«Немкі прасілі зрабіць на пазногцях куфаль піва». Беларускія манікюрніцы расказваюць, як зарабляюць за мяжой
«Хто да нас прыходзіць выпадкова, становіцца пастаянным кліентам», — кажуць беларускія майстры па манікюры пра сваю працу ў эміграцыі. З краіны з'язджаюць не толькі айцішнікі, медыкі, але і спецыялісты beauty-галіны. Майстры, якія аселі ў Літве, Польшчы і Германіі, расказваюць пра заробкі, канкурэнцыю і розніцу ў густах замежнікаў і беларусаў.
Работа Ганны. Фота: старонка ў інстаграме
«Беларускі любяць аднакаляровае пакрыццё, а полькі — фрэнч»
Наталля з сям’ёю пакінула Беларусь, калі пачалася вайна ва Украіне. Яна кажа, што ўварванне Расіі з беларускай тэрыторыі стала апошняй кропляй для рашэння пра эміграцыю.
Думкі пра яе з'явіліся па здушэнні пратэстаў у 2020 годзе. Жанчына прызнаецца, што не магла раней уявіць, з якой лютасцю і гвалтам сілавікі могуць абыходзіцца з мірнымі грамадзянамі. Моцнае эмацыйнае ўзрушэнне не пакідае яе дагэтуль.
Наталля скончыла ўніверсітэт і мае дыплом эколага-эксперта. Па спецыяльнасці знайсці працу ёй не ўдалося. Манікюрам займаецца 5 гадоў. Доўгі час яна хадзіла рабіць ногці да любімага майстра, і ў яго натхнілася асвоіць гэта рамяство.
«Вырашыла: чаму б самой не пачаць пілаваць, гэта ж так проста, як думае большасць. 5 кліентаў за дзень, па 20 даляраў за манік і да канца года на «Мазэраці» буду ездзіць», — згадвае свае ўяўленні аб прыбытковасці манікюру Наталля.
Па сканчэнні курсаў сяброўка пазнаёміла яе з дасведчанай майстрыцай, удзельніцай конкурсаў стылістаў, якой патрэбная была памочніца.
«Яна мяне і паглыбіла ў прафесію», — кажа Наталля.
У Беларусі яна працавала ў студыі закрытага тыпу з віп-кліентамі.
Цяпер беларуская майстрыца ў Польшчы. Пасля 3 месяцаў працы са старшай кампаньёнкай і заробку з працэнта ад выручкі пачала ўласны бізнэс.
«Прыбытак ад манікюру я ацэньваю вышэй за сярэдні ў Польшчы. Такі занятак не вымагае, як, напрыклад, на будоўлі ці заводзе, прастойваць на нагах цэлую змену і мець такія грошы», — адзначае Наталля.
На яе думку, манікюрны бізнэс — не асабліва прыбытковая справа ў галіне beauty ў параўнанні з цырульнікамі або перманентным макіяжам. Але, удакладняе Наталля, у Польшчы добрая вяртальнасць кліентаў. Праз 2-3 тыдні яны зноў прыходзяць па паслугу.
«На афарбоўку валасоў так часта не ходзяць, таму пасіўны даход ёсць заўсёды. Кліенты ў мяне 50/50 — палякі і беларусы. Сярэдні ўзрост ад 25 да 50 гадоў. Прыходзяць дзяўчаты маладзенькія і прыводзяць у наступны раз сваіх маці. У Беларусі так рэдка было».
Наталля кажа, што найчасцей полькі, асабліва ва ўзросце 45+, пабачыўшы, якімі могуць быць дагледжанымі іх рукі, становяцца пастаяннымі кліентамі. Нямала полек фарбуюць пазногці ад урачыстасці да ўрачыстасці, а пасля кожнай прыходзяць зняць пакрыццё.
Наталля непакоілася, што ў Польшчы полькі будуць хадзіць толькі да полек з-за салідарнасці.
«Але, як выявілася, гэта было памылковым меркаваннем. Яны ходзяць, нават калі ты з імі не вельмі можаш камунікаваць з-за няведання мовы. Звяртаюць увагу на якасць, стасункі адыходзяць на другі план», — заўважае майстрыца.
Па яе назіраннях, беларускі аддаюць перавагу аднатоннаму манікюру. Полькам падабаецца, калі пазногці рознакаляровыя.
«Найулюблёны ў полек дызайн — гэта фрэнч. Ім падабаецца, калі ўвосень на ногціках кляновыя лісточкі, а ўзімку — снегавічкі. У Беларусі таксама былі такія кліенты, але няшмат», — адзначае Наталля.
Змену жыхарства яе кліенткі-зямлячкі перажываюць цяжка.
«Ува ўсіх у Беларусі быў свой майстар па манікюры, цырульнік, а тут трэба нанова шукаць, і добра, калі патрапіш адразу да добрага спецыяліста, таму многія прыходзяць з насцярожанасцю. Расказваюць, што яны да свайго майстра хадзілі 13 гадоў, давяралі яму. Даводзіцца ўсіх супакойваць і гаварыць, што і ў мяне таксама ўсё будзе добра, пераконваць, што я добры майстар».
«Літоўкі губляюцца ад прапанаванага выбару, бо прывыклі да больш сціплага»
Марыя захапілася манікюрам, калі была яшчэ падлеткам. Спачатку практыкаванні з ім успрымала як хобі. Засвойвала навыкі, праглядаючы ролікі ў сацыяльных сетках.
«Хадзіла да розных майстроў, але вынік іх працы мяне не задавальняў. Вырашыла, што прасцей самой навучыцца рабіць пазногці і фарбаваць іх. Фарбавала пазногці маці, сяброўкам. Патроху набірала кліентаў і рабіла іх рукі прыгожымі за сімвалічную суму. Абсталяванне і лакі з часам вымагалі ўсё больш і больш грошай», — згадвае суразмоўніца.
У Літву Марыя перабралася з Беларусі на вучобу. Падчас пандэмічнага каранціну наважылася падзарабіць манікюрам і педыкюрам. Кліентаў было няшмат, але на кішэнныя расходы грошай хапала. Прафесійнае майстэрства вырасла ў салонах.
Апошнія некалькі месяцаў Марыя працуе самастойна. Даходам задаволеная. Здымае пакой у офісным будынку. За месяц зарабляе пад 2 тысячы еўра.
Сярэдні ўзрост яе кліентаў — 25-30 гадоў, але наведваюцца нярэдка падлеткі і жанчыны сярэдняга веку.
«Даведваюцца пра мяне ў асноўным з інстаграма, таксама пра мае паслугі пераказваюць адно аднаму самі кліенты, — апавядае Марыя. — Прыходзяць беларускі, украінкі, расіянкі ды літоўкі, якія гавораць па-руску. Літоўкі наведваюцца, сыходзяць задаволеныя. Яны кажуць, што такі ўзровень манікюру і педыкюру, які робяць беларускі, бачаць упершыню».
У Марыі нямала кліентак-беларусак, якія эмігравалі па палітычных прычынах. Сярод іх айцішніцы ды журналісткі.
«Яны знаходзяцца яшчэ ў стрэсе і ім эмацыйна цяжка».
Марыя адзначае, што ў літовак і беларусак адрозніваюцца запыты. Літоўкі губляюцца ад прапанаванага беларускімі майстрамі выбару паслуг, бо прывыклі да больш сціплага. Іх дзівіць тое, што звычайна ўспрымаецца беларускамі як штодзённасць.
«Нашы дзяўчаты просяць, каб ім зрабілі доўгія, шыкоўныя пазногці. Літоўкі больш кансерватыўныя. Яны просяць зрабіць нешта светленькае, аднатоннае. Ніякіх малюнкаў і дызайнаў», — даводзіць беларуская майстрыца.
Наведваюцца да Марыі і хлопцы: просяць зрабіць ім мужчынскі дызайн, каб не быць падобнымі да ўсіх.
Марыя адзначае, што ўся beauty-галіна ў Літве перспектыўная для майстроў з Беларусі. Наша майстэрства тут цэняць.
«У літоўскіх калег дасведчанасць у манікюры прасядае, і нашым дзяўчатам цяжка знайсці сярод іх майстроў, таму ідуць да тых, хто больш родны», — падсумоўвае Марыя.
«Літоўцы менш патрабавальныя, а беларусы прыходзяць з негатывам»
Уладзімір з'ехаў у Літву сёлета ў ліпені. Прычыну для эміграцыі называе лаканічна — «з-за пачуцця небяспекі». Дапускае, што Літва не апошняя яго краіна для працы і пражывання.
Уладзімір займаецца манікюрам 5 гадоў і не раз станавіўся прызёрам спаборніцтваў стылістаў. Манікюр, аднак, зрабіўся ягоным сталым заняткам выпадкова.
«Пасля 9 класа вельмі загарэўся прафесіяй цырульніка, — згадвае ён. — У каледжы дадаткова вучылі на майстра манікюру. Спачатку да яго ставіўся скептычна, але калі паглыбіўся, то спадабалася больш, чым цырульня. Таму валасы давялося забыць».
Па прыездзе ў Вільню Уладзімір уладкаваўся ў салон прыгажосці і з першага працоўнага дня ў яго было поўна кліентаў.
«Гэтаму быў вельмі рады, бо новаму майстру ў салоне напачатку прыходзіцца цяжка. Кліенты не давяраюць і не жадаюць ісці да незнаёмага чалавека. Адчуваецца напружанне. У маім выпадку з першага дня кліенты пакідалі захопленыя водгукі. Яны не чакалі ад хлопца якаснай працы», — хваліцца суразмоўца.
Уладзімір кажа: манікюр дазваляе няблага жыць у Вільні. Яго кліенты — ад школьніц 15-16 гадоў да жанчын 55+.
«Літоўцы менш патрабавальныя, амаль заўсёды пытаюць, як маюся ці які ў мяне настрой, нават калі прыйшлі да мяне першы раз. На іх фоне кліенты з Беларусі больш складаныя. Звычайна беларускі прыходзяць з негатывам, маўляў, майстар не справіцца з іх патрабаваннямі», — адзначае Уладзімір.
У яго класічны стыль працы, без crazynails ці дызайну.
Прыходзяць да Уладзіміра і мужчыны: беларусы і літоўцы. Розніцы ў густавых перавагах ён не заўважыў, але, паводле яго, з мужчынамі працаваць прасцей, чым з жанчынамі.
«Калі ёсць заўвагі да здароўя пазногцяў ці скуры, то ўважліва выслухваюць, не ўпадаюць у істэрыку».
Уладзімір лічыць, што гэты бізнэс у Літве перспектыўны для беларусаў, бо яны прывозяць новыя для мясцовай beauty-галіны погляды, стылі і тэхніку працы. Усё гэта манетызуецца — у выглядзе навучання або эксклюзіўнага манікюру за высокі прайс.
«Для беларусак манікюр — звыклая працэдура, а літоўкі рабяць яго да ўрачыстасцяў»
Ганна ў Літве больш за дзесяць гадоў. Яна выпускніца ЕГУ, дзе вывучылася на графічнага дызайнера. Манікюр стала асвойваць у дэкрэце, каб разнастаіць побыт.
«Мне заўжды падабалася ручная праца. Малявала, нейкі час займалася вясельнай паліграфіяй. І галоўнае, для мяне важна бачыць адразу вынік сваёй працы, асабліва, калі дзяўчаты прыходзяць з недагледжанымі рукамі, а пасля працэдуры ў іх вачах захапленне», — адзначае Ганна.
Яна не думала рабіць з манікюру сталы занятак. У яе ёсць асноўная праца, на якую ўладкавалася падчас пандэміі. Тады мужаў бізнэс пацярпеў і трэба было падтрымліваць сямейны бюджэт. Манікюр жа застаецца істотнай падпрацоўкай і запасным аэрадромам на выпадак форс-мажору. Свае навыкі Ганна ацэньвае як сярэднія.
«Паколькі я займаюся манікюрам пасля асноўнай працы, то ў тыдзень да мяне прыходзяць 3-4 дзяўчыны. За месяц даход складае 300-400 еўра».
Па словах Ганны, да масавага прыезду ў Літву беларусак і ўкраінак мясцовая beauty-галіна знаходзілася не на высокім узроўні. Тут цяжка было знайсці добрага каларыста, цырульніка. Майстры гэтых прафесій раней з'ехалі падалей у Еўропу.
У Ганны робяць рукі прыгожымі дзяўчаты ад 20-25 гадоў. Асаблівых адрозненняў у густах яна не ўгледзела.
«І беларускі, і літоўкі сочаць за модаю, але заўважаецца ў Літве адставанне ў пазногцевай галіне. Напрыклад, святлоадбівальныя гель-лакі ў Беларусі ўжо адгрымелі, а тут падаюцца як навінка. Акрамя таго, ёсць працэдуры, якія ў Беларусі ўваходзяць у пакет паслуг, а ў Літве за іх бяруць дадатковую плату», — кажа майстрыца.
Паводле яе, для беларусак манікюр — гэта звыклая працэдура, а літоўкі робяць яго да ўрачыстасцяў і ў іх менш дагледжаныя рукі.
Літоўкі больш закрытыя, дзеліцца Ганна назіраннямі. Разам з тым беларускі больш капрызныя, бо прывыклі да якаснага манікюру.
«Немкі давяраюць густу майстра, і для іх важна, каб з імі гаварылі»
Аксана скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Рабіла сакратаркай у замежнай кампаніі, затым бухгалтаркай. 8 гадоў адпрацавала вядучым эканамістам у ваенкамаце. Работу там называе «чорнымі днямі жыцця». Па звальненні ўладкавалася ў турыстычную фірму.
«Гэта была ўлюблёная работа. Мяне звольнілі пасля арышту за фотаздымак пратэстоўцаў са сцягам», — згадвае Аксана.
З Беларусі яна вымушана была з'ехаць у 2020 годзе. Кар’еру майстра па манікюры пачала ў Польшчы, але агулам займаецца ім з 2016 года.
«Мой першы манікюр без нагляду дасведчанага майстра доўжыўся больш за 5 гадзін, і гэта было жахліва», — згадвае першы досвед працы з пазногцямі Аксана.
На радзіме ёй было сорамна, скончыўшы ўніверсітэт, з бухгалтара пайсці ў манікюр, таму спалучала два заняткі.
«У Варшаве хутка вырасла мая кліенцкая база. У польскай сталіцы пражыла 3,5 месяца, і за апошні месяц зарабіла блізу тысячы даляраў, што для Варшавы грошы неблагія», — апавядае Аксана.
Беларуска збіралася ісці працаваць у студыю, але няведанне польскай мовы планам перашкодзіла. Яна хадзіла на курсы, але асвоіць мову на належным для камунікацый узроўні не ўдалося. «Гэта няпраўда, што польская мова лёгкая для вывучэння», — адзначае суразмоўніца.
Цяпер Аксана жыве ў невялікім горадзе Германіі, дзе стала «топ-майстрам, бо канкурэнцыя ў ім нулявая».
«Тут у асноўным манікюр робяць жанчыны з азіяцкіх краін, і іх праца кепская. Асноўная маса маіх кліентаў — гэта познія перасяленцы. Тут шмат рускамоўнага насельніцтва», — апавядае Аксана.
Аксана працуе ў добрай студыі на выгадных умовах, але збіраецца пачаць свой бізнэс. Майстэрства ўдасканальвае на курсах, якія лічыць важнымі для развіцця.
«Таго, што зарабляю, мне хапае, нават больш за тое. Манікюр з пакрыццем ў мяне цяпер каштуе 40 еўра», — кажа яна.
Кліенты — у асноўным жанчыны ад 20 да 45 гадоў. Ёсць больш узроставыя немкі.
«Усе, хто да нас прыйшоў выпадкова, становяцца пастаяннымі кліентамі. Робяць манікюр рэгулярна праз 3-4 тыдні з пакрыццём гель-лакам. Многія не ведалі, што ёсць такая тэхніка. Нам ёсць што прапанаваць і паказаць. Манікюр тут запатрабаваны», — адзначае беларуска.
Кліенткі давяраюць густу майстра, але для іх важна, каб з імі гаварылі і прапаноўвалі. Еўрапейкі любяць тэматычны манікюр на святы. На яркія ўрачыстасці яны просіць кліентак, каб тыя мелі эскізы таго, што хацелі б бачыць на пазногцях.
«Ім дужа падабаецца, калі кажу ім, што магу ўсё. Напрыклад, на свята піва просяць зрабіць на ногціках куфаль піва. Кліенткі з нашых краёў больш кансерватыўныя», — дзеліцца назіраннямі Аксана.
Да яе прыходзяць і мужчыны.
Па словах Аксаны, эмігранты, пакуль не інтэгруюцца ў мясцовае жыццё, не вывучваюць мову, адрозніваюцца ад карэнных жыхароў нервовасцю. У іх больш прэтэнзій.
«Немцы ўсміхаюцца больш», — заўважае беларуска. Яна згадвае выпадак, калі мужчына дапамог ёй вынесці з метро ровар.
«Ён сказаў, што нашых бачна заўжды па хадзе, адзежы. Сама ў метро назіраю за тварамі пасажыраў і вызначаю, хто з іх адкуль», — заўважае Аксана.
«Першы год у эміграцыі не да пазногцяў, бо тут абсалютна іншае жыццё. Па адаптацыі жанчыны прыходзяць у сябе. Звяртаюць увагу на знешнасць, — даводзіць майстрыца. — Але мы ўмеем працаваць і нават у Афрыцы зможам зарабіць на лусту хлеба».
Аксана збіраецца арганізоўваць свае майстар-класы, але неабходна падцягнуць нямецкую мову. Беларуска разлічвае вучыць манікюрнаму майстэрству немцаў і калег з Азіі.
«Часцей нашу аднатонны». Мужчыны з манікюрам: сярод іх усё больш беларускіх знакамітасцей
«Старэць прыгожа» я не буду». 20-гадовая дзяўчына выдаткоўвае 1600 рублёў на месяц, каб даглядаць сябе
«Ніхто не дае мне больш за 30 гадоў, але на гэта я трачу не менш за тысячу рублёў на месяц». Мінчанка — пра пластычную хірургію і рэакцыю мужчын
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
чытала, што як у Бучы суцішылася, і жанчына змагла выйці, дык першай справай пайшла на манікюр