Нерухомасць1919

Кухня ў калідоры. Фантастычны дызайн у аднапакаёўцы на 44 квадратных метрах у «Мінск-Свеце»

Невялікая аднапакаёўка ва ўмелых руках дызайнера ператварылася ў функцыянальнае і камфортнае жыллё. Выглядае стыльна і, што яшчэ важней, прасторна — на плошчы ў 44,5 квадрата дамагчыся такога эфекту не так проста. Дызайнер уклаў $35 000 у рамонт новай кватэры і зрабіў там класны інтэр'ер, піша «Onliner».

Сяргей Сяргееў — архітэктар і дызайнер з 25-гадовым стажам. Праектаваў прыватныя дамы ў Іспаніі, ЗША, Расіі. Мабыць, яго можна назваць эксперыментатарам: некаторыя тварэнні адмыслоўца сапраўды не назавеш стандартнымі. Адно з апошніх — малюсенькія апартаменты плошчай усяго 4 квадратныя метры.

— У Санкт-Пецярбургу даволі шмат апарт-комплексаў. Памяшканні ў іх выглядаюць як звычайныя кватэры, але юрыдычна з'яўляюцца камерцыйнымі аб'ектамі, таму ў іх нельга прапісацца. Але жыць і працаваць можна. У адным такім будынку я знайшоў невялікую кладоўку. Высветлілася, што да яе можна падвесці каналізацыю і вентыляцыю. У выніку набыў яе за $5000 і стварыў інтэр'ер, разлічаны на аднаго чалавека, — распавядае Сяргей.

За кошт высокіх трохметровых столяў дызайнеру ўдалося змясціць у прастору два паверхі. На першым размяшчаецца кухня з плітой (схаваная ў высоўнай скрыні), мікрахвалеўкай, халадзільнікам і працоўнай паверхняй. Яшчэ тут ёсць маленькі столік і крэсла, а за дзвярыма хаваецца санвузел з душам (зроблены па прынцыпе герметычнай капсулы). Ну а на другім паверсе ўстаноўлены паўнацэнны ложак памерам 1,40 на 2 метры.

Па словах Сяргея, ён патраціў на рамонт больш грошай, чым планаваў, ды і па тэрмінах усё расцягнулася на пяць месяцаў замест двух. Усё таму, што ўсярэдзіне мог працаваць усяго адзін будаўнік.

— Пасля таго як я выставіў аб'ект на продаж, яго набылі на працягу тыдня прыкладна за $10 000. Наколькі я ведаю, новы ўладальнік будзе здаваць яго турыстам.

У 2019 годзе Сяргей разам са сваёй дзяўчынай купіў аднушку ў «Мінск-Свеце» і зноў самастойна займаўся ёю.

— Мы жывём на тры краіны, і кватэра ў Мінску павінна была стаць адной з кропак, дзе мы можам спыніцца. Нам падабаўся гэты раён, тут усё даволі хутка развіваецца: адкрываюцца крамы, рэстараны. Можна ледзь не ў тэпціках спускацца на каву — вельмі зручна.

Атрыманыя 44,5 «квадрата» чарнавога аздаблення на 22-м паверсе новага вышыннага дома абышліся пары ў $65 000 па курсе. Наступныя месяцы аднапакаёўка стаяла некранутай — у Сяргея не хапала на яе часу. Знайсці яго «дапамог» каранавірус.

— Я накідаў ідэю і прыехаў яе ўвасабляць. Большую частку работ я выканаў сваімі рукамі: тынкаваў і фарбаваў сцены, укладваў плітку, майстраваў подыум і корпусную мэблю. Дзякуючы гэтаму, зэканоміў прыстойныя грошы.

Сяргей прызнаўся, што яму падабаецца пераўтвараць невялікія прасторы, у якіх, на першы погляд, немагчыма штосьці размясціць.

— Людзі набываюць кватэры, у якіх 15-20% плошчы з'ядае іх нерацыянальнае выкарыстанне. Таму, прадумваючы планіроўку, я стараюся, каб кожны квадратны метр быў задзейнічаны. Ва ўласным жыллі я хацеў зрабіць максімальную колькасць функцыянальных зон. Тут ёсць і кухня са сталовай і барным кутком, і спальня з гасцінай. Гэта дастаткова шмат. А за кошт вялікіх вокнаў і шкляных перагародак ствараецца адчуванне, што кватэра куды прастарнейшая, чым ёсць насамрэч.

Візуальна павялічваюць памяшканне і цёмна-шэрыя столі пад бетонныя перакрыцці, якія кантрастуюць з белымі сценамі. Гэта даволі бюджэтны і просты спосаб дадаць пакою недастатковай вышыні.

— Сцены часткова пафарбаваныя, часткова аформленыя пад дэкаратыўную цэглу. Спачатку я спрабаваў зрабіць адбітак з дапамогай спецыяльнага сіліконавага валіка, але з гэтага нічога не выйшла. Тады я купіў танную гіпсавую сумесь, нанёс яе шпаталем (прыкладна 5 мм у таўшчыню), даў паўгадзіны падсохнуць, а пасля кавалкам арматуры выразаў контуры цаглін і крыху іх шліфаваў. Атрымалася прыгожа.

Па ўсёй кватэры на падлозе выкладзены ламінат, а ў ванным пакоі — плітка (з падагрэвам). 

Адным з важных дызайнерскіх рашэнняў Сяргей лічыць размяшчэнне кухні прама ў калідоры. Такім чынам яму ўдалося захаваць дадатковыя метры для іншых зон.

— Істотным плюсам з'яўляецца тое, што падчас гатавання вы застаяцеся ў кантакце з гасцямі, якія могуць сядзець хоць у гасцінай, хоць у спальні. Пры гэтым ад іх вачэй схаваныя такія непрывабныя элементы, як, напрыклад, мыйка з брудным посудам.

Кухонны гарнітур архітэктар распрацоўваў самастойна, а збіралі яго гродзенскія мэбельшчыкі. Хоць гэты працэс і адбываўся на адлегласці, упісалася ўсё ідэальна.

— Я прадугледзеў у кватэры не толькі абедзенную групу, але і барную стойку, каб можна было ствараць сабе розны настрой. За барнай стойкай можна папрацаваць або проста выпіць бакал віна, а за сталом — сабраць гасцей.

Асобнай увагі заслугоўвае гасцёўня, якая ўзвышаецца на драўляным памосце.

— Мы даведаліся, што на апошнім паверсе столі вышэйшыя, чым на астатніх. І гэтыя лішнія 30 см я трансфармаваў у подыум. Ён якраз устаў ва ўзровень з вокнамі, і цяпер усё выглядае так, быццам яны вырастаюць з падлогі, нібы французскія балконы.

Дарэчы, у подыум убудаваны музычны цэнтр, а яшчэ тут прадугледжана некалькі люкаў, за якімі хаваюцца месцы для захоўвання.

Наогул, з гэтым у кватэры ўсё ў парадку, запэўнівае архітэктар: шафы для рэчаў маюцца і ў пярэднім пакоі, і нават за драўлянай панэллю ў спальні.

— Чым менш рэчаў перад вачыма, тым лепш выглядае дызайн.

Магчыма, менавіта па гэтай прычыне ў аднапакаёўцы мінімум дэкору. Затое ён эксклюзіўны: усе карціны пісаў асабіста Сяргей.

Асвятленне ў кватэры таксама прадуманае: ёсць некалькі сцэнарыяў падсветкі: больш яркі і ўрачысты рэжым ці больш інтымны.

На рамонт аб'екта герой патраціў 4 месяцы і каля $35 000 у эквіваленце. Кажа, што цяпер за такія грошы рэалізаваць такі праект немагчыма: усё ж будматэрыялы істотна падаражалі.

У цяперашні час аднапакаёўка ў «Мінск-Міры» прадаецца за 114500 у. а.

— У апошні час мы рэдка бываем у Беларусі, таму вырашылі, што кватэра нам тут ні да чаго. Тым больш мы ўжо паспелі атрымаць асалоду ад яе і гатовыя рухацца далей. Трэба прыдумляць нешта новае, — дадае Сяргей.

У Раўбічах на продаж выставілі асабняк за 2 млн даляраў. Вось як выглядае сёння самы дарагі дом Беларусі знутры ФОТА

Цікавае архітэктурнае рашэнне: у старым будынку ў Брэсце адкрылі краму, захаваўшы аўтэнтычныя сцены

Як прадаць нерухомасць у Беларусі, калі вы знаходзіцеся за мяжой?

Каментары19

  • своенравная дочка Макса Дизайнера
    03.08.2022
    "Фантастычны дызайн"
    госпадзе... хто ў вас загалоўкі прыдумвае? ну пэўна той, каму невядомы фантастыка і дызайн

  • циник
    03.08.2022
    Схему-чертеж сверху было бы неплохо, потому что интерьрные фотографии не дают представления о распределении на зоны
  • ром
    03.08.2022
    Нехило живут белорусики… а мы вот все недовольные скитаемся

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА11

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА

Усе навіны →
Усе навіны

«Да 15 гадзін — праца, пасля абеду — уборка ўсёй тэрыторыі без швабры». Палітвязень распавёў, як сядзеў за пратэсты ў калоніі для непаўналетніх

Універсітэцкага выкладчыка фізікі з Гродна будуць судзіць за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»2

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця8

Трамп назваў імёны кіраўнікоў Дзярждэпа і Нацыянальнай выведкі9

«Падробка архіўнай даведкі — 4500 еўра». Як беларусы шукаюць у сябе польскія карані і як купляюць польскае паходжанне10

У Белым доме прайшла сустрэча Трампа з Байдэнам ФОТАФАКТ

Навукоўцы адрадзілі вымерлую жывёліну без кланавання. Якім чынам ім гэта ўдалося?3

Канапацкая адказала, ці ёсць у яе нямецкі ДНЖ4

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА11

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА

Галоўнае
Усе навіны →