Літва пабачыла ў закліках Рыжанкова рэкламны ход, а то і правакацыю
Заклікі міністра замежных спраў Беларусі да аднаўлення адносін з Літвой могуць быць звязаныя з выбарамі ў Сейм, лічыць спікер літоўскага парламента Вікторыя Чміліце-Нільсэн, паведамляе LRT.
«Мы гатовыя да аднаўлення кантактаў па лініі пагранічных і спецыяльных службаў, міністэрстваў і іншых ведамстваў. Можна пачаць працу з парламентарыямі або іншымі ўпаўнаважанымі літоўскімі дэлегацыямі. Мы гатовыя распрацоўваць дарожную карту па разблакаванні супрацоўніцтва, вядома, на аснове павагі суверэнітэту і права Беларусі на свой шлях развіцця», — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.
У адказ на гэта Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла BNS, што такія заявы з Мінска ўжо гучалі раней і заўсёды суправаджаліся адступленнем ад дыялогу.
«На гэты момант у нас няма прычын меркаваць, што рэжым Лукашэнкі спыніў падтрымку Расіі. Акрамя таго, мы ведаем, што ў беларускіх турмах застаюцца зняволенымі журналісты і апазіцыянеры. Пазіцыя Літвы застаецца яснай: мы падтрымліваем беларускую апазіцыю», — сказала яна, дадаўшы, што не бачыць шчырасці ў заявах Рыжанкова.
Чміліце-Нільсэн таксама адзначыла, што публікацыя гэтага каментара за дзесяць дзён да выбараў у Сейм можа быць не выпадковай.
«Не хацелася строіць здагадкі, але можна меркаваць, што гэта звязана з перадвыбарнай кампаніяй. Аднак такія заявы гучалі і раней, не толькі ў перыяд выбараў», — падкрэсліла спікер парламента.
Старшыня Камітэта Сейма па еўрапейскіх справах і часовай групы «За дэмакратычную Беларусь» Жыгімантас Павілёніс назваў заяву магчымай правакацыяй.
«Паслухайце рыторыку прарасійскіх сіл накшталт Тамашэўскага або Жамайтайціса, якія заяўляюць аб неабходнасці зносін з беларускім рэжымам. Гэта ўсё даволі шызафрэнічна, не ўсе з іх асмельваюцца заяўляць, што не падтрымліваюць Украіну, але пры гэтым настойваюць на дыялогу з Менскам», — сказаў Павілёніс.
Старшыня Камітэта Сейма па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс падтрымаў Павілёніса, адзначыўшы, што такія заявы могуць быць нацэленыя на літоўскіх выбаршчыкаў.
«Гэта спроба вярнуць страчаны ўплыў сярод грамадзян Літвы», — сказаў Зінгерыс.
У сваім каментары кіраўнік беларускай дыпламатыі таксама адзначыў, што, на думку Менска, неабходна «вярнуцца да канструктыўнага супрацоўніцтва, пакуль не позна», і папярэдзіў, што без гэтага можна дасягнуць «пункту незвароту».
Зінгерыс, аднак, заявіў, што дзеянні Мінска кажуць пра ягонае нежаданне аднаўляць стасункі.
«Хай дакажуць, што яны незалежныя ад Масквы», — заявіў Зінгерыс.
Літоўскі Сейм апошнім часам усё бліжэй да дэнансацыі некалькіх дамоваў з Беларуссю і абмяжоўвае ўдзел беларускага бізнэсу ў стратэгічных закупках. Палітыкі Літвы таксама не раз заклікалі да міжнароднай ізаляцыі Беларусі, абвінавачваючы яе ў падтрымцы Расеі ў вайне супраць Украіны і ў арганізацыі міграцыйнага крызісу на мяжы ЕС у 2021 годзе.
Каментары