«Лукашэнка ўліп». Класкоўскі — пра рэферэндум, мабілізацыю і сённяшнія заявы Лукашэнкі
20 верасня расійская Дзярждума прыняла законы, якія акрэсліваюць паняцці мабілізацыі і ваеннага становішча, на акупаваных тэрыторыях Украіны прызначылі спешныя рэферэндумы аб уваходжанні іх у склад Расіі, а Лукашэнка даручыў рыхтавацца да абароны дзяржавы па нормах ваеннага часу. «Наша Ніва» спытала ў палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага, што гэта ўсё можа значыць.
Аляксандр Класкоўскі раіць не перабольшваць значэння гучных законаў, якія сёння прыняла расійская Дзярждума.
Ён нагадвае, што яны былі прынятыя Думай у другім і трэцім чытанні, а ў першым чытанні ніжняя палата расійскага парламента разглядала іх яшчэ ўлетку, так што асабліва новага ў іх нічога няма.
На думку Класкоўскага, за гэтымі законамі стаіць жаданне закруціць гайкі: «Відавочныя праблемы з дысцыплінай і матывацыяй тых, хто сёння ўдзельнічае ў баявых дзеяннях ва Украіне і каго могуць заўтра туды паслаць.
Усе гэтыя захады скіраваныя на тое, каб застрашыць людзей, калі хочаш ты ці не хочаш, але мусіш ісці на гэтую вайну, і няма чаго здавацца ў палон, бо за гэта таксама ўстанаўліваецца крымінальная адказнасць. Карацей, гэта жаданне бізуном матываваць ваякаў, цяперашніх і будучых, якія, відаць, не надта хочуць ахвяраваць жыццём дзеля імперскіх інтарэсаў».
Што да тэрміновага прызначэння рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях, палітолаг мяркуе, што яно можа быць выкліканае хуткім украінскім контрнаступам.
Крэмль, кажа Класкоўскі, хоча ўвесці акупаваныя ўкраінскія землі ў склад Расіі, каб потым казаць, што рускія, маўляў, абараняюць святыя рубяжы Айчыны, і развязаць сабе рукі: «Адна рэч, калі гэта «спецаперацыя» на ўкраінскай тэрыторыі, і іншая — калі гэта нібыта абарона расійскіх зямель. Тады ўжо можна казаць, што мы можам скінуць на вас ядзерную бомбу, бо гэта наша зямля, а вы — агрэсары».
Аналітык кажа, што правядзенне рэферэндумаў — не ініцыятыва лідараў марыянеткавых утварэнняў на тэрыторыі Украіны, гэтыя людзі цалкам кіраваныя Крамлём і цяпер проста атрымалі адмашку на галасаванне.
Прынятае рашэнне абвастрае сітуацыю, бо натуральна, што ўкраінцы настроеныя адваяваць свае землі, між тым як пасля «рэферэндумаў» працяг іх наступу будзе ўспрымацца ў Маскве больш жорстка — як напад на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.
Праз гэтыя крокі Крамля, лічыць Класкоўскі, Лукашэнку робіцца ўсё больш дыскамфортна. Той, мяркуе эксперт, ужо даўно адчуў, што так званая спецаперацыя не ідзе паводле плана і што крокі Пуціна будуць балюча адгукацца і Расіі, і Беларусі, але выскачыць з гэтай каляіны Лукашэнка не можа, бо ён апынуўся ў фатальнай залежнасці ад Крамля.
Хаця Лукашэнку і трэба разблакаваць камунікацыю з Захадам, але ж ён знаходзіцца пад пільным наглядам Масквы, больш за тое — баіцца выпусціць палітвязняў, каб не расхістаць сітуацыю ўнутры Беларусі. Сказаць Пуціну, каб той выводзіў свае войскі з Беларусі, Лукашэнка таксама не можа.
Таму, мяркуе палітычны аналітык, Лукашэнка вымушаны дэклараваць саюзніцкую вернасць Крамлю. Напрыклад, падчас сённяшняй нарады з дзяржсакратаром Рады бяспекі Вальфовічам ён казаў: трэба адкрыта напісаць у новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, што Беларусь мае фактычна адны ўзброеныя сілы з Расіяй. Класкоўскі называе гэтае прызнанне вельмі красамоўным, якое пацвярджае меркаванне аналітыкаў аб тым, што вайсковы суверэнітэт Беларусі страчаны. Але пры гэтым аналітык звяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка па-ранейшаму спрабуе адкруціцца ад адпраўкі беларускіх войскаў ва Украіну. Таму ён дэманізуе НАТА і Польшчу, але гэта, па меркаванні Класкоўскага, адмазка: маўляў, мы абараняем вас ад Захаду.
«Сённяшнія крокі Крамля — гэта для Лукашэнкі яшчэ і новы сімптом, што ён уліп з саўдзелам у агрэсіі. Паколькі сітуацыя ва Украіне будзе абвастрацца, Лукашэнку мала не здасца, і ён не ведае, што рабіць. Варта адзначыць яшчэ і яго павышаную трывожнасць, якая выявілася ў сённяшняй фразе пра тое, што «свядомыя — гэта ворагі».
Вось вам і фальшывасць тэзы пра народнае адзінства. Народ для Лукашэнкі — гэта яго памагатыя і тыя, хто яго падтрымлівае, а астатнія — гэта ворагі», — падсумоўвае аналітык.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары