У лагойскіх лясах заблукаў 85-гадовы расіянін, яго шэсць кіламетраў неслі на руках
Ратавальнікі з Лагойскага раёна выратавалі ў лесе пажылога мужчыну, які пайшоў гуляць па незнаёмым лесе і заблукаў так, што ў ім і заначаваў, паведамляе тэлеграм-канал «Лагойск (не)афіцыйна».
Лагойскія ратавальнікі атрымалі інфармацыю пра тое, што на поўначы раёна трэба шукаць чалавека, 1 снежня ў 2 гадзіны 55 хвілін. Папярэдне было вядома, што зніклы мужчына 1937 года нараджэння, ён грамадзянін Расіі, які адпачываў у санаторыі «Лясны» паблізу вёскі Дамашкавічы Докшыцкага раёна. Каля 4-й гадзіны дня ён выправіўся на прагулку ў лес і не вярнуўся.
Жонка мужчыны паведаміла пра знікненне мужа ў Докшыцкі РАУС увечары. Пасля няўдалых пошукаў докшыцкія сілавікі, не даўшы рады самі, папрасілі дапамогі ў суседзяў з Лагойшчыны. І яны, прачэсваючы ўсю ноч лес па слядах на снезе, у 5:39 пажылога мужчыну такі знайшлі.
З-за моцнага пераахаладжэння чалавек ужо практычна не мог рухацца, ратавальнікам давялося развесці вогнішча, абагрэць мужчыну і прасушыць ягоныя рэчы. А паколькі самастойна ён ісці ўжо не мог, ратавальнікам давялося несці яго 6 кіламетраў да машыны хуткай дапамогі.
Пасля праведзенага агляду ў плешчаніцкай бальніцы лекары палічылі, што шпіталізаваць мужчыну патрэбы няма, і тады ён адправіўся назад у санаторый «Лясны».
Каментары
гэтыя журналісты не могуць, каб не падмануць) нават у загалоўку
але мяжа так цікава праведзена... палова возера ў Лагойскім раёне, а палова ў Докшыцкім... і з тэрыторыяй гэбэшнага санаторыя незразумела - ці ўся яго тэрыторыя адносіцца да Докшыцкага раёна?