Меркаванні

Праваслаўны мітрапаліт Віленскі: Мы не згодныя з думкай патрыярха Кірыла па Украіне

Мітрапаліт Віленскі і Літоўскі Інакенцій сёння распаўсюдзіў заяву, у якой гаворыцца, што пазіцыя Праваслаўнай царквы ў Літве такая: «Мы рашуча асуджаем вайну Расіі супраць Украіны і молім Бога аб яе найхутчэйшым спыненні». Пры гэтым адмыслова падкрэсліў, што гэтае меркаванне адрозніваецца ад пазіцыі Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Мітрапаліт Інакенцій. Фота: BNS

Вядома, што 9 сакавіка Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл асудзіў «знешнія сілы» за спробы падзяліць рускі і ўкраінскі народы.

«Сёння тэма, звязаная з расійска-ўкраінскімі адносінамі, стала часткай вялікай, або, як цяпер кажуць, геапалітыкі, і адной з мэтаў гэтай геапалітыкі з'яўляецца паслабленне Расіі, якая стала моцнай, рэальна магутнай краінай. Але як жа брыдка і подла для ажыццяўлення гэтых геапалітычных мэтаў выкарыстоўваць братэрскі народ, як жудасна нацкоўваць гэты народ на сваіх братоў, як жудасна узбройваць яго для таго, каб ён уступіў у барацьбу са сваімі адзінакроўнымі і адзінавернымі братамі!» — сказаў патрыярх у сераду пасля літургіі ў храме Хрыста Збавіцеля.

За два дні да таго, на Даравальную нядзелю, патрыярх Кірыл выказаўся ў тым сэнсе, што галоўнае — не дапусціць на Данбасе гей-парадаў, а вайны не асудзіў і за ахвяраў яе з украінскага боку маліцца не заклікаў.

Чытайце таксама: Патрыярх Кірыл назваў нечаканую прычыну «канфлікту на Данбасе». Украіну ўзгадаў толькі аднойчы, маліцца за яе не заклікаў

Тым часам пазіцыя Праваслаўнай царквы ў Літве, паводле мітрапаліта Інакенція, нязменная — яна рашуча асуджае вайну Расіі супраць Украіны: «Мы жывем у свабоднай, дэмакратычнай краіне. Літва — гэта не Расія».

Прыводзім поўны тэкст заявы мітрапаліта Віленскага і Літоўскага Інакенція. Яна цікавая тым, што вельмі адрозніваецца і па стылістыцы, і па зместу ад звыклых для нас пастырскіх пасланняў праваслаўных іерархаў:

«Дарагія браты і сёстры!

Маё слова звернута да ўсіх людзей добрай волі, да ўсіх, хто хоча нас пачуць, да ўсіх праваслаўных дзяцей нашай Царквы ў Літве.

Велізарная бяда прыйшла на зямлю Украіны: там ліецца кроў і пакутуюць бязвінныя людзі. Сумленны чалавек і богабаязны хрысціянін не можа абыякава глядзець на тое, што адбываецца. Голас яго сумлення лямантуе да неба, яго малітва накіраваная да Бога, якому адзінаму належыць суд, і перад якім адкажуць тыя, якія прынеслі гора народу Украіны, пакуты маці, слёзы родным і блізкім, смерць і разбурэнні, масавы зыход з сваёй краіны.

Праваслаўныя людзі Літвы з болем у сэрцы ўспрынялі трагедыю народа Украіны. З самага пачатку ваенных дзеянняў ва ўсіх праваслаўных храмах была ўзмоцненая малітва аб хутчэйшым спыненні вайны, аб аднаўленні міру на зямлі Украіны. Пазіцыя Праваслаўнай царквы ў Літве нязменная — мы рашуча асуджаем вайну Расіі супраць Украіны і молім Бога аб яе больш хуткім спыненні.

Як вы, напэўна, ужо паспелі заўважыць, у нас з Патрыярхам Кірылам розныя палітычныя погляды і ўспрыманне бягучых падзей. Яго палітычныя выказванні з нагоды вайны ва Украіне — гэта яго асабістае меркаванне. Мы ў Літве з гэтым не згодныя.

Хацелася б тут адкрыта сказаць пра тое, што мы, праваслаўныя ў Літве, маючы на сёння магчымасць незалежна вырашаць свае ўнутрыцаркоўныя справы, будзем і далей імкнуцца да яшчэ большай царкоўнай незалежнасці, веруючы, што Госпад даруе такую ў свой час.

Мы жывем у свабоднай, дэмакратычнай краіне. Літва — гэта не Расія. Гэта іншая дзяржава, іншае грамадства са сваім духоўна-маральным кліматам.

Праваслаўныя Літвы складаюць хай невялікую — актыўных вернікаў па ўсёй Літве наўрад ці набярэцца больш за тры тысячы чалавек — але неад'емную частку гэтага грамадства, і з'яўляюцца паўнапраўнымі грамадзянамі сваёй краіны, што свабодна вызнаюць традыцыйную рэлігію.

Нашыя прыхаджане — сумленныя і сціплыя людзі, яны добрасумленна многія гады працавалі на карысць краіны Літоўскай і ўнеслі сваю лепту ў справу будаўніцтва свабоднай Літвы.

Успомнім, што больш за 30 гадоў таму праваслаўныя вернікі на чале з мітрапалітам Хрызастомам, які цяпер знаходзіцца на спакоі, без ваганняў, рашуча выступілі на баку літоўскага народа, за незалежнасць яго дзяржавы.

Пазіцыя Праваслаўнай царквы засталася абсалютна нязменнай. Па-іншаму і быць не можа.

Задаюся пытаннем, А ці ўсё ведаюць пра праваслаўных тыя, якія пішуць і распавядаюць пра нас? Ці наведвалі службы ў праваслаўных храмах Літвы, чулі, як і пра што моляцца праваслаўныя людзі?

Бо на кожным набажэнстве праваслаўныя моляцца за Богахаваную краіну нашу Літоўскую, яе ўлады, войска, за ўвесь яе народ. А сёння — і за спыненне гэтай крывавай вайны, за загінулых ваяроў, за прыход міру ва Украіну, за тых, хто пакутуе за людзей зямлі Украінскай — мы молімся і пакутуем разам з імі!

Што б ні адбывалася вакол нас, мы, праваслаўныя, будзем і далей маліцца за краіну Літоўскую і народ яе, заклікаючы на дапамогу нашу нябесную заступніцу — Найсвяцейшую Дзеву Марыю, усіх святых зямлі Літоўскай, і будзем вернымі сваёй краіне і яе народу.

Мы будзем захоўваць адзінства людзей, незалежна ад іх нацыянальнай і канфесійнай прыналежнасці; будзем шчыра маліцца аб шматпакутным народзе Украіны і дапамагаць уцекачам, якія знайшлі прытулак на Літоўскай зямлі.

Захаваем у сэрцах сваіх дух міру і любові! Вялікі свяціцель Ян Залатавуст казаў: «Слава Богу за ўсё!». І мы гаворым сёння: слава і падзяка Богу за тое, што ён паслаў нам, праваслаўным, такое выпрабаванне. Слава і падзяка Слава і падзяка Богу за тое, што мы церпім знявагі. За ўсё дзякуем Госпада Бога, Сардэчна спадзеючыся на Яго ласку і прабачэнне.

Мітрапаліт Віленскі і Літоўскі Інакенцій».

74-гадовы мітрапаліт Інакенцій служыць у Літве толькі з 2010 года. Ён родам з Расіі, з горада Старая Руса Наўгародскай вобласці. Да 2010 года ягоная біяграфія з Літвой звязаная не была. У 1990-я ён узначальваў некалькі епархій у Сібіры і на Далёкім Усходзе, а з 1999 года да пераводу ў Літву быў епіскапам Корсунскім — у гэтую епархію ўваходзяць праваслаўныя прыходы ў Францыі, Швейцарыі, Ліхтэнштэйне і Манака. 

Каментары

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі17

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Кіпр забраў грамадзянства ў семярых расійскіх мільярдэраў і членаў іх сем'яў5

Прапагандысты прачыталі новую лекцыю за Лукашэнку пад назвай «Дыктат? Ура!»8

«Чыловы хлопец» дабраўся і да Беларусі. Што гэта за мем?4

Авіякампанія, з якой хацелі зрабіць лаўкост-канкурэнта «Белавія», прадае адразу 5 сваіх самалётаў

«У кожнай краіне ўсё залежыць толькі ад беларусаў». У АПК з’явіўся адказны за легалізацыю беларусаў за мяжой5

У Ізраілі памёр чалавек, які пакараў смерцю нацысцкага злачынцу Адольфа Эйхмана5

Уладальніка гродзенскага блога S13 адправілі яшчэ на 15 сутак арышту

Кітай не шкадуе ніякіх грошай, каб перакупіць тэхналагічныя таленты3

Хто той сабака, што бегаў па вяршыні піраміды Хеопса і праславіўся на ўвесь свет?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі17

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →