Падчас вайны ў Нагорным Карабаху і расійска-ўкраінскай вайны на ўвесь свет прагрымелі турэцкія беспілотнікі «Байрактар». На думку многіх вайсковых спецыялістаў і аглядальнікаў, дроны ўнеслі істотныя змены ў прынцыпы вядзення вайны. Цікава, што Турцыя (якая стала адным з сусветных лідараў у вытворчасці вайсковых беспілотнікаў) мае амбітныя планы і на беспілотныя верталёты.
Турэцкая армія ў хуткім часе атрымае першыя беспілотныя верталёты, якія будуць выкарыстоўвацца для выканання задач разведкі, баявога патрулявання, дастаўкі ўзбраення і грузаў.
Першыя такія верталёты са штучным інтэлектам пачнуць выкарыстоўвацца арміяй у барацьбе з курдскімі паўстанцамі.
Адной з пераваг беспілотнага верталёта у параўнанні са звычайнымі дронамі з'яўляецца магчымасць палётаў пад аблокамі, што дазваляе выкарыстоўваць яго ў любых умовах надвор'я. Разам з вырашэннем ваенных задач беспілотнік можа таксама выкарыстоўвацца для тушэння лясных пажараў, у сельскай гаспадарцы, для аховы цывільных аб'ектаў.
Запыты на набыццё беспілотніка паступаюць з-за мяжы, галоўным чынам ад нафтаздабываючых краін.
Вага беспілотнага верталёта складае 250 кг, аналагічнай ёсць і яго карысная нагрузка. Ён здольны знаходзіцца ў паветры на працягу 8 гадзін і здзяйсняць палёты на вышыні 6,5 км.
Гаворка ідзе пра мадэль Alpin кампаніі TITRA. Мадэль першапачаткова выкарыстоўвалася ў цывільных місіях (для тушэння лясных пажараў), але будзе мадэрнізаваная для ваенных місій.
Перапрацаваны верталёт будзе выкарыстоўвацца ў першую чаргу для матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі, разведкі і атрымання фатаграфій.
У кампаніі зараз працуюць над распрацоўкай і іншых беспілотных сістэм.
Будуць розныя мадыфікацыі верталёта. Верталёт абсталююць не толькі зброяй і боепрыпасамі, але і іншымі сістэмамі ды карысным грузам.
Кампанія зацікаўленая ў інтэграцыі розных відаў цяжкага ўзбраення, але прыярытэтам з'яўляецца такая зброя, як ракеты або рэактыўныя снарады. Усе гэтыя планы будуць увасобленыя ў жыццё ў 2023 годзе, а пакуль што прыярытэт інжынераў — падагнаць Alpine пад ваенна-лагістычныя патрэбы арміі.
Наступная мадэль, якая можа паступіць на ўзбраенне турэцкай арміі — T629, вытворца — кампанія Turkish Aerospace Industries, якія распрацоўвае апараты для турэцкай арміі.
Прататып упершыню быў прадэманстраваны яшчэ ў 2021 годзе, а ўвогуле над праектам працуюць з 2017-га.
T629 будзе важыць 6 тон і будзе абсталяваны 70-мм некіравальнымі ракетамі і супрацьтанкавымі ракетамі L-UMTAS.
T629 прызначаны для выкарыстання ў якасці платформы для пошукава-выратавальнай, супрацькарабельнай і супрацьлодкавай барацьбы, а таксама для падтрымкі існуючых у Турцыі пілатаваных верталётаў T129 ATAK пры выкананні службовых і разведвальных задач.
Верталёт паступіць на ўзбраенне таксама ў 2023 годзе.
Каб знізіць выдаткі на распрацоўку і вытворчасць, T629 выкарыстоўвае многія кампаненты верталёта T625 Gökbey.
Дызайнам T629 нагадвае пілатаваны T129 ATAK, але ён мае карысную нагрузку на адну тону большую.
Каментары