Інтэрнэт і СМІ

Як кантраляваць, куды дзеці лазяць у інтэрнэце. І якімі хітрасцямі дзеці абыходзяць кантроль

Некаторыя бацькі прыдумляюць свае ўласныя рашэнні, піша амерыканскае выданне «Уол-стрыт джорнал».

Лэнс Уокер і яго дачка Пейтан. Яна абышла некалькі спроб свайго бацькі выкарыстоўваць элементы кіравання Apple Time, каб заблакаваць яе ад пэўных праграм. Фота Джошуа Уокера.

Спачатку Лэнс Уокер лічыў TikTok бяскрыўднай забаваю. Глядзіць яго дачка Пейтан танцавальныя кліпы ў Тыктоку, і хай глядзіць. Але пасля тата даведаўся, што яна атрымлівае паведамленні ад невядомых дарослых мужчын.

Яны пачалі ёй пісаць, пасля таго як яна запосціла дураслівае відэа, у якім для прыколу сядала ў дурныя позы. Тады Лэнс зайшоў у налады бацькоўскага кантролю Apple, каб заблакаваць дачцэ доступ да праграмы. Што ж, Пейтан зайшла ў TikTok пад іншым Apple ID.

Тата паспрабаваў выдаліць Apple ID, тады яна змяніла пароль, каб заблакаваць яго доступ да акаўнта. Такое змаганне з пераменным поспехам працягвалася некалькі месяцаў, дачка паспяхова трымала абарону. Тата, 43-гадовы рыэлтар са штата Каларада, спрабаваў блакаваць асобныя праграмы з дапамогай Apple Time, але нічога, па вялікім рахунку, не змог дабіцца.

«Кашмар!» — уздыхае Уокер. Ëн з жонкай усё яшчэ шукаюць спосаб заблакаваць для Пейтан TikTok.

Apple і Alphabet Inc. Google, два асноўныя вытворцы праграмнага забеспячэння для смартфонаў, рэкламуюць бацькоўскі кантроль як спосаб для бацькоў сачыць за выкарыстаннем тэхналогій сваімі дзецьмі. Але дасведчаныя ў тэхналогіях дзеці знаходзяць спосабы абысці кантроль, прызначаны для іх абароны.

Асобныя платформы — YouTube, Instagram і TikTok, прыкладам — таксама маюць свае ўласныя налады кіравання, адсачыць, што глядзяць на іх дзеці, складана.

Існуюць платныя сервісы бацькоўскага кантролю. Напрыклад, Bark дапамагае кантраляваць актыўнасць дзяцей на некаторых платформах, а Circle фільтруе доступ да праграм і кантралюе ліміты часу, але нават платныя праграмы маюць свае абмежаванні.

«Мы імкнёмся даць нашым карыстальнікам эфектыўныя інструменты для кіравання іх прыладамі iOS і заўсёды працуем над тым, каб зрабіць іх яшчэ лепшымі», — кажа прадстаўнік Apple.

Apple Screen Time, у прыватнасці, прапануе некаторыя рашэнні, але яго не проста наладзіць.

А многія фільтры нашы здольныя дзеці лёгка абыходзяць. Між тым занадта доўгае сядзенне ў інтэрнэце і сацсетках і азнаямленне з сумнеўным кантэнтам могуць прыводзіць да праблем з псіхічным здароўем у дзяцей.

СМІ пісалі, што Facebook, мацярынская кампанія Instagram, усведамляла, што гэтая платформа можа быць разбуральным для псіхалагічнай раўнавагі значнае часткі маладых карыстальнікаў, асабліва дзяўчатак-падлеткаў. Facebook, цяпер вядомы як Meta Platforms Inc., аспрэчыў такія высновы.

У гэтым месяцы Instagram нарэшце прэзентаваў новыя функцыі, якія, як заяўляецца, зробяць сайт больш бяспечным для падлеткаў.

Мінулым летам TikTok і YouTube таксама абвясцілі пра актывацыю новых опцый бацькоўскага кантролю і палепшаных інструментаў бяспекі. Да гэтага іх падштурхнула новае заканадаўства Вялікабрытаніі, якое цяпер патрабуе, каб інтэрнэт-сервісы давалі магчымасць бацькам фільтраваць кантэнт для сваіх дзяцей.

У той жа час Apple не абнаўляла Screen Time з моманту яго запуску ў 2018 годзе ў рамках iOS12. А iPhone — гэта ж базавы тэлефон, у ЗША ў 87% падлеткаў ёсць айфоны.

А што прыдумляюць дзеці? Яны падглядаюць у бацькоў паролі. Хітрэйшыя нават тайком уключаюць запіс экрана перад тым, як папрасіць бацькоў набраць пін-код.

Акрамя таго, хітрыя дзеці скідаюць налады да заводскіх, тым самым адмяняючы ўстаноўленыя бацькамі абмежаванні экраннага часу.

Некаторыя бацькі прыдумляюць свае ўласныя рашэнні.

Стэфані Палей, сацработніца са штата Вірджынія, зарэгістравала Apple ID сваёй дачкі на ўласным ноўтбуку, каб магчы сачыць за тэкставымі паведамленнямі на выпадак, калі дачка будзе іх выдаляць. Як аказалася, гэта была разумная ідэя. Здарылася так, што яе дачка стала ахвярай кібербулінгу ў школе. Большасць дзяцей пасля выдалілі паведамленні, але ў спадарыні Палей захавалася копія, і бацькі з настаўнікамі вымушаныя былі разбірацца. 

Чэд Балак, 50-гадовы менеджар па продажах у ІТ-кампаніі, выкарыстоўвае тры ўзроўні кіравання, каб трымаць свайго сына пад кантролем: Google Family Link, праграмнае забеспячэнне для бацькоўскага маніторынгу Bark і Circle. З пераменным поспехам.

14-гадовы Паркер Балак піша свой уласны камп'ютарны код, каб прыдумаць абыходны шлях для прылады, падключанай да маршрутызатара, што абмяжоўвае час, які ён можа гуляць у відэагульні. 

14-гадовы сын містара Балака, Паркер, прызнаўся тату, што спампоўваў праграмы-вірусы, шукаючы спосабы абысці Circle, апаратную прыладу, якая падключаецца да хатняга маршрутызатара. Для чаго? Хацеў гуляць у відэагульні даўжэй, чым 2,5 гадзіны, якія яму дазволена гуляць па выхадных.

Паркер знайшоў відэа на YouTube, якое падказала яму, як падмануць адрас кіравання доступам да медыя, або MAC, на MAC-адрас тэлефона яго маці. Бінга! У выніку гуляў у відэагульні да позняй ночы двух шчаслівыя месяцы, пакуль аднойчы бацька не злавіў яго на гарачым а 2-й гадзіне ночы. «Тата быў незадаволены», — кажа Паркер.

Цяпер ён піша свой уласны код, каб прыдумаць абыходны шлях. «Калі я змагу, я пастаўлю гэта ў інтэрнэце ў адкрыты доступ», — кажа Паркер.

Каментары

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

«Дажынкі». Загадка падзабытай карціны Рушчыца8

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →