У Беларусі з дапамогаю Кітая хочуць пабудаваць найбуйнейшы свінагадоўчы комплекс
Беларусь разлічвае ў 2023 годзе амаль у два разы нарасціць абʼёмы паставак прадуктаў харчавання ў Кітай, а таксама пабудаваць некалькі прадпрыемстваў. Пра гэта ў Пекіне расказаў журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, перадае карэспандэнт БелТА.
У Мінскай вобласці, у прыватнасці, плануюць пабудаваць найбуйнейшы ў Беларусі свінагадоўчы комплекс — на 300 тысяч галоў.
Міністр разлічвае, што прадукцыя свінакомплекса будзе пастаўляцца ў Кітай. «У нас зараз у Беларусі ўтрымліваецца каля 2,8 млн галоў свіней. Мы забяспечваем паўнавартаснае харчаванне сваіх людзей. Ніякай вялікай ролі экспарт у КНР з гэтага буйнога свінакомплекса для нашых спажыўцоў не адыграе. Гэта, наадварот, будзе добрая валютная выручка», — сказаў міністр.
Акрамя таго, паводле Брыло, плануецца мадэрнізаваць мясную жывёлагадоўлю на базе Магілёўскай вобласці. «Будзе будавацца каля тысячы легкаважных падстрэшкаў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы парод абердзін-ангуская або лімузін. Пакуль прыярытэт кітайцаў стаіць на абердзін-ангускай», — сказаў Ігар Брыло.
Трэці напрамак, паводле Брыло, — развіццё Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі і будаўніцтва «БНБК-3». Гэта арганізацыя вытворчасці вітамінаў, амінакіслот, прадуктаў крухмальнай, глюкознай вытворчасці. Гэта дасць магчымасць наладзіць выпуск новых як для Беларусі, піша БелТА, так і для ўсіх краін СНД прадуктаў: вітамінаў (В2, В12, С) і новых відаў амінакіслот.
Па выніках 2022 года Беларусь паставіла ў Кітай прадуктаў харчавання на суму звыш $500 млн. «Гэта рост больш як на 40 працэнтаў. Але гэта ўсё адно не тыя лічбы. Кітай — вялізная краіна. І хоць мы шэсць апошніх гадоў істотна дабаўляем, але гэта ўсё роўна не тыя лічбы. На гэты год мы паставілі амбіцыйную задачу падысці да $900 млн. Думаю, мы з ёй справімся», — заявіў кіраўнік Мінсельгасхарча.
Каментары