Ад кахання да скону да судовага пазову. Гісторыя складаных адносін Шакіры і Жэрара Піке
Некалі яны былі прыгожай парай, а цяпер Шакіра і Жэрар Піке гатовыя змагацца адно з адным у судах. Расказваем гісторыю адносін знакамітай спявачкі і гульца «Барселоны».
Шакіра і Піке пазнаёміліся ў 2010 годзе ў Мадрыдзе перад футбольным чэмпіянатам свету ў ПАР. Калумбійка была музыкальным тварам турніру, Піке — абаронцам іспанскай зборнай. Гульца запрасілі паўдзельнічаць у здымках кліпа на песню Шакіры Waka Waka — афіцыйны гімн чэмпіянату, і пасля здымак ён папрасіў у Шакіры нумар тэлефона.
Спачатку спявачка і Піке проста перапісваліся. Ён расказваў ёй пра тое, як гуляе іспанская зборная, і абяцаў выйсці ў фінал чэмпіянату свету, каб ізноў пабачыць дзяўчыну. Гулец не зманіў.
На той час Шакіра больш за 10 гадоў сустракалася з Антоніа дэ ла Руа, сынам экс-прэзідэнта Аргенціны, Піке ж каля года быў у адносінах з актрысай Нурыяй Томас. У пачатку 2011 года як адны, так і другія адносіны скончыліся, і вясной таго ж года Шакіра і Піке нарэшце абвясцілі пра свой раман.
Шакіра дзеля сям’і на некалькі гадоў ахвяравала кар’ерай і адмовілася ад вялікіх гастрольных тураў. У 2013 годзе яна нарадзіла ад Піке сына Мілана, яшчэ праз два гады з’явіўся другі хлопчык, Саша. Некалі спявачка ўвогуле думала сысці з прафесіі, але цяпер ужо былы каханы яе пераўпэўніў: «Жэрар сказаў, што дазволіць мне сысці з музыкі, калі мне не будзе што сказаць, а пакуль я павінна рабіць тое, што люблю. Ён меў рацыю, я проста спужалася».
Але ж і Піке адчуў на сабе ўплыў адносін з Шакірай. За сумесныя фоты з каханай на яго злаваўся тагачасны трэнер «Барселоны» Хасэп Гвардыола. Коўч не ацаніў здымкі з рафтынгу (сплаву па горнай рацэ): успрыняў гэта як непатрэбную рызыку для здароўя ды яшчэ і злаваўся, што пара апублікавала тыя фоты. Аналагічна Гвардыола адрэагаваў на здымкі з паездкі на гідрацыклах у Маямі. У выніку, як скончыўся адпачынак, Піке не трапіў у асноўны склад каманды на важную гульню Лігі Чэмпіёнаў супраць «Баера».
Японскі інтэрнэт-магазін Rakuten, што цяпер спансуе «Барселону», пачаў супрацоўнічаць з клубам шмат у чым праз Піке і Шакіру. На сумеснай вячэры яны пазнаёмілі боса кампаніі і прэзідэнта «Барсы» Жазэпа Бартамеў.
Аднойчы Шакіра распавяла ў інтэрв’ю, што адносіны з Піке яшчэ і паўплывалі на яе веру: «Мне здаецца, існаванне Бога можна даказаць толькі праз любоў. Я сама на нейкі час страціла веру ў яго. Я стала агностыкам. І гэта было сапраўды цяжка, бо я заўсёды была рэлігійным чалавекам, але на працягу некалькіх гадоў, няхай гэта гучыць банальна, я не адчувала любові і пачала думаць, што Бога няма. І раптам я сустракаю Жэрара, і з’яўляецца сонца».
Вядома, што Піке забараніў Шакіры здымацца ў гарачых кліпах з мужчынамі. У 2014 годзе спявачка выпусціла сумесны ролік з Рыянай, які ніяк не назавеш сціплым, і для здымкаў у ім нават брала дазвол у Піке. Яна апісвала гэта так: «Адзіным чалавекам, якому ён мог бы дазволіць дакрануцца да майго сцягна, была Рыяна».
У каханых часта пыталіся, чаму ж яны дагэтуль не бяруць шлюб. Калі верыць Шакіры, супраць гэтага выступала яна сама: «Я не хачу, каб Жэрар бачыў ува мне жонку. Я хачу, каб ён бачыў мяне сваёй дзяўчынай, каханкай, маленькім забароненым плодам, разумееце? Я хачу трымаць яго ў напружанні. Я хачу, каб ён думаў, што ўсё магчыма, у залежнасці ад паводзін. У нас ужо ёсць самае галоўнае — наш саюз, каханне адно да аднаго і дзеці. Шлюб гэта не зменіць. Але калі я калі-небудзь і выйду замуж, то дакладна за Жэрара».
Сам Піке яшчэ вясной 2018 года казаў пра шлюб: «Я ўпэўнены, што ў бліжэйшай будучыні мы абавязкова пажэнімся».
Дык што ж здарылася з парай?
Падчас раману зорак іспанскія і калумбійскія медыя часта пісалі, нібыта пара гатовая разысціся. Сярод прычын называлі здрады Піке, у тым ліку і меркаваныя адносіны з былой дзяўчынай Нурыяй Томас. Яшчэ адной праблемай пары лічылі розніцу ва ўзросце, бо Шакіра старэйшая за Піке на 10 гадоў.
Некалькі месяцаў таму спявачка перастала публікаваць у сацсетках сумесныя здымкі з Піке, яна таксама паехала ў адпачынак без каханага. І нарэшце ў пачатку чэрвеня іспанскія медыя агарошылі навіной: Шакіра і Жэрар Піке разыходзяцца.
Меркаваная прычына расставання — здрада гульца «Барселоны»: Шакіра нібыта застала яго з іншай жанчынай проста ў іх доме. Першапачаткова лічылі, што разлучніца — мама 17-гадовага Гаві, паўабаронцы «Барсы». Але потым высветлілася, што насамрэч размова ідзе пра бландзінку, якой крыху за 20. Дзяўчына вучыцца ва ўніверсітэце і працуе вядучай на мерапрыемствах.
Выглядае, што былыя каханыя не збіраюцца захоўваць добрыя адносіны паміж сабой. Шакіра збіраецца выехаць у Маямі з Каталоніі, дзе яна жыла разам з Піке і іх сынамі, і забраць дзяцей з сабой. Хаця пара і не была ў шлюбе, спявачка не можа забраць дзяцей без дазволу іх бацькі, і гулец не збіраецца яго даваць. Ён жадае стаць законным апекуном Мілана ды Сашы.
Больш за тое, кажуць, што Шакіру сур'ёзна раззлавала здрада Піке і цяпер яна жадае адпомсціць футбалісту за ўсё. Інсайдары тлумачаць гэта так: «Яна зразумела, што не ведала мужчыны, з якім жыла. Яна не збіраецца спыняцца. Яна гатовая на ўсё. Ёй было не прывыкаць да флірту Піке з іншымі дзяўчынамі, але яна ніколі не думала, што ён здраджваў ёй. Яна хоча сабраць козыры. Цяпер у яе ёсць людзі, якія шукаюць інфармацыю і складаюць падрабязную справаздачу пра Піке і яго паводзіны».
Калі ў Шакіры атрымаецца знайсці адпаведны кампрамат на мужчыну, гэта можа не толькі пазбавіць яго магчымасці жыць разам з дзецьмі, але і разбурыць яго кар'еру. У спявачкі і Піке наперадзе доўгія судовыя спрэчкі, і яны ўжо пачалі да іх рыхтавацца. Піке звярнуўся да адваката Тамбарэра Абагадаса, які займаецца разводамі, Шакіру ж будзе абараняць сямейны юрыст Пілар Манэ.
Тыя, хто добра ведае калумбійку, кажуць, што Піке нажыў сябе непажаданага ворага. У футбаліста і так не ўсё гладка: медыя пішуць, што Хаві, галоўны трэнер «Барселоны», збіраецца рабіць стаўку на больш маладых абаронцаў, чым Піке, а кіраўніцтва клуба патрабуе ад гульца пагадзіцца на зніжэнне заробка.
З рэпутацыяй у Піке таксама праблемы, і справа нават не ў здрадах каханай ды ў загулах. У красавіку стала вядома, што Піке спрыяў правядзенню Суперкубка Іспаніі ў Саудаўскай Аравіі. За гэта кампанія Kosmos, падкантрольная Піке, нібыта павінна была атрымаць 24 мільёны еўра.
Каментары