Расійскія войскі пакінуць Беларусь пасля заканчэння вучэнняў, якія пройдуць з 10 да 20 лютага. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
«Аб тым, што яны [войскі] могуць застацца, ніколі гаворкі не ішло», ‒ заявіў Пяскоў.
Пытанне захавання суверэнітэту Беларусі і адводу войскаў пасля вучэнняў узняў на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон 7 лютага.
Знаходжанне беспрэцэдэнтнай колькасці расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі аналітыкі называлі пагрозай суверэнітэту Беларусі і яе патэнцыйнай акупацыяй.
Пяскоў таксама паведаміў, што тэму магчымага размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі на перамовах з Пуціным падняў Макрон. Пуцін запэўніў французскага калегу ў немагчымасці гэтага.
Пяскоў таксама паведаміў, што паміж Пуціным і Макронам усталяваліся «вельмі канструктыўныя стасункі, Крэмль быў гатовы да таго, што гутарка лідараў зацягнецца».
У той жа час, па словах Пяскова, Крэмль не бачыць гатоўнасці Захаду прымаць пад увагу заклапочанасць РФ, рэальныя шляхі вырашэння пытання аб гарантыях бяспекі для Расіі пакуль не прамацваюцца, дадаў прэс-сакратар прэзідэнта РФ.
Каментары