Літоўская чыгунка: скасаванне кантракта на пастаўку беларускага калію не азначае спынення транзіту ўгнаенняў
Літва да 1 лютага скасуе кантракт на перавозку беларускага калію. Аднак скасаванне яшчэ не азначае, што транзіт калійных угнаенняў праз Літву спыніцца, адзначае Літоўская чыгунка.
«Літоўская чыгунка» (LTG) удакладняе, што ў гэтай гісторыі ёсць два нюансы.
Першы — заяўкі ў яе даччыную кампанію LTG Cargo на перавозку беларускіх угнаенняў могуць падаваць і іншыя кампаніі, якія займаюцца транспарціроўкай грузаў.
Адна з галоўных умоў, каб такія фірмы не фігуравалі ў санкцыйных спісах. Фактычна, акрамя LTG, транспарціроўкай калію праз Літву можа займацца і іншая кампанія-перавозчык, пры гэтым выкарыстоўваць інфраструктуру Літоўскай чыгункі.
Другі нюанс заключаецца ў тым, што заяўка на транспарціроўку ўгнаенняў можа паступіць не ад самога «Беларуськалія», а ад іншай кампаніі.
— «Беларуськалій» — не адзіная кампанія, якая можа замовіць перавозку гэтага грузу. Да LTG Cargo па-ранейшаму могуць звяртацца іншыя кампаніі, не ўключаныя ў санкцыйныя спісы, — тлумачаць у LTG.
«Літва далучылася да міжнародных пагадненняў, на падставе якіх існуючыя або патэнцыйныя кліенты могуць падаваць свае заяўкі на перавозку беларускіх угнаенняў. Гэта азначае, што ў LTG Cargo павінны быць важкія прававыя падставы для адмовы ў перавозцы такога грузу», — гаворыцца ў паведамленні LTG.
Кампанія абяцае пракансультавацца з літоўскімі чыноўнікамі наконт новай сітуацыі.
Каментары