Карані турніру сягаюць у 1267 год, калі на кірмашы прадавалі вельмі кіслыя яблыкі.
Чарговы чэмпіянат свету па гурнінгу, дзе ўдзельнікам трэба зрабіць самую смешную грымасу, прайшоў на паўночным захадзе Англіі, паведамляе New York Post.
Штогод у Эгрэмонце, графства Камбрыя, дзясяткі ахвотных спрабуюць паказаць гратэскны твар, надзеўшы вялікі конскі хамут. Пераможцу вызначаюць суддзі. На ацэнку таксама ўплываюць апладысменты і смех гледачоў.
У 2024 годзе чэмпіёнам свету ў рэкордны 19-раз стаў Томі Мацінсан. Брытанец адзначыў, што яго поспех стаў вынікам доўгіх трэніровак і генетыкі, бо яго бацька таксама быў чэмпіёнам.
«Я абавязкова вярнуся. Я хачу дасягнуць 30 перамог. Калі ты чэмпіён, то павінен вярнуцца і абараняць свой тытул», — заявіў Мацінсан.
Сярод жанчын пераможцай у восьмы раз запар стала 37-гадовая Клэр Лістэр, якая трэніруецца ў гурнінгу з падлеткавага ўзросту.
Лічыцца, што турнір зарадзіўся ў Англіі ў 1267 годзе. Тады на гарадскім кірмашы мясцовым жыхарам раздавалі яблыкі. Некаторыя з іх былі настолькі кіслымі, што людзі міжволі курчылі грымасы. Пазней гэта перарасло ў конкурс на самы смешны выраз твару.
Каментары