Кітаец атрымаў заробак манетамі — агульная вага выплаты склала 60 кілаграмаў
Кітайская кампанія выплаціла звольненаму супрацоўніку выхадную дапамогу манетамі агульнай вагай больш чым 60 кілаграмаў. Выніковая сума такой незвычайнай выплаты склала 10 тысяч юаняў (больш за 3500 беларускіх рублёў).
Усё пачалося з таго, што кампанія па ахове здароўя ў горадзе Чанша на поўдні Кітая звольніла супрацоўніка без прычыны. Ён, у сваю чаргу, падаў у арбітражны суд на былых працадаўцаў і выйграў справу. Па выніках суда кампанію абавязалі выплаціць звольненаму супрацоўніку 10 тысяч юаняў, што ўключала ў сябе заробак супрацоўніка і кампенсацыю яму, піша The Times.
Кампанія, назву якой кітайскія медыя не называюць, зацягвала працэс выплаты. У выніку яе кіраўніцтва загадала былому супрацоўніку звярнуцца па выплату ў некалькі банкаў, каб той атрымаў дробныя грошы агульнай сумай у 10 тысяч юаняў.
Прадстаўнікі кітайскага суда былі незадаволеныя тым, што кампанія вырашыла выканаць іх прысуд такім чынам. Суд пастанавіў, што паколькі кампанія звычайна не выкарыстоўвае манеты ў сваёй дзейнасці, выплата грошай у манетах — спроба перашкодзіць таму, каб загад суда быў выкананы належным чынам. За гэта кампанія атрымала штраф памерам у 5 тысяч юаняў (каля 1760 беларускіх рублёў).
Прысуд выклікаў апладысменты прадстаўнікоў грамадскасці. Яны назвалі ўчынак кампаніі нізкім і задаліся пытаннем, ці будзе гэтая ж кампанія плаціць манетамі штраф.
Каментары