Вайна88

Масква спяшаецца з фэйкавымі рэферэндумамі, множыць пагрозы. Ці можа быць атамны ўдар? І што азначаюць сінхронныя заявы Лукашэнкі?

На фоне ваенных няўдач ва Украіне Масква пайшла на абвастрэнне сітуацыі, абвясціўшы пра «рэферэндумы» на акупаваных украінскіх тэрыторыях. Прычым рэферэндумы пачнуцца ўжо праз два дні і «адбудуцца» на тэрыторыях, дзе працягваюцца баі і амаль усё насельніцтва выехала ў бежанства. Ні пра якую адпаведнасць нормам міжнароднага права ці выкананне працэдур ужо няма гаворкі. Чакаецца, што Пуцін і Шайгу сёння выступяць з тэрміновымі заявамі.

Рэферэндумы маюць прайсці ў акупаваных частках Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей Украіны. Фота Konstantyn Liberov / Associated Press

Дэпутаты Дзярждумы Расіі сёння прынялі законапраект, які ўводзіць у Крымінальны кодэкс паняцці «мабілізацыя», «ваеннае становішча» і «ваенны час».

Таксама стала вядома, што ў так званых «ДНР» і «ЛНР» маюць намер правесці «рэферэндум» аб далучэнні да Расіі з 23 па 27 верасня — гэта значыць, менш чым праз трое сутак, хоць яшчэ некалькі дзён назад пра рэферэндумы гаварылася як пра аддаленую перспектыву.

І гэта пры тым, што Расія нават цалкам не кантралюе тэрыторый, на якіх яна збіраецца правесці рэферэндумы найбліжэйшыя дні. Здаецца, расійскія ўлады не маюць намеру ствараць нават «ілюзіі легітымнасці».

Акрамя таго,

паводле міжнароднага права, ніякія рэферэндумы, тым больш аб аддзяленні тэрыторый, не могуць праводзіцца на акупаваных тэрыторыях.

Калі расіяне абвесцяць, што «рэферэндумы» адбыліся, і пойдзе на незаконную анексію ўкраінскіх тэрыторый, то гэта створыць новую рэальнасць. Раней Украіна абмяжоўвалася толькі кропкавымі ўдарамі па тэрыторыі, якую Расія лічыла сваёй, але ніколі яе войскі не заходзілі не толькі ў Белгарад, але і ў Крым.

А цяпер Расія можа заявіць, што ўкраінскія войскі, прысутныя ў Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцях Украіны — акупацыйныя. Маўляў, яны незаконна знаходзяцца на расійскай тэрыторыі. Расія можа патрабаваць вываду гэтых украінскіх войскаў з Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей Украіны. Украіна, імаверна, адмовіцца, і гэта можа стаць фармальнай падставай для абвяшчэння паўнавартаснай мабілізацыі ў Расіі. Крэмль пераназаве «спецаперацыю» у «вызваленчую» вайну ад «бандэраўскіх» захопнікаў.

Больш за тое, паводле расійскай ядзернай дактрыны Расіі, гэтая краіна можа ўжыць ядзерную зброю супраць іншай краіны, калі «пад пагрозу пастаўлена само існаванне дзяржавы». Вельмі расплывістая фармулёўка, якая можа азначаць што заўгодна.

Незразумела, ці насамрэч Расія гатовая арганізацыйна правесці мабілізацыю, улічваючы апошнія паразы на фронце, палітычную апатыю і пасіўнасць расійскага насельніцтва, разгром перадавых частак і каласальны ціск з боку міжнароднай супольнасці.

Чытайце таксама: Мы ўступаем у момант слабасці Расіі. Дзевяць высноў з вайны ва Украіне для беларусаў

Украінцы, відавочна, не адмовяцца ад сваіх тэрыторый. Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, 88% украінцаў супраць тэрытарыяльных саступак Расіі. Напад Расіі на Украіну згуртаваў украінскае грамадства. 92% жыхароў Украіны хочуць у ЕС, 79% — у НАТА.

Кіраўнік МЗС Украіны Кулеба заявіў, што «рэферэндумы» нічога не зменяць і краіна працягне вызваляць свае тэрыторыі ваенным шляхам.

Кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак лічыць «наіўным шантажом» абвешчаныя «рэферэндумы аб далучэнні да Расіі» ў самаабвешчаных ДНР і ЛНР. Каментуючы гэтыя навіны ў сваім тэлеграм-канале, ён паабяцаў сілай «вырашыць расійскае пытанне».

«Яны мяркуюць, што незаконны «рэферэндум» зможа спыніць HIMARS і ВСУ на шляху знішчэння акупантаў на нашых землях. Толькі вы сапраўды ўпэўненыя, што хочаце змарнаваць свой час не на арганізацыю адступлення, а на гэта новае шоу? Паспрабуйце… будзе цікава…» — заявіў саветнік офіса Зяленскага Падаляк.

Трывожнасці сітуацыі надае той факт, што Уладзімір Пуцін выступіць у аўторак, 20 верасня, на тэму «рэферэндумаў» са зваротам да расіян. Зварот будзе транслявацца па федэральных тэлеканалах, ён можа выйсці ў эфір да канца дня 20 верасня. Магчыма, увечары 20 верасня са зваротам выступіць і міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу, які раней такога не рабіў ні разу.

Учора ж прэзідэнт Украіны Зяленскі сабраў Стаўку вярхоўнага галоўнакамандуючага, на якой прысутнічалі Залужны, Данілаў і іншыя ўкраінскія топ-сілавікі. Раней пасяджэнні Стаўкі папярэднічалі значным ваенным аперацыям — контрнаступу пад Херсонам і ўдару пад Балаклеяй.

Тым часам заходнія палітыкі ўжо пачалі заяўляць, што ніякіх «рэферэндумаў» на акупаваных украінскіх тэрыторыях яны прызнаваць не будуць. Пра гэта заявілі, у прыватнасці, Белы дом і нямецкі канцлер Шольц.

Нават паслядоўны перамоўнік з прэзідэнтам Расіі Эманюэль Макрон назваў арганізацыю рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях «цынізмам і правакацыяй».

«Ідэя рэферэндуму ў Данбасе была б смешнай, калі б яна не была такой трагічнай», — заявіў прэзідэнт Францыі.

«Рэферэндумы на Данбасе не будуць мець юрыдычных наступстваў, увесь працэс — гэта пародыя», — сказаў Макрон.

У той самы дзень з вострымі заявамі выступіў Аляксандр Лукашэнка. Хоць 1 верасня ён паабяцаў амністыю для часткі палітвязняў, 20 верасня на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі ён запатрабаваў працягу рэпрэсій.

«Ва Украіне ўжо ствараюцца нейкія не тое палкі, не тое батальёны для звяржэння не толькі ўлады. Але для таго каб перавярнуць, адарваць Беларусь і далучыць да блока НАТА. Зноў хочуць новую Украіну тут у Беларусі стварыць. Гэта недапушчальна. Я пра гэта кажу шчыра і адкрыта. Каб ведалі», — падкрэсліў Лукашэнка.

«Нам нельга супакойвацца. Мы ў гэтым катле. Нам спакойна жыць не дадуць. Нас увесь час будуць ціснуць па ўсіх напрамках. А гэтыя «свядомыя» — гэта ворагі. Разумееце, гэта ўжо ворагі, калі не разумеюць, што адбываецца вакол, і ствараюць тут праблемы», — сказаў ён.

Праз апошнія крокі Крамля, лічыць палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі, Лукашэнку робіцца ўсё больш дыскамфортна. Той, мяркуе эксперт, ужо даўно адчуў, што так званая спецаперацыя не ідзе паводле плана і што крокі Пуціна будуць балюча адгукацца і Расіі, і Беларусі, але выскачыць з гэтай каляіны Лукашэнка не можа, бо ён апынуўся ў фатальнай залежнасці ад Крамля.

Хаця Лукашэнку і трэба разблакаваць камунікацыю з Захадам, але ж ён знаходзіцца пад пільным наглядам Масквы, больш за тое — баіцца выпусціць палітвязняў, каб не расхістаць сітуацыю ўнутры Беларусі. Сказаць Пуціну, каб той выводзіў свае войскі з Беларусі, Лукашэнка таксама не можа, мяркуе Класкоўскі.

Але пры гэтым аналітык звяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка па-ранейшаму спрабуе адкруціцца ад адпраўкі беларускіх войскаў ва Украіну. Таму ён дэманізуе НАТА і Польшчу, але гэта, па меркаванні Класкоўскага, адмазка: маўляў, мы абараняем вас ад Захаду.

«Сённяшнія крокі Крамля — гэта для Лукашэнкі яшчэ і новы сімптом, што ён уліп з саўдзелам у агрэсіі. Паколькі сітуацыя ва Украіне будзе абвастрацца, Лукашэнку мала не здасца, і ён не ведае, што рабіць. Варта адзначыць яшчэ і яго павышаную трывожнасць, якая выявілася ў сённяшняй фразе пра тое, што «свядомыя — гэта ворагі», — адзначае аналітык.

Цяжка сказаць, ці зможа Расія пераламіць ход вайны. У апошні месяц ініцыятыва на фронце цалкам перайшла да ўкраінцаў, а расійская армія дэманструе праблемы як з жывой сілай, так і з тэхнікай. Расійская авіяцыя па-ранейшаму не можа прабіць украінскай супрацьпаветранай абароны, а расійскія часці настолькі недаўкамплектаваныя, што іх папаўняюць зэкамі.

Няяснасці новай сітуацыі дадае той факт, што Уладзімір Пуцін пайшоў на апошнія крокі пасля сустрэчы з кіраўніком Кітая Сі Цзіньпінам, якая адбылася на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Самаркандзе. 

Сітуацыя ўсё больш нагадвае момант Карыбскага крызісу 1962 года, калі свет балансаваў на мяжы ядзернай вайны.

«Вельмі верагодная скорая вайсковая эскалацыя ў Украіне з боку Масквы, — сказаў «Нашай Ніве» палітычны аналітык Андрэй Елісееў. — Усведамляючы гэта, Лукашэнка збіраецца яшчэ болей заціскаць гайкі ва ўсіх сферах, перадусім каб не спарадзіць сумневы Крамля, што ён можа згубіць кантроль у Беларусі. Паколькі мажлівыя новыя (хай сабе не на паперы, а на практыцы) элементы ваеннага становішча ў Беларусі, то імаверныя як абмежаванні ўезду / выезду з Беларусі, так і актуалізацыя занепакоенняў наконт мажлівага удзелу беларускіх вайскоўцаў у агрэсіўных дзеях. У цэлым, пагроза беларускай і ўкраінскай дзяржаўнасці застаецца надзвычайнай», — кажа Елісееў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: Чаму Крэмль вырашыў «неадкладна» анексаваць украінскія тэрыторыі — тлумачэнне «Медузы»

Каментары8

  • Баба Гэля
    20.09.2022
    Як хочацца Амерыцы, каб Расея ужыла ядэрную зброю...
  • Абыр
    20.09.2022
    Уверен на сто процентов, что ядерное оружие РФ в таком же состоянии, как и всё остальное.
    К сожалению, его настолько много, что хоть что то да полетит.
  • Яська-гаспадар з-пад Вільні»
    20.09.2022


    «…Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы
    маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць
    зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца,
    — но не жаль згінуць за тваю праўду…
    Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае
    розум і науку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука
    праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не
    будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, — адно намі, як скацінай,
    варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы
    кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не
    будзе.


     

    Твой
    слуга


     

    Яська-гаспадар
    з-пад Вільні»

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа14

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

У эфіры БТ выйшаў шпіёнскі фільм пра асуджаных Дзмітрыя Пазнякова і Томаша Бярозу4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?8

Сталі вядомыя прозвішчы яшчэ сямі чалавек, вызваленых праз памілаванне

Расійскія вайсковыя караблі пакінулі базу ў сірыйскім Тартусе10

Прапаганда піша, што сын экс-кіраўніка МЗС Украіны купіў «Жалезны трон» за $1,5 мільёна. Праўда?7

Выйшаў на волю заснавальнік «Кальяннай №1» Іван Мураўёў2

На Расію ўпаў астэроід21

Парламент Паўднёвай Карэі прагаласаваў за адмену ваеннага становішча2

У Белгідрамеце расказалі, чаго чакаць ад цяперашняй зімы4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа14

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →