Гісторыя

«Найбольш адчувальныя змены — у прэзентацыі паўстання Каліноўскага». Як змяніліся беларускія падручнікі па гісторыі

Паўстанне 1863-1864 гадоў апісваецца асцярожна-нейтральна, партрэт Каліноўскага знік, выразна прасоўваецца антыпольскасць, пракурорскі дапаможнік «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» не грэбуе яўнымі фальсіфікацыямі. Якія яшчэ змены адбыліся ў беларускіх падручніках па гісторыі і наколькі яны крытычныя? Пра гэта распавёў Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі падчас прэзентацыі даследавання «Беларускія падручнікі па гісторыі як люстэрка дзяржаўнай гістарычнай палітыкі», якая адбылася 12 снежня, піша «Будзьма».

Aliaksiej Lastoŭski
Аляксей Ластоўскі. Фота: palityka.org

Аляксей Ластоўскі заўважае, што беларускія падручнікі па гісторыі мяняюцца «практычна праз кожныя 7 гадоў — з 1991 года налічваюць пяць генерацый падручнікаў», мяняюцца ў тым ліку і праз палітычныя фактары.

Прадметам аналізу абраныя два падручнікі па гісторыі Беларусі для 10 (2020) і 11 класаў (2021); новы падручнік «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», частка першая, 10 клас (2024); серыя новых падручнікаў «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (тры версіі, разбітыя па класах: 1-4, 5-9, 10-11, 2023) і падручнік «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» пад рэдакцыяй Ігара Марзалюка для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі (2023).

Padručnik pa historyi

«Усім зразумела, што падручнікі па гісторыі — гэта такі дваісты інструмент: з аднаго боку, ён дазваляе фарміраваць гістарычныя веды ў пакаленняў, з іншага боку, мы яго можам выкарыстоўваць як люстэрка, каб уявіць, якім чынам зараз дзяржава разумее і бачыць сваю гісторыю. Падручнікі па гісторыі — гэта дыстыляваная афіцыйная версія гісторыі», — заўважае Аляксей Ластоўскі.

Бліжэйшымі днямі спасылка на даследаванне цалкам будзе размешчана ў тэлеграм-канале Беларускага інстытута публічнай гісторыі. Цяпер жа — найбольш адметныя заўвагі даследчыка.

Некаторыя даволі заўважныя змены фокусу на падзеі XIX стагоддзя

У падручнік для 11-га класа вярнулася вызначэнне вайны 1812 года як «Айчыннай», як у савецкія часы. Але, як зазначае Аляксей Ластоўскі, гэта вызначэнне ўжываецца толькі ў назве раздзела, у самім жа тэксце не сустракаецца, пра падзеі расказваецца нейтральна.

Padručnik pa historyi

Паўстанне 1863-1864 гадоў у новым падручніку ўжо не ёсць звыклым яшчэ з савецкіх часоў паўстаннем Кастуся Каліноўскага: «Паўстанне 1863 года апісваецца максімальна нейтральна, без характарыстык. У нацыянальнай гістарыяграфіі паўстанне 1863 года называецца паўстаннем пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, у падручніку гэтага ўжо няма.

Відавочна, адбылося моцнае рэдагаванне. Няма згадак пра «Мужыцкую праўду» і «Лісты з-пад шыбеніцы» Каліноўскага, калі ён звяртаўся да беларускіх сялян. Не згадваюцца дыскусіі пра праект беларускай дзяржаўнасці, за які змагаліся паўстанцы.

З падручніка ўжо прыбраны партрэт Кастуся Каліноўскага, які ва ўсіх ранейшых генерацыях падручнікаў прысутнічаў, нават калі кажам пра падручнікі па гісторыі БССР, дзе ўсяго было толькі тры партрэты — партрэт Скарыны, Каліноўскага і Леніна». Увогуле філаматы і паўстанцы 1860-х гадоў паказаныя як «польскія дваранскія рэвалюцыянеры».

Антыпольская рэпрэзентацыя

У падручніку для 11-га класа да ўваходжання беларускіх земляў у склад міжваеннай Рэчы Паспалітай прымяняецца «выключна чорнае адлюстраванне».

Стаўленне Польшчы да беларускага насельніцтва апісваецца як «прамысловая паланізацыя», «ваенная дыктатура», «нацыянальны прыгнёт», «паліцэйскі тэрор».

Аўтары падрабязна апісваюць катаванні ў канцлагеры ў Бярозе-Картузскай:

«Пры тым не згадваюць, што беларусаў там насамрэч было вобмаль і гэта ніякім чынам не параўнальна са сталінскімі лагерамі. А ў раздзеле пра Другую сусветную вайну польскую Армію Краёву параўноўваюць з гітлераўскімі карнікамі».

Як заўважае гісторык, тут відавочная «вельмі палітызаваная і антыпольская рэпрэзентацыя».

У дапаможніку «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» Армія Краёва апісваецца толькі ў якасці «гітлераўскіх памагатых, якія імкнуліся знішчыць беларускі народ». Пра тое, што ў АК прымалі беларусаў, у тым ліку праваслаўных, не згадваецца ўвогуле.

Dapamožnik «Hienacyd bielaruskaha naroda ŭ hady Vialikaj Ajčynnaj vajny»

А ў падручніку аўтарства Ігара Марзалюка перыяду існавання Заходняй Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай няма ўвогуле.

Фальсіфікацыя і адсутнасць узроставай адаптацыі

Аляксей Ластоўскі падкрэслівае, што дапаможнік ад Генпракуратуры складзены з матэрыялаў гэтай установы, якія ніяк не адаптаваныя да школьнага ўзросту.

Ёсць і фальсіфікацыі.

«Напрыклад, можна згадаць, як прадстаўлена гісторыя лагера «Трасцянец» — гэта не суадносіцца з гістарычнымі работамі і нават супярэчыць іншым падручнікам, дзе гаворыцца пра 206 500 чалавек ахвяраў, а Генпракуратура нарошчвае лічбу да 460 000 ахвяр. «Трасцянец» паказваецца як лагер смерці, дзе людзі маглі пражыць толькі 2-3 месяцы. Але «Трасцянец» — комплексны аб’ект, дзе расстрэльвалі пераважна габрэяў, вывезеных з Еўропы, там жа быў працоўны лагер, які СД выкарыстоўвалі для сваіх патрэб. Але нічога з гэтага не бярэцца да ўвагі», — кажа Аляксей Ластоўскі.

Акрамя таго, заўважаны «небяспечны трэнд — выкарыстанне генацыду ў палітычных мэтах». Напрыклад, «уводзіцца згадка пра пратэсты 2020 года і там гаворыцца, што ўдзельнікі пратэстаў не толькі выкарыстоўвалі нацысцкія лозунгі, але і нацысцкія метады».

Што праўда, падручнік «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны»

«хоць і называецца падручнікам, але ў школе (пакуль) не ўведзены асобны прадмет «ГБН», гэтыя падручнікі могуць выкарыстоўвацца пры выкладанні іншых прадметаў, настаўнікі павінны яго інтэграваць у іншыя прадметы».

Што да падзей 2020 года, то гэта згадваецца ў падручніку па гісторыі для 10-11 класаў, але толькі фактам правядзення выбараў, прыводзяцца таксама вынікі галасавання паводле даных ЦВК. У падручніку ж Ігара Марзалюка гаворыцца, што падзеі 2020 года прымусілі грамадскасць і ўлады звярнуцца да абнаўлення, прыняць новы варыянт Канстытуцыі, а пра самі падзеі нічога канкрэтна не расказваецца.

Padručnik pa historyi

Згадкі пра пратэсты як такія ёсць толькі ў падручніках «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны», дзе нават ёсць адзін з фотаздымкаў пратэсту з бел-чырвона-белым сцягам, але гэта зроблена, каб правесці паралель з часамі нацысцкай акупацыі, што пратэстоўцы выкарыстоўвалі нацысцкую сімволіку і метады, бо заклікалі да расправы над супрацоўнікамі сілавых структур і чыноўнікамі.

Высновы

Радыкальнай змены канцэпцыі выкладання гісторыі пасля 2020 года пакуль не адбылося, рэзюмуе даследчык.

«Найбольш адчувальныя змены зноў жа ў прэзентацыі паўстання 1863-1864 гадоў, калі выкарыстоўваецца фактаграфічнае апісанне: вось быў створаны паўстанцкі камітэт, яго ўзначаліў вось той, потым адбыліся канфлікты ў кіраўніцтве, паўстанцы абвесцілі такія вось лозунгі, адбыліся сутычкі, потым паўстанне было задушанае. З аднаго боку, гэта апісанне канвы падзей, расказваецца пра паўстанне, але пры гэтым не выкарыстоўваюцца ацэнкі. (…)

Так ці інакш, падручнік — не фінальная версія, бо падручнік выкарыстоўваецца настаўнікамі, якія падаюць гэты матэрыял. І калі ёсць згадкі пра паўстанне, то пра яго пры жаданні больш можа распавесці настаўнік», — заўважае Аляксей Ластоўскі.

Каментары

Сярод затрыманых па справе пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры, верагодна, ягоны ўладальнік2

Сярод затрыманых па справе пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры, верагодна, ягоны ўладальнік

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнт Славакіі Пелегрыні: Украіне прыйдзецца страціць некаторыя тэрыторыі дзеля міру6

У Валожынскім раёне перакулілася маршрутка. Восем пацярпелых

Экіпаж танкера «Валганафта-239», які пацярпеў крушэнне ў Керчанскім праліве, яшчэ не выратавалі

Беларуска расказала пра сваю працу ў анлайн– і звычайным казіно4

Сёння складанае надвор’е для кіроўцаў, магчымыя перабоі ў руху грамадскага транспарту

У Мінску жыве «сабака-швабра»1

На выезд з Беларусі на польскай мяжы стаіць гіганцкая колькасць фураў1

Актывісты стварылі інтэрактыўную карту манументальнага мастацтва Беларусі

Разбуральны цыклон ударыў па французскім архіпелагу Маёта: імаверна, загінулі сотні людзей

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сярод затрыманых па справе пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры, верагодна, ягоны ўладальнік2

Сярод затрыманых па справе пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры, верагодна, ягоны ўладальнік

Галоўнае
Усе навіны →