У Раўбічах на продаж выставілі асабняк за 2 млн даляраў. Вось як выглядае сёння самы дарагі дом Беларусі знутры ФОТА
У Раўбічах на беразе Дуброўскага вадасховішча выставілі на продаж асабняк, які бачылі ўсе, хто калі-небудзь бываў у гэтай вёсцы за 15 кіламетраў ад Мінска. Ён каштуе 2 мільёны даляраў і на сёння зʼяўляецца самым дарагім домам, які прадаецца ў Беларусі, піша realt.by. Глядзім, як ён выглядае.
Дом знаходзіцца на вуліцы Алімпійскай — на беразе вадасховішча і недалёка ад рэстарана «Дубровъ». У абʼяве асабняк называюць «французскім замкам».
Трохпавярховы дом пабудаваны з блокаў і мае плошчу 611 квадратных метраў.
— Усе будаўнічыя працы выконваліся па праектных чарцяжах, у строгай адпаведнасці з тэхналагічнымі працэсамі і веданнем найноўшых тэндэнцый сучаснага загараднага будаўніцтва, — сказана ў абʼяве.
У доме ёсць усе камунікацыі: святло, газ, водаправод, каналізацыя, аптавалакно.
Унутры — шмат пакояў, кабінет, лазня, більярдная і вялікая тэраса з відам на вадасховішча.
Зямельны ўчастак — 23 соткі, прыватызаваны. Зроблены ландшафтны дызайн з дэкаратыўным асвятленнем. Ёсць газон, сад, зробленае брукаванне тратуарнай пліткай.
За дом просяць два мільёны даляраў. Цяпер гэта самы дарагі дом, які прадаецца ў Беларусі.
Каментары