Улада3535

Топ-менеджар з еўрапейскай адукацыяй: гісторыя жыцця першага віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага

Падчас прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі беларускім СМІ купка топ-чыноўнікаў сядзела ў першых шэрагах вялізнай залы Палаца незалежнасці. Большасць з іх страчылі ў блакноты цытаты кіраўніка краіны, іншыя насцярожана чакалі, пакуль ім давядзецца трымаць адказ. На іх фоне ўпэўненасцю, спакоем і ледзь заўважнай усмешкай вылучаўся падцягнуты мужчына ў стылёвым гарнітуры.

Першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі нагадваў заходняга топ-менеджара. Зрэшты, на пазіцыю антыкрызіснага кіраўніка Мацюшэўскага і паклікалі паўтара месяца таму.

У цэлым пазіцыі першага віцэ-прэм’ера выглядаюць выйгрышна. Сярод топ-чыноўнікаў мала хто можа пахваліцца веданнем замежных моваў. У Мацюшэўскага ж — дасканалая англійская.

Што да заходняй адукацыі, то ва ўрадзе толькі Уладзімір Макей навучаўся ў дыпламатычнай акадэміі Аўстрыі. Але Лонданская бізнэс-школа, якую некалькі гадоў таму скончыў Мацюшэўскі, — гэта якасна іншы ўзровень.

Па меркаванні Financial Times, універсітэт уваходзіць у тройку найлепшых бізнэс-школ у свеце. Тут сабраная эліта — сярэдні заробак выпускнікоў перавышае $13 тысяч за месяц. Навучанне ў Лондане каштуе ад $95 тысяч. Грошы за Мацюшэўскага плаціў «БПС-Сбербанк», які тады ўзначальваў фінансіст.

Выдатнік з ускраіны Оршы

З маці першага віцэ-прэм’ера сустракаемся на ганку дома на ўскраіне Оршы. Фармальна гэта яшчэ горад, але з выгляду — сапраўдная вёска. Раней мясцовыя гараджане трымалі вялікія гаспадаркі. У Мацюшэўскіх былі куры і свінні, а ў суседзяў нават каровы.

Марыя Дзмітрыеўна працавала на Аршанскім заводзе сілікатных вырабаў (цяпер «Оршабудматэрыялы»), цяпер на пенсіі. Сама яна паходзіць з Аршанскага раёна.

Яе муж Станіслаў памёр некалькі гадоў таму. У Оршы ён узначальваў транспартную спецбазу. Ягоны род ідзе з Круглянскага раёна, але сапраўднае прозвішча продкаў чыноўніка — Бяззубікі. Дзед пабраўся шлюбам з Мацюшэўскай, ды перайшоў на яе больш мілагучнае, як яму падавалася, прозвішча.

У сям’і было двое дзяцей, але дачку-медыка жыццё закінула далёка ад бацькоўскага дома. Яна працуе ў Петрапаўлаўску- Камчацкім.

Сын хацеў забраць маці да сябе ў Мінск, але яна вырашыла не ехаць, пакуль здароўе дазваляе даглядаць аршанскі дом. Даводзіцца абмяжоўвацца размовамі па мабільным. У Марыі Дзмітрыеўны з Васілём традыцыя: яны стэлефаноўваюцца двойчы на дзень — раніцай і вечарам.

Жанчына запрашае зайсці, паказвае, што жыве сціпла. У хаце дагледжана, за шклом расстаўленыя фатаграфіі дзяцей і ўнукаў.

Па здымках з матчынага архіва можна адсачыць усё жыццё сына— ад фота з першай настаўніцай да газетных публікацый пасля прызначэння ва ўрад.

Яна дазваляе перазняць не кожнае фота: «Вось гэтае не трэба, а то Вася сварыцца будзе!»

«Як быў маленькі, яго звалі «Васіль Іваныч», як Чапаева. А найлепшага сябра нараклі «Пецькам», хоць насамрэч ён быў Сяргеем», — узгадвае Марыя Дзмітрыеўна.

«Вось падзякі і пахвальныя граматы. Паглядзіце, за кожны клас, ад другога і да апошняга. Я ўсё берагу, — дастае яна тэчку. — А гэта Васеў залаты медаль. І яшчэ атэстаты, за восьмы і за дзясяты клас». Мацюшэўскі быў выдатнікам, у дакументах няма ніводнай «чацвёркі».

«Залаты» атэстат дзесяцікласніка.

«А які акуратны, аж педант! Такіх больш няма. Як прыйдзе са школы, туфлі здымае, пасля пачысціць, касцюм у шафу павесіць», — расказвае маці.

«Вася вельмі ўтойлівы. У дзеда пайшоў. Ён ніколі нічога не гаворыць і нічым не хваліцца. Гэта нявестка можа мне што-небудзь намякнуць, а Вася — не», — заканчвае яна псіхалагічны партрэт сына.

Замест вайскоўца — эканаміст

Васіль з маленства марыў стаць вайскоўцам, але па стане здароўя ідэі давялося адрачыся.

З віцебскага ўніверсітэта ў аршанскую школу №3, якую скончыў Мацюшэўскі, прыслалі тры накіраванні: на гістарычны, эканамічны і філасофскі факультэты.

Настаўнікі прапанавалі выбраць сярод іх, і Васіль вырашыў паступаць на эканамічны. Але накіраванне… прапала. Марыя Дзмітрыеўна мяркуе, што ў Віцебску яго адклалі для кагосьці «са сваіх».

Тады вырашылі ўсё ж паступаць у сталіцу, на аддзяленне палітычнай эканоміі. Васілю, як залатому медалісту, трэ’ было здаваць у БДУ толькі адзін экза- мен — грамадазнаўства.

«Ён усё вывучыў як ойча наш, на пяцёрку, і адстраляўся, — узгадвае маці. — Дзень-два прайшоў, а ён усё не вяртаецца. Мы неяк знайшлі яго ў Мінску, датэлефанаваліся, а Вася кажа: сяджу ў бібліятэцы».

Студэнцкае жыццё Мацюшэўскага было багатае на падзеі. «Кожны год Вася ездзіў у студэнцкія будаўнічыя атрады зарабляў там грошы. Прывозіў мне, каб не патраціць, а я іх на ашчадную кніжку клала. Калі яму былі патрэбныя — прыязджаў да мяне і браў»,— узгадвае маці.

Сямейная рэліквія — у касцюме з «Пагоняй» на спіне Мацюшэўскі працаваў у будаўнічых атрадах у канцы 1980-х.

«Не згарэлі грошы ў 1991?» — «Ды не, толькі трошкі засталося, ён жа здымаў».

Прафесарская сям’я

Падчас вучобы Васіль знайшоў сабе жонку. Алена Давыдзенка вучылася на палітычнай эканоміі на год пазней за яго.

Сям’я ў дзяўчыны была няпростая. Цесцем Мацюшэўскага стаў доктар эканамічных навук Леанід Давыдзенка. Ён пачынаў з выкладчыка палітычнай эканомікі ў БДУ, пасля ўзняўся па ўніверсітэцкай лесвіцы да прарэктара, а ў канцы 1990-х быў галоўным дарадцам у прэм’ер-міністра Сяргея Лінга. Цяпер Леанід Давыдзенка — загадчык кафедры эканомікі ў БДПУ імя Максіма Танка.

Першыя гады пасля вяселля Алена пазначалася ў дакументах як Мацюшэўская, але пасля зноў стала Давыдзенка.

Як і бацька, яна абрала для сябе навукова-выкладчыцкую кар’еру, працуе на факультэце міжнародных адносінаў БДУ.

Кандыдацкая дысертацыя жонкі Мацюшэўскага была прысвечаная эфектыўнасці знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі на прыкладзе сувязяў з Расіяй.

Дыпламат і аспірант

Пасля заканчэння ўніверсітэта Васіль нейкі час папрацаваў у НПА «Фенікс», на пару месяцаў уладкаваўся ў навукова-даследчы інстытут пры Міністэрстве эканомікі (тады — Дзяржэканомплана Беларусі), а пасля апынуўся ў дыпламатычнай сферы.

Як Мацюшэўскі змог атрымаць працу ў Міністэрстве замежных спраў? Гэта быў час станаўлення беларускай дыпламатыі.

«У дыпламатыю ішлі людзі са шчырай ахвотай працаваць на сваю краіну, якая толькі што атрымала незалежнасць. Мы адчувалі, што сваёй сціплай працай ствараем гісторыю. … Ва ўмовах маладой дзяржавы, калі ты быў на нешта здольны, можна было надзвычай хутка зрабіць кар’еру, — расказвала ў часопісе «Бізнэс-ледзі» цяперашняя намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына, якая ў 1992-м прыйшла ў міністэрства з Інстытута філасофіі і права.

Мацюшэўскі працаваў у аддзеле міжнародных эканамічных адносін МЗС і адначасова вучыўся ў аспірантуры Інстытута эканомікі.

У 1995-м ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную асновам фармавання замежнаэканамічнай палітыкі краіны.

«Працэс пошуку сваёй нішы на сусветным рынку, у пэўным сэнсе ўжо падзеленым, … робіць непазбежным у доўгатэрміновым плане курс на рэінтэграцыі былых рэспублік Саюза і фармаванне Эканамічнага саюза краін СНД», — падсумоўваў Мацюшэўскі. Разам з тым ён заклікаў да пераходу на рынкавую эканоміку і змяшчэння акцэнту з дзяржаўнага на прыватнае.

16 гадоў працы ў Нацбанку

На час абароны дысертацыі фінансіст перайшоў на працу ў Нацбанк. Там ён адпрацаваў 16 гадоў за выняткам кароткачасовай адлучкі ў Міністэрства фінансаў. Мацюшэўскі адказваў за валютнае рэгуляванне.

Банкір кардынальна змяніў імідж. Фота пачатку 2000-х.

«Прывязванне беларускага рубля да расійскага пры ўмове падпісання дамовы аб стварэнні Мытнага саюза не ўяўляецца мэтазгодным … Тым не менш у больш аддаленай перспектыве магчыма рухомая «прывязка» беларускага рубля да кошыка цвёрдых валют», — прадказвалі ў 1998-м Васіль Мацюшэўскі з Аленай Давыдзенка ў супольнай кнізе. Гэтую стратэгію з цягам часу і абраў Нацбанк.

Іншай сферай адказнасці была міжнародная дзейнасць, у тым ліку супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам. Мацюшэўскі быў у падпарадкаванні ў будаўніка-банкіра Пятра Пракаповіча, але, па меркаванні экспертаў, менавіта намеснікі вызначалі фінансавую палітыку.

Праца на расейцаў

Вясной 2010 года банкіра адпусцілі з дзяржаўнай службы. Мацюшэўскага паклікалі ў кіраўніцтва «БПС-банка». За некалькі месяцаў да таго фінансавая ўстанова перайшла пад кантроль «Сбербанка», які заплаціў беларускай дзяржаве $280 мільёнаў.

Замест параўнальна сціплага заробку дзяржаўнага служачага, Мацюшэўскі атрымаў узнагароджанне па шчодрых расійскіх стаўках. Паводле інфармацыі часопіса «Форбс», у 2012-м штомесячны даход старшыні праўлення «Сбербанка» Германа Грэфа складаў $1,25 мільёна. «БПС» апераваў іншым парадкам лічбаў, але заробкі былі вышэйшыя, чым у астатніх беларускіх банках.

Зрэшты, за некалькі гадоў кіраўніцтва Мацюшэўскага інвестыцыі расейцаў акупіліся, чысты прыбытак банка дасягнуў $100 мільёнаў за 2013 год.

* * *

Чысты прыбытак «БПС-Сбербанка»

2014* — $54,9 мільёна
2013 — $102,5 мільёна
2012 — $86,9 мільёна
2011 — $58,4 мільёна
2010 — $45,9 мільёна
2009 — $30 мільёнаў
2008 — $30,7 мільёна
*за тры кварталы года

* * *

Па словах маці банкіра, Васіля запрашалі пераязджаць у Расію на працу ў «Сбербанк», але той адмовіўся.

Знаёмыя Мацюшэўскага кажуць, што яму прапаноўвалі вярнуцца на дзяржаўную службу яшчэ ў 2011-м, калі падчас эканамічнага крызісу давялося шукаць тэрміновую замену захварэламу Пракаповічу.

Аднак тады банкір нібыта здолеў адмовіцца ад прапановы, а Нацбанк даверылі Надзеі Ермаковай.

* * *

У канцы 2000-х Мацюшэўскі і іншыя намеснікі Пракаповіча атрымалі зямлю пад будаўніцтва катэджаў непадалёку ад Драздоў. Сусед Мацюшэўскага праз плот — старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаўр. Фота Сяргея Гудзіліна.

* * *

Якія паўнамоцтвы ў чацвёртай асобы краіны?

А вось у канцы 2014-га давялося пагаджацца. Мацюшэўскі заняў пасаду першага віцэ-прэм’ера, пасунуўшы Уладзіміра Сямашку. Фактычна, ён увайшоў у дзясятку самых уплывовых людзей краіны. Вышэй толькі Аляксандр Лукашэнка і прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, большы ўплыў маюць хіба кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Косінец, сыны Лукашэнкі і кіраўнікі сілавых структур.

«Я так моцна перажывала, як даведалася пра прызначэнне, што дзве ночы заснуць не магла. Ці дасць рады ён гэтым справам?» — хвалюецца Марыя Дзмітрыеўна.

Пакуль сваёй стратэгіі рэформаў Мацюшэўскі не агучваў. Зрэшты, тыя змены, якія абяцаў Нацбанк — свабоднае курсаўтварэнне, захаванне золатавалютных рэзерваў і дэдалярызацыя эканомікі, — зацвярджаліся са згоды ўрада.

«Днямі я быў на круглым стале Нацбанка, у якім таксама браў удзел Мацюшэўскі. Мы займаем агульную пазіцыю па пытаннях, звязаных з манетарнай палітыкай, з развіццём эканомікі, з будучыняй дзяржаўнага інвестыцыйнага банка. Мне здаецца, гэта ўдалы і перспектыўны тандэм — старшыня Нацбанка Калаўр і першы віцэ-прэм’ер Мацюшэўскі, — разважае былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч. — Думаю, яны будуць прапаноўваць пераход ад адміністрацыйна-каманднай мадэлі, якую Лукашэнка называе сацыяльна арыентаванай, да рынкавай, таксама сацыяльна арыентаванай.

Варта паглядзець на Швецыю, Нарвегію, Фінляндыю, Германію. Але пытанне, ці здолеюць Мацюшэўскі з Калаўрам увасобіць у жыццё свае ідэі. Бо прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў прытрымліваецца іншых перакананняў— адміністратыўна- камандных».

***

Васіль Мацюшэўскі

Нарадзіўся 26 сакавіка 1969 у Оршы.

Скончыў эканамічны факультэт БДУ (1991), аспірантуру Інстытута эканомікі Акадэміі навук (1994), Лонданскую школу бізнэсу (2012). Кандыдат эканамічных навук.

У 1991—1992 — начальнік аддзела ў НПА «Фенікс», у 1992 — навуковы супрацоўнік НДІ эканомікі Дзяржэканамплана Беларусі, у 1992—1994 — трэці сакратар Міністэрства замежных спраў. У 1994—1997, 1998—2010 — галоўны эканаміст, намеснік начальніка ўпраўлення, дырэктар дэпартамента, намеснік старшыні Нацбанка.

У 1997—1998 — дарадца міністра фінансаў. У 2010—2014 — старшыня праўлення «БПС-Сбербанка».

З 2014 — першы віцэ-прэм’ер.

Каментары35

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным16

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскае «Дынама» адмовілася ад падтрымкі фанатаў на гасцявых матчах Лігі канферэнцый у Польшчы і Фінляндыі3

Пад Пінскам наклалі арышт на бацькоўскую хату кіраўніка «Белсата»5

Расійскія войскі ўвайшлі ў Тарэцк на Данбасе6

На ЗША ідзе звышмагутны ўраган самай апошняй катэгорыі. З-за яго могуць увесці новую класіфікацыю3

Памёр Аляксей Тамілаў

У Луганскай вобласці загінуў яшчэ адзін беларус, які ваяваў за Расію10

Брытанская лабараторыя прапануе паслугі па кланаванні хатніх гадаванцаў3

З «Белшыны» знялі еўрапейскія санкцыі, але яна працягвае працаваць на расійскую ваенную машыну7

Бітва за час: хто першы ўсталюе гадзіннік на Месяцы?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным16

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным

Галоўнае
Усе навіны →