя», і яе сын. Па тэлебачанні іх назвалі «заўзятымі прыхільнікамі перамен». 22 сакавіка пра іх выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Рэдакцыя Hrodna.life даведалася, што пра іх вядома.
Алену Касцевіч у сюжэце СТБ назвалі пенсіянеркай. Яна не ведала, хто арандаваў кватэру.
Аляксандр займаўся здачай кватэры ў арэнду, быў старшынёй жыллёвага кааператыва. У сюжэце адзначылі, што мужчыну затрымлівалі падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе. Паводле інфармацыі суседзяў, ён вывешваў бчб-сцяг у 2020 годзе і «вызначыўся пратэснымі настроямі». Адзін сусед назваў яго ў інтэрв'ю дзяржТБ «бээнэфаўцам».
Канфліктаў з суседзямі Аляксандр не меў, быў ветлівым, лічаць яго прыяцелі. Ён перастаў выходзіць на сувязь 19 сакавіка.
У сюжэце паказалі скрыншоты са старонкі «УКантакце» мужчыны. Там была спасылка на платформу «Голас», якую стварылі ў 2020 годзе для кантролю за сумленнасцю выбараў і для альтэрнатыўнага падліку галасоў. На аватарцы — аўстрыйскі чырвона-бела-чырвоны сцяг. На старонцы відаць, што Аляксандр падпісваў петыцыі аб экалагічнай сітуацыі ў Беларусі.
«Патрыёт, але не актывіст»
Аляксандру 35 гадоў. Ён вучыўся ў ліцэі № 1 Гродна, пазней — у БНТУ. У яго — жонка і маленькае дзіця. Аляксандр удзельнічаў у байдарачным марафоне, распавялі яго прыяцелі. Ён «звычайны хлопец, добры сем'янін, патрыёт, але не палітычны актывіст ні разу, цалкам тыповы чалавек нашага ўзросту з добрай сям'і».
«Падстаў падазраваць [у садзейнічанні тэрарысту] няма, улічваючы сумніўнасць усёй гісторыі», — лічыць яго прыяцель.
Што цяпер з затрыманымі, невядома.
«Мярзотнікі»
Пра затрыманых падчас візіту ў Хатынь выказаўся і Лукашэнка. «Людзі нас інфармавалі на гэты выпадак. Акрамя гэтых мярзотнікаў, якія на кватэру ўзялі. Яны цяпер там сядзяць у засценках, мы з імі працуем. Гэта жудасныя бэчэбэшнікі. Чаму так атрымліваецца, што ўсе тэрарысты асядаюць у гэтых кватэрах. І яны «ні пры чым, «яны» нічога не ведаюць»».
Па справе дапыталі 14 чалавек, пяць з іх — у ізалятары. Хто яшчэ затрыманы, акрамя маці і сына, невядома. Распачата крымінальная справа паводле арт. 289 КК «Акт тэрарызму».
«Байпол» лічыць падзеі ў Гродне інсцэніроўкай. І называе імя меркаванага «тэрарыста»
ДзяржСМІ паказалі падроблены пашпарт забітага ў Гродне. Распавядаем, каму ён належаў і як робяцца такія дакументы
Па ТБ расказалі падрабязнасці таго, як «Ламакін» курсіраваў па Беларусі і як яго нібыта бралі кадэбісты
МУС шукае каля 1000 чалавек за «экстрэмісцкія злачынствы». Але «не больш»
Каментары