Культура66

У першым трэйлеры да новай часткі «Ведзьмара» паказалі дзяўчыну ў строі з беларускім арнаментам

Цэнтральнай гераіняй у працягу культавай серыі стане дарослая Цыры, прыёмная дачка Геральта. Распрацоўшчыкі паказалі шасціхвілінны сюжэтны трэйлер і падзяліліся першымі падрабязнасцямі праекта, які стане пачаткам новай трылогіі. «Наша Ніва» заўважыла ў ім і беларускі след. 

Цыры ў кінематаграфічным трэйлеры «Ведзьмара 4». Скрыншот відэа

Новую гульню з серыі пра Ведзьмара (The Witcher) польская студыя CD Projekt RED афіцыйна анансавала на цырымоніі The Game Awards 2024, якая адбылася ў ноч на 13 снежня.

Серыя гульняў «Вядзьмар» заснавана на літаратурнай першааснове — аднайменнай серыі раманаў польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага. Сапраўды шалёную папулярнасць па ўсім свеце гісторыя пра ведзьмара атрымала пасля выхаду гульняў. «Вядзьмар 3: Дзікае Паляванне», якая выйшла ў 2015 годзе, стала сапраўды культавай гульнёй.

Па сюжэце «Ведзьмара 4» Цырыла, прыёмная дачка ведзьмара Геральта з Рывіі і яго каханкі чарадзейкі Еніфэр, выпраўляецца ва ўласнае падарожжа, каб стаць прафесійнай забойцаў монстраў. Распрацоўшчыкі паведамілі, што «Вядзьмар 4» стане першай часткай трылогіі, прысвечанай яе прыгодам.

Бой Цыры з пачварай. Постар да трэйлера

Гульня, над якой сёння працуе 400 распрацоўшчыкаў, ствараецца на базе Unreal Engine 5. Паводле слоў прадстаўнікоў CDPR, гэта будзе самы «амбіцыйны і паглыблены» праект у гісторыі фэнтэзійнай серыі.

Пакуль невядома, ці з'явіцца ў гульні Геральт, герой першых трох частак, аднак акцэнт на Цыры адкрывае вялікія магчымасці для развіцця сусвету. Афіцыйнай даты рэлізу пакуль няма, але распрацоўшчыкі абяцаюць хутка прадставіць дадатковую інфармацыю.

Што паказалі

Кінематаграфічны трэйлер, які ў чымсьці перагукаецца з трэйлерам самай першай гульні серыі, адлюстроўвае агульны змрочны настрой гульні і паказвае добра вядомага персанажа ў новай якасці забойцы пачвараў.

У роліку маладую дзяўчыну рыхтуюць да абраду, апранаючы ў святочны строй і надзяваючы на галаву вянок. Дзяўчына, якую быццам бы выбралі багі, выходзіць да сваіх аднавяскоўцаў і абяцае бацьку, што прынясе вёсцы збаўленне. Яна накіроўваецца ў цёмны лес, а ў натоўпе заўважаюць ведзьмара, якому, відавочна, заплаціў бацька дачкі, які не хацеў яе гібелі. 

Дзяўчына, выбраная ахвярай, сыходзіць у лес. Скрыншот відэа.

Пад капюшонам незнаёмца аказваецца пасталелая Цыры Цырыла. Яна носіць медальён школы Рысі і па яе нечалавечых зрэнках зразумела, што яна прайшла ўрэшце праз вядзьмарскія мутацыі. 

Вядзьмарка наганяе дзяўчыну ў лесе і пераконвае яе ратаваць сваё жыццё, а сама застаецца, каб адолець мясцовага бажка — велізарную хімерычную пачвару, якая мусіла зжэрці дзяўчыну. Цыры, карыстаючыся сярэбраным мячом і вядзьмарскімі знакамі, перамагае пачвару, адсякаючы ёй галаву.

Перапуджаная дзяўчына ў лесе. Скрыншот відэа.

Дзяўчыну ўратаваць не ўдаецца. Збегшы ад жудаснай пачвары, яна знаходзіць смерць ад не менш жудасных пачвар — уласных аднавяскоўцаў, якія забіваюць яе нажом у сэрца за тое, што яна парушыла спрадвечную традыцыю і не стала збавіцельнай ахвярай багам.

— Мы хацелі, каб яна пайшла да багоў!
— Да багоў? Няма тут ніякіх багоў. Ёсць толькі пачвары!

Акрамя розных дробязяў, якія звяртаюць на сябе ўвагу фанатаў серыі, мы таксама звярнулі ўвагу на святочны строй дзяўчыны ў трэйлеры. Строй упрыгожаны геаметрычным арнаментам, які нагадвае беларускі. 

Беларускі арнамент з Ярылам

Не сакрэт, што гульні з серыі пра Ведзьмара маюць глыбокі праўдападобны свет, які сплецены з масавай культуры, славянскай міфалогіі, эстэтыкі і гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У першую чаргу польскія распрацоўшчыкі, вядома, арыентуюцца на польскую культуру, але не толькі. 

Так, напрыклад, у дадатку «Каменныя сэрцы» прадстаўнікі аднаго роду насілі імёны Вітольд (Вітаўт), Альгерд і Кейстут, якія яўна адсылаюць да імёнаў вялікіх князёў літоўскіх з дынастыі Гедзімінавічаў.

Такі геаметрычны арнамент, у якім пераважае чырвоны колер, як паказалі ў трэйлеры да новай часткі Ведзьмара, нехарактэрны для польскай народнай культуры. Але вельмі характэрны для беларускай. 

Беларускі арнамент у трэйлеры новай часткі Ведзьмара. Скрыншот відэа

Магчыма, геймдызайнеры шукалі для сваіх вобразаў нешта архаічнае, а таму звярнуліся да беларускага народнага арнаменту, у якім схаваны розныя язычніцкія сімвалы. 

Арнамент, які амаль ідэнтычны з арнаментам на доле святочнага строю дзяўчыны з трэйлера, мы змаглі адшукаць на ўзорыстай паласе ручніка з вёскі Салаўі Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці, які быў вытканы ў 1910-я гады. Сёння вёска называецца Котаўшчына і па яе ўсходняй ускраіне праходзіць дзяржаўная мяжа з Расіяй. 

Ручнік з вёскі Салаўі Дубровенскага раёна. Фота: Музей беларускага народнага мастацтва

Дубровенскія ручнікі, якія выраблялі ў вёсках Дубровенскага і Аршанскага раёнаў, вядомыя па ўзорах, якія зберагліся з канца XIX стагоддзя. Іх ткалі з адбеленага кужалю і белай бавоўны ў тэхніцы бранага і шматнітовага ткацва. Даўжыня аднаго дубровенскага ручніка магла быць ад 150 да 360 см.

У аснове ўзорыстай паласы на гэтым ручніку з вёскі Салаўі разетка ў выглядзе ромба з прамянямі. Яго даследчык беларускага арнаменту Міхаіл Кацар называе матывам Ярылы.

Узорыстая паласа з ручніка, вытканага ў вёсцы Салаўі Дубровенскага раёна. Фота: Музей беларускага народнага мастацтва

Вобраз Ярылы ў народным уяўленні ўвасабляў абуджэнне прыроды пасля зімовага сну, змену зімовага холаду на веснавую квецень. Ярыла — сімвал адвечнага росквіту вытворчых, жыццёвых сіл прыроды. Ягоныя дзеці, Жыцень, Спарыш і Багач, таксама клапоцяцца пра ўраджай на ніве.

Матыў Ярылы падобны да сімвала Сонца, і гэта невыпадкова. Некаторыя ткачыхі гаварылі, што Ярыла — сын Сонца.

Фрагмент вышыўкі з матывам Ярылы з Краснага Смаленскай вобласці (за 20 км ад Салаўёў Дубровенскага раёна). Фота: Міхаіл Кацар. «Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка»

Ручнік з вёскі Салаўі захоўваецца ў калекцыі ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў вёсцы Аколіца (спарткомплекс «Раўбічы»), але яго лёгка адшукаць у тэматычнай падборцы беларускіх ручнікоў на Вікісховішчы. Яшчэ адна нагода папаўняць гэты праект фотаздымкамі — як знаць, можа быць яшчэ якая-небудзь частка беларускай культуры стане рэферэнсам для дызайнераў. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • СЭТаўка
    13.12.2024
    Ніякага Ярылы ў беларускім фальклоры няма, не запісана. Ні ў песнях, ні ў паданнях. Ні пра "сыноў Ярылы", ні пра "Ярылу сына сонца". Гэта прыдумана расійскімі кабінетнымі міфолагамі.
  • Паглядзіцце рушнікі з Фінляндыі!
    13.12.2024
    Паглядзіцце рушнікі з Фінляндыі! Яны амаль адзін у адзін з падобным арнаментам як і ў Беларусі. Але гэта не славяны, а фіны!
  • CV
    13.12.2024
    Паглядзіцце рушнікі з Фінляндыі! , вы яшчэ вышыўку з Башкартастана не бачылі...

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі7

Мелказёраў расказаў, як аформіў медыцынскую страхоўку для сабакі і чаму гэта выгадна7

Беларуска і беларус здзівілі ўсіх на турніры па покеры на Багамах2

Самую дарагую кватэру ў Мінску ў лістападзе прадалі ў «Доме Чыжа»

Украінскія вайскоўцы на мяжы акружэння ў чатырох вёсках Данеччыны

Трамп выступае за размяшчэнне еўрапейскіх войскаў ва Украіне для кантролю над будучым перамір'ем4

Генеральны сакратар НАТА заклікаў рыхтавацца да вайны з Расіяй праз 5 гадоў20

Беларускім журналістам у выгнанні акажа шчодрую падтрымку Фландрыя6

Прарыў у чорнай металургіі: новы метад павышае хуткасць вытворчасці ў 3600 разоў4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →