У Расіі анансавалі выпуск «першага праваслаўнага месенджара». Што ён будзе сабой уяўляць?
Новы месенджар, па словах стваральнікаў, «возьме самае лепшае з сусветна вядомых сацсетак» і будзе называцца «Засіма» — у гонар памерлага праваслаўнага манаха Засімы Салавецкага, якога РПЦ лічыць святым. Сама РПЦ, пры гэтым, заяўляе, што для яе навіна пра выпуск новага месенджара стала сюрпрызам.
Расійскі фонд «Інатэх XXI», які займаецца рэстаўрацыяй праваслаўных храмаў, плануе выпусціць у лістападзе «першы праваслаўны месенджар у свеце», перадае агенцтва РІА Навіны.
Сэрвіс першапачаткова быў распрацаваны для праекта «Выратуй і захавай» па рэстаўрацыі храмаў у Яраслаўскай вобласці, а потым дадатак вырашылі зрабіць агульнадаступным. Месенджар падобны да WhatsApp і называецца «Засіма» — у гонар святога, адзначае кіраўніцтва фонду «Інатэх XXI».
Па словах стваральнікаў, «Засімай» змогуць скарыстацца ўсе вернікі, незалежна ад канфесіі, а сам рэсурс «убярэ ў сябе ўсё найлепшае з іншых папулярных сацсетак».
«Новы месенджар дазволіць вернікам мець зносіны адно з адным, абмяркоўваць рэлігійныя тэмы, атрымліваць інфармацыю аб царкоўных падзеях і арганізоўваць калектыўныя малітвы. «Засіма» будзе падтрымліваць функцыі аўдыя– і відэазванкоў, мець каляндар з царкоўнымі святамі і датамі пастоў, а таксама даваць магчымасць захоўваць нататкі і напамінкі», — распавядаюць стваральнікі месенджара з фонду «Інатэх XXI».
Пры гэтым, як заяўляюць крыніцы партала Газета.ru у Расійскай праваслаўнай царкве, там нічога не ведаюць пра выпуск новага месенджара.
«Нам нічога не вядома пра гэты праект. Дзіўна, што яго стваральнікі захацелі зрабіць гучны анонс, не абмеркаваўшы гэтую ініцыятыву з профільнымі царкоўнымі структурамі», — паведаміла адна з крыніц у РПЦ.
Каментары
:-)