Банкір з атачэння Януковіча, які хаваўся ад следства ў Беларусі, з'ехаў у ЕС
Беларусь надала экс-банкіру статус уцекача, матывуючы гэта тым, што ва Украіне яго пераследуюць з палітычных матываў, і адмовіла ў экстрадыцыі. У далейшым з гэтай прычыны Інтэрпал выключыў Віктара Братка і з міжнароднага вышуку, піша Радыё Свабода.
Колішні старшыня праўленьня банку «Київська Русь» Віктар Братко, які з 2016 году хаваўся ў Беларусі ад сьледзтва і меў статус уцекача, імаверна выехаў зь белраускай тэрыторыі і цяпер жыве ў адной з эўрапейскіх краін.
Як паведаміла Свабодзе крыніца ў праваахоўных органах Украіны, у часе дасудовага расьледаваньня высьветлілі «дастаткова падстаў», каб лічыць, што банкір мог выехаць з тэрыторыі Беларусі і цяпер жыве ў краіне Эўрапейскага зьвязу.
У той жа час, праз адсутнасьць сувязяў з кампэтэнтнымі органамі Беларусі, якія разарвалі пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, атрымаць пацьвярджэньне гэтай інфармацыі зь беларускага боку сьледчыя ня могуць.
У сьнежні 2023 году Віктара Братка зноў абвясьцілі ў міжнародны вышук пасьля таго, як Інтэрпол у 2018 годзе зьняў супраць яго «чырвоную картку» ў сувязі з атрыманьнем ім статуса ўцекача ў Беларусі.
У чым абвінавачваюць банкіра
Паводле сьледчых, Віктар Братко за бесцань прадаў два офісныя будынкі ў Кіеве і Львове, якія былі ў закладзе ў банку. Гэтую апэрацыю ён ажыцьцявіў за дзень да ўвядзеньня ў банку часовай адміністрацыі згодна з рашэньнем Нацыянальнага банку Ўкраіны. У межах крымінальнай справы арыштаваная ўся ягоная рухомая і нерухомая маёмасьць.
Украінскія праваахоўныя органы абвінавачваюць Віктара Братка ў вывядзеньні з банкаўскіх рахункаў у 2015 годзе больш як 44 мільёнаў даляраў.
Ва ўкраінскіх СМІ банк «Київська Русь» зьвязвалі зь Яўгенам Бакуліным і Юрыем Бойкам — у часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча першы ачольваў НАК «Нафтогаз України», а другі — Міністэрства энэргетыкі. У 2016 годзе абодва ўжо працавалі ў парлямэнце, абраныя дэпутатамі паводле сьпісу «Апазыцыйнага блёку», што быў створаны на парэштках Партыі рэгіёнаў.
Банк інтэнсіўна пачаў нарошчваць свае актывы менавіта ў часы прэзыдэнцтва Януковіча, калі ў ім былі сканцэнтраваныя ўсе рахункі газаздабыўной кампаніі і кіраўніцтва НАК «Нафтогаз України». Пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча праваахоўныя органы затрымалі Яўгена Бакуліна паводле падазрэньня ў сувязях са злачыннай групай, якая спрычыніла шкоду дзяржаве ў памеры 4 мільярды даляраў. Тады і высьветлілася, што ўсе рахункі НАК «Нафтогаз України» знаходзіліся ў прыватным банку «Київська Русь».
Калі ў банк прыйшла часовая адміністрацыя, высьветлілася, што ўсе ягоныя актывы пазьнікалі недзе ў афшорах, у тым ліку і празь фінансавую структуру, якая нібыта была зьвязаная з расейскім «Газпромам».
Уласьніка банку Віктар Братка абвінавачваюць у прысабечваньні і растраце чужой маёмасьці шляхам злоўжываньня ў асабліва вялікіх памерах і ў складзе арганізаванай групоўкі. Паводле ўкраінскага заканадаўства яму пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займацца пэўнай дзейнасьцю цягам трох гадоў.
Як банкір «знайшоўся» ў Беларусі
У жніўні 2016 году Віктара Братка абвясьцілі ў міжнародны вышук, а праз два гады яго затрымалі беларускія праваахоўнікі і зьмясьцілі пад варту. Праз тры месяцы пасьля затрыманьня, 9 лістапада 2018 году, яго вызвалілі пастановаю намесьніка пракурора Менску, бо ў гэты ж дзень Дэпартамэнт па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі надаў яму статус уцекача.
Як вынікала з рашэньня ўкраінскага суду таго часу, Беларусь надала экс-банкіру статус уцекача, матывуючы гэта тым, што ва Ўкраіне яго перасьледуюць з палітычных матываў, і адмовіла ў экстрадыцыі. У далейшым з гэтай прычыны Інтэрпол выключыў Віктара Братка і зь міжнароднага вышуку.
Адвакаты экс-банкіра адмаўляліся ўдакладняць, чым іхны падабаронны займаўся ў Беларусі і ў якім горадзе жыў.
Каментары