Трамп заявіў, што вайскоўцы ведаюць, адкуль вылятаюць дроны, але з нейкай прычыны маўчаць
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што з-за «неапазнаных беспілотнікаў» ён не паедзе на сваё поле для гольфа ў Нью-Джэрсі.
«Яны вельмі, вельмі блізка да Бэдмінстара. Думаю, я, магчыма, не правяду выходныя ў Бэдмінстары. Я вырашыў адмяніць сваю паездку», — сказаў Трамп журналістам на прэс-канферэнцыі ў сваёй рэзідэнцыі ў Мар-а-Лага.
«Нашы вайскоўцы ведаюць, і дзейны прэзідэнт ведае, адкуль узяліся гэтыя дроны, але з нейкай прычыны яны хочуць трымаць людзей у напружанні», — заявіў абраны прэзідэнт ЗША.
Раней у двух амерыканскіх штатах зафіксавалі з'яўленне мноства невядомых беспілотнікаў над аб'ектамі інфраструктуры і аб'ектамі вайсковага прызначэння.
Дональд Трамп у сацсетцы Truth Social заклікаў збіваць гэтыя беспілотнікі.
«Па ўсёй краіне заўважаныя таямнічыя дроны. Няўжо гэта адбываецца без ведама нашага ўрада? Я так не думаю! Паведаміце грамадскасці, і неадкладна. У адваротным выпадку збівайце іх!» — напісаў ён.
Тым часам у Белым доме і Пентагоне заявілі, што беспілотнікі не нясуць пагрозы для ЗША. Прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі адзначыў, што «многія з заўважаных аб'ектаў «выкарыстоўваліся на «законных падставах». А намесніца прэс-сакратара Пентагона Сабрына Сінгх заявіла, што «няма ніякіх доказаў» стварэння дронаў замежнай арганізацыяй або іх працы «на праціўніка».
Каментары