У Літве раскрылі махлярскую схему: перакладчыкі падказвалі замежнікам правільныя адказы на вадзіцельскім экзамене
Перакладчыкаў унеслі ў чорны спіс, а іх кліентам анулявалі пасведчанні кіроўцаў.
Людзі, якія прэтэндуюць на атрыманне пасведчання кіроўцы ў Літве, могуць здаць тэарэтычны экзамен на трох мовах: літоўскай, англійскай і рускай. Калі чалавек не валодае ні адной з іх, ён можа прыйсці разам з перакладчыкам. І вось гэтая акалічнасць, як піша LRT.lt, стварыла магчымасць для махлярства.
Як выявілася, перакладчыкі не толькі перакладалі экзаменацыйныя пытанні, але і дыктавалі сваім кліентам правільныя адказы.
Па інфармацыі супрацоўніка Regitra (літоўскага аналагу беларускага МРЭА ДАІ), адказнага за прадухіленне карупцыі, такой незаконнай дзейнасцю займаліся чатыры чалавекі. Яны перакладалі на турэцкую, азербайджанскую і арабскую мовы.
Regitra унесла гэтых людзей у свой чорны спіс, а іх кліентам (28 чалавек) анулявала пасведчанні.
Прадстаўніца Regitra па сувязях з грамадскасцю расказала журналістам, што паспяховасць здачы тэарэтычнага экзамену складае трохі вышэй за 40%. Сярод замежнікаў, якія здаюць экзамен з перакладчыкам, яна вышэй за 50%.
Regitra абяцае ў далейшым больш уважліва сачыць за сітуацыяй на экзаменах і нават збіраецца прапанаваць змены ў заканадаўства. Якія канкрэтна, пакуль невядома.
Каментары