Арышту Мацюшэўскага папярэднічаў яго канфлікт з Калаўрам, і пагоны за гэта ўчапіліся. Падрабязнасці
Сёння затрымалі старшыню БелВЭБа Васіля Мацюшэўскага ды іншых менеджараў банка. Гэта шматпавярховая гісторыя, адзін з яе павучальных раздзелаў — асабісты канфлікт старшыні Нацбанка Паўла Калаўра і старшыні праўлення БелВЭБа Васіля Мацюшэўскага. «Наша Ніва» расказвае.
Некалі банкіры Калаўр і Мацюшэўскі працавалі разам і былі ў многіх сэнсах блізкімі. Нават катэджы пабудавалі побач — дом Мацюшэўскага цераз плот ад дома Калаўра.
Васіль Мацюшэўскі — былы віцэ-прэм'ер і адна з ключавых постацяў у беларускіх бізнэс-колах. Ён у сяброўскіх адносінах з кіраўніком расійскага «Знешэканомбанка» — Ігарам Шувалавым. Можа «пазваніць» многім у Расіі, каму не можа пазваніць і прэм'ер Галоўчанка.
Топ-менеджар з еўрапейскай адукацыяй: гісторыя жыцця першага віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага
Павел Калаўр — таксама моцны прафесіянал банкаўскай сферы. Пад яго кіраўніцтвам Нацбанк праводзіў збалансаваную грашовую палітыку. Да абвальных дэвальвацый як пры Герою Беларусі Пятру Пракаповічу не даходзіла, хоць палітычны і эканамічны кантэкст Калаўру дастаўся не просты.
Self-made man: гісторыя поспеху Паўла Калаўра, рэпартаж з яго малой радзімы
Эксперты адзначаюць, што за перыяд, калі за макраэканоміку краіны адказвалі Мацюшэўскі і цяперашні кіраўнік Нацбанка Павел Калаўр, эканамічная сітуацыя была самай прадказальнай і стабільнай за перыяд незалежнай гісторыі краіны, інфляцыя — рэкордна нізкай.
Два банкіры, два рыначнікі, але ад нейкага моманту суседзі перасталі размаўляць адзін з адным. Як так выйшла? Суразмоўцы «Нашай Нівы ў банкаўскіх колах кажуць пра канфлікт асабістых інтарэсаў.
Калаўр сам калісьці працаваў у БелВЭБе — ён там быў старшынём праўлення з 2010 па 2014 гады. Цяпер там працуе ягоны сын — выканаўчым дырэктарам.
У банкаўскіх колах пагаворваюць, што Калаўр быў не супраць з Нацбанка вярнуцца ў БелВЭБ. Такі сабе варыянт прыгожага сыходу на пасаду, дзе менш адказнасці і большы заробак.
Апошнім часам Нацбанк шмат правяраў БелВЭБ, былі знойдзеныя значныя парушэнні, банку выпісалі вялізныя штрафы — агулам набегла на восем мільёнаў даляраў, кажуць людзі, знаёмыя з сітуацыяй.
І тут Расія нападае на Украіну, Захад уводзіць санкцыі супраць расійскага Знешэканомбанка. БелВЭБ як даччыная арганізацыя таксама трапляе пад таго ж каня.
«Пачаўся вялізны адток дэпазітаў у матчынай арганізацыі, і ў беларускім банку таксама. Замежныя партнёры рвуць кантракты, даводзіцца скарачаць міжнародныя аддзелы, Внешэканомбанк дапамагаць не можа, кажа Мінску: «Вы ж там навыдавалі крэдытаў на паўмільярда, дык забірайце і будуць вам грошы, у нас не прасіце».
А аддаюць самі разумееце як: там дзяржсектара вельмі шмат, у якога таксама грошай няма і не прадбачыцца, словам, поўны кашмар для менеджара», — кажа суразмоўца «Нашай Нівы» з банкаўскага сектара.
Тым часам вынікамі нацбанкаўскіх праверак БелВЭБа зацікавіліся сілавікі.
«Цягам праверак былі выяўлены некалькі момантаў, якія паставілі ў віну менеджменту БелВЭБа. Першае — гэта IT-дэпартаменты банка. Сітуацыя такая. У банка ёсць ліцэнзія з пералікам відаў дзейнасці, якімі ён можа займацца — гэта ўсё фінансавая дзейнасць. У той жа час, мы ведаем, банкі пішуць свае ІТ-рашэнні. Праграмы, сайты і гэтак далей. Аб'ём работы вялікі, але што адбываецца? У іх стандартнае падаткаабкладанне, яны не могуць плаціць праграмістам канкурэнтныя заробкі.
У выніку праграміст працуе пару месяцаў, а потым выкладвае рэзюме ў рынак, што ён пісаў праграмы для БелВЭБа, і яго забіраюць з рукамі і нагамі.
Дырэктар па кадрах ідзе да начальства і кажа: Ад нас бягуць праграмісты! Што мы можам зрабіць? Падняць заробак. Як падняць? Скараціць выдаткі. Як іх скараціць? Уступіць у Парк высокіх тэхналогій.
У выніку ў банкаў з'яўляюцца асобныя ІТ-дэпартаменты, рэзідэнты ПВТ. Гэта дазваляе плаціць работнікам канкурэнтныя заробкі. Але органы гэта пачынаюць трактаваць як сыход ад падаткаў, бо банк займаецца няпрофільнай дзейнасцю, якая не апісаная ў ліцэнзіі», — кажа абазнаны банкір.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», вышэйапісаная схема з афіляванымі ІТ-кампаніямі з ПВТ і ёсць сэнсам фармальных прэтэнзій да БелВЭБа.
Па падобнай схеме — пасля праверкі — ужо пацярпеў старшыня праўлення «Прыёрбанка» Сяргей Касцючэнка.
Пытанні ў сілавікоў выклікала і таксама абсалютна легальная магчымасць ашчадзіць на падатках з дапамогай сістэмы назапашвальнага страхавання «Прыёрлайф», якой карысталіся банкіры для вываду дывідэндаў без выплаты падаходнага.
«Гэта распаўсюджанае ў свеце назапашвальнае страхаванне. Сэнс якога ў тым, што ты прыносіш грошы кампаніі, якая вельмі кансерватыўна распараджаецца сродкамі — класічны пенсійны фонд. Яна абяцае табе даходнасць па праходжанні пэўнага часу, ад некалькіх гадоў. Калі гаворым пра пенсію, то па дасягненні гэтак званага «ўзросту дажывання».
Пры ўводзе грошай у гэтую сістэму страхавання ты пазбаўляешся неабходнасці выплочваць з гэтага падаткі — так рабілі многія банкіры, пералічваючы туды дывідэнды ад работы ў банку.
Гэтым карыстаюцца не толькі банкіры. Вельмі падобная схема пры аплаце адукацыі ці нечага такога — існуе падатковае спісанне», — кажа нам суразмоўца з банкаўскай сферы.
«Многія банкі рабілі праграмы па заахвочванні супрацоўнікаў і менеджараў. Маўляў, ты класна працуеш, і калі будзеш працягваць гэтак жа, то мы кожны год будзем класці табе на ашчаджальнае страхаванне нейкую суму, заключым дамову на 10 год, і калі ты адпрацуеш 10 год, то табе ў адзін дзень будзе выплачана, умоўна, 20 тысяч даляраў. Гэта распаўсюджаная і, падкрэслю, легальная схема», — кажа нам іншы банкір.
Вось гэтае страхавое адгалінаванне сюжэта — яшчэ адна рыса ў гэтай карціне.
Але што ў гэты час адбываецца з банкам «БелВЭБ»?
«Выстаўлены штраф на восем мільёнаў даляраў у іншы час не ўяўляў бы праблемы. А цяпер, калі банкам не хапае ліквіднасці — гэта вялікія грошы.
«БелВЭБ» плаціць пакуль што адмаўляецца, аспрэчвае штраф, грошы падвіслі — ні туды, ні сюды. Кагосьці кормяць «заўтракамі» па дэпазітах, хтосьці не можа перавесці грошы», — рэзюмуе суразмоўца «Нашай Нівы».
Напярэдадні ўсёй гэтай гісторыі ліцэнзіі Нацбанка страцілі два намеснікі старшыні праўлення БелВЭБа.
На сёння, па нашай інфармацыі, Мацюшэўскаму ўмяняюць 424 артыкул — злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Разам з ім затрыманы і іншыя людзі, якія, імаверна, маюць іншыя артыкулы, у залежнасці ад пасады. Сярод затрыманых таксама першы намеснік Мацюшэўскага Тарас Надольны, намеснікі старшыні Анатоль Барысевіч, Віктар Перапяліца і Дзмітрый Ляўданскі, член праўлення Анатоль Паўловіч і дырэктар па развіцці банка Аляксей Мазжухін.
А пасада кіраўніка БелВЭБа перастала быць сінекурай. Любога антыкрызіснага кіраўніка гэтага банка чакаюць цяжкія менеджарскія рашэнні, а вялікіх заробкаў не чакаецца.
«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста
* * *
Васіль Мацюшэўскі нарадзіўся ў 1969 годзе ў Оршы. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, аспірантуру і Лонданскую школу бізнэсу. Мацюшэўскі пачаў кар'еру ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, але «ў людзі» выйшаў праз школу Нацбанка, аддаўшы яму каля 15 гадоў і сышоў, калі быў на пасадзе намесніка старшыні праўлення. Вярнуўся на дзяржаўную службу ён у снежні 2014 года, у разгар крызісу, з пасады кіраўніка БПС-Сбербанка.
Каментары