Латвійскі баскетбаліст Ціма, былы муж спявачкі Седаковай, скончыў жыццё самагубствам у цэнтры Масквы
Шакуючая вестка пра экс-гульца «Зеніта», «Хімак» і «Унікса», які толькі нядаўна разышоўся са спявачкай Ганнай Седаковай. Седакова некалі была жонкай аднаго з найлепшых футбалістаў Беларусі Валянціна Бялькевіча, які памёр у 2014-м.
У ноч на 17 снежня з'явілася трагічная навіна: латвійскі баскетбаліст Яніс Ціма быў знойдзены мёртвым у цэнтры Масквы. Першапачатковая версія — самагубства. Хутка пачалі ўсплываць дэталі: побач з целам спартсмена ляжаў тэлефон, на экране якога было відаць паведамленне ад яго экс-жонкі, вядомай спявачкі Ганны Седаковай з «Віягры», з просьбай ператэлефанаваць, піша Championat.com.
Усяго за тыдзень да гэтага, 9 снежня, стала вядома пра развод Ганны і Яніса.
Па словах Седаковай, іх адносіны былі бурнымі: сваркі, расстанні, прымірэнні. Ціма цяжка перажываў разрыў і не хаваў сваіх эмоцый. У сацыяльных сетках з'яўляліся пасты і трансляцыі, у якіх ён казаў пра свой боль і нават згадваў суіцыдальныя думкі. Ён абвінавачваў Седакову ў тым, што яна аддала перавагу грошам, а не іх каханню.
Напярэдадні трагедыі, 16 снежня, Ганна святкавала свой дзень нараджэння. Яніс павіншаваў яе — усё ж такі яны былі разам чатыры гады. Магчыма, гэта і прывяло да трагічных наступстваў. Пакуль застаецца шмат пытанняў, і расследаванне павінна праліць святло на абставіны здарэння.
Шлюб з Ганнай зрабіў Ціму шырока вядомым нават сярод тых, хто далёкі ад баскетбола. Але Яніс быў таленавітым гульцом.
Яшчэ ў 2010 годзе ён заваяваў бронзу на юнацкім чэмпіянаце Еўропы разам са зборнай Латвіі. Пачаўшы кар'еру на радзіме, ён выступаў за «Ліепаяс Лаўвас», «Вентспілс» і ВЭФ. У 2013 годзе яго выбралі на драфце НБА пад 60-м нумарам — «Мэмфіс Грызліз». Аднак, як гэта часта бывае з еўрапейскімі гульцамі, шанцу пагуляць у НБА ён так і не атрымаў. Тым не менш Ціма праявіў сябе ў Еўропе. У 2015 годзе ён далучыўся да пецярбургскага «Зеніта», дзе правёў два паспяховыя сезоны і стаў улюбёнцам заўзятараў. У 2017 годзе ён дасягнуў піку сваёй кар'еры і перайшоў у Еўралігу, дзе выступаў за такія клубы, як «Басконія» і «Алімпіякас».
З 2022 года яго кар'ера пайшла на спад. Спробы замацавацца ў чэмпіянатах Пуэрта-Рыка, Іспаніі і Турцыі былі няўдалымі. У гэты перыяд ён знаходзіўся ў складаных адносінах з Ганнай, і, мяркуючы па ўсім, эмацыйныя перажыванні не лепшым чынам адбіваліся на яго гульні. У гэтым годзе Яніс прыняў прапанову выступаць у расійскай медыябаскетбольнай лізе 3x3.
Каментары