Джэй Ло і Бен Афлек нарэшце ажаніліся! Згадваем іх гісторыю кахання
Спявачка Джэніфер Лопес і акцёр Бен Афлек пабраліся шлюбам. Праз 20 гадоў адна з самых легендарных пар нулявых нарэшце разам. Згадваем усе дэталі гэтай культавай гісторыі кахання.
Лопес і Афлек упершыню сустрэліся ў снежні 2001 года на здымках рамантычнай камедыі «Джыльі». У стужцы яны гралі злачынцаў, якія «працуюць» над адной справай, і з таго часу пачалі сябраваць у сапраўдным жыцці. Што да фільма, то ён атрымаўся не самым удалым — на цырымоніі «Залатая маліна» 2005 года стужка была прызнаная горшай камедыяй за першыя 25 гадоў існавання прэміі.
У красавіку 2002 года папаўзлі чуткі пра тое, што паміж Лопес і яе партнёрам па фільму нешта ёсць. У той час Бен апублікаваў у прэсе паведамленне для Джэніфер, дзе хваліў актрысу і шкадаваў, што не зняўся ва ўсіх фільмах з яе ўдзелам. Подпіс пад паведамленнем сведчыў: «З любоўю, павагай і ўдзячнасцю, Бен Афлек». Тады таблоіды загаварылі пра тое, што гэтае прызнанне выглядае больш чым сяброўскім.
24 ліпеня 2002 года Джэй Ло прадставіла Афлека сваім родным і праз два дні падала на развод з танцорам Крысам Джадам, які тады быў яе мужам. Сам Джад ніколі не казаў пра тое, нібыта Афлек адыграў ролю ў яго расстанні з Лопес, таму, верагодна, яшчэ і да Бена зорны шлюб даў трэшчыну.
Хутчэй за ўсё, за паўтара года шлюбу Джад так і не здолеў звыкнуцца з увагай таблоідаў і папарацы, ад якіх не схавацца, калі жывеш з зоркай накшталт Джэй Ло. Джэніфер, у сваю чаргу, хацела ад мужа сапраўдных дасягненняў, а не прагі да тусовак.
За раманам Джэн і Бена сачыў увесь свет. У жніўні 2002 года часопіс People заплаціў 75 тысяч даляраў за дзевяць фота Лопес і Афлек у кабрыялеце, на адным з гэтых фота яны цалаваліся. А ў лістападзе выйшаў кліп Джэй Ло Jenny from the block, у якім яе паўсюль суправаджаў Бен.
Пара была такой папулярнай, што ёй нават прыдумалі асобную назву — Беніфер. Зараз з аналагічных «мянушак» хіба можна ўспомніць назву Бранджаліна — так называлі саюз Брэда Піта і Анджаліны Джалі.
У канцы 2002 года, усяго праз некалькі месяцаў пасля разводу Джэй Ло, каханыя заручыліся. Бен зрабіў Джэніфер прапанову ў доме сваёй маці ў Бостане. Пазней спявачка ўзгадвала, што ўвесь дом быў усыпаны пялёсткамі ружаў, паўсюль стаялі вазы з кветкамі і запаленыя свечкі, для атмасферы Бен уключыў песню Лопес Glad. Так на пальцы Джэн з'явіўся пярсцёнак з велізарным ружовым брыльянтам у 6,1 карат коштам амаль у 2,4 мільёны даляраў.
А потым пачаліся выпрабаванні. У ліпені 2003 года Афлек вырашыў наведаць стрып-клуб у Ванкуверы, дзе здымаўся ў стужцы «Час расплаты». Медыя пісалі, што той ноччу Афлек зрадзіў нявесце як мінімум з адной жанчынай і што здрада магла быць зафіксаваная на відэа. Але ж пазней з'явіліся звесткі, нібыта акцёр той ноччу піў толькі ваду і не дакрануўся ні да адной са стрыптызёрак.
У верасні 2003 года Джэн і Бен збіраліся ісці да алтара, але за дзень да цырымоніі абвясцілі, што адкладаюць вяселле. Каханыя патлумачылі гэта празмернай увагай медыя: маўляў, «мы заўважылі, што сур'ёзна разважаем пра тое, каб наняць трох розных нявестаў-падманак, мы зразумелі, што нешта не так».
Тады, у нулявых, Афлек так і не пабраўся шлюбам з Лопес. У студзені 2004 года, праз чатыры месяцы пасля адмененага вяселля, пара абвясціла, што разрывае заручыны.
Ім спатрэбілася 17 гадоў, каб зразумець, што яны ўсё-такі жадаюць быць разам. У гэты час Джэн і Бен падтрымлівалі сяброўскія адносіны і заўсёды з павагай выказваліся адзін пра аднаго ў інтэрв'ю.
Яны завялі ўласныя сем'і. Джэй Ло выйшла замуж за спевака Марка Энтані, ад якога нарадзіла блізнят Эму і Макса (зараз ім 14 гадоў). Афлек ажаніўся на актрысы Джэніфер Гарнер, якая стала маці ягоных трох дзяцей: Ваялет (16 гадоў), Серафіны (14 гадоў) і Самюэля (10 гадоў).
Другі шанец
Вясной 2021 года Лопес перажывала цяжкі разрыў з былым бейсбалістам Алексам Радрыгесам. Менавіта тады, як лічаць, Джэн зноў пачала сустракацца з Бенам. У ліпені таго ж года Лопес і Афлек выклалі ў Інстаграме фота з пацалункамі са святкавання 52-годдзя Джэніфер, а ў верасні, на Венецыянскім кінафестывалі, пара ўпершыню за доўгі час з'явілася разам на чырвонай дарожцы.
У красавіку 2022 года, калі Джэніфер прымала ванну з пенай, Афлек зноў зрабіў ёй прапанову. Пра гэты шчаслівы момант Джэй Ло расказвала так: «Ён заспеў мяне абсалютна знянацку, я проста глядзела ў яго вочы, усміхалася і адначасова плакала, спрабавала ўсвядоміць, што праз 20 гадоў гэта адбываецца зноў, у мяне літаральна адняло мову, і ён сказаў: гэта «так»? Я адказала: «Так, канешне, гэта так!».
Пасля больш чым 20 гадоў знаёмства, адносін і расстання каханыя нарэшце пабраліся шлюбам. Адбылося гэта 16 ліпеня ў адной з капліц амерыканскага Лас-Вегаса. Як апісвае гэта наваяўленая місіс Афлек, яна была ў сукенцы са старога фільма, а жаніх апрануў пінжак з уласнага шкафа. Цырымонію Джэй Ло назвала «лепшым магчымым вяселлем, якое мы былі здольныя ўявіць».
Кажуць, што каханыя ўжо набылі для сябе агульнае гняздзечка. Кошт іх новага асабняка складае 50 мільёнаў даляраў, там ёсць басейн, 10 спальняў, 17 ванных пакояў, сады, каміны, вінны склеп і хатні кінатэатр. Дом быў пабудаваны ў 1930-х гадах.
Каментары