Грамадства

«Мне заўсёды дапамагаў самы просты спосаб — фраза «Збярыся, анучка!». Што піша Ягор Марціновіч з-за кратаў

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко вось ужо амаль паўгода знаходзяцца ў СІЗА па палітычна матываванай справе. Лісты — гэта самае важнае, што ёсць сёння ў нас ад іх. І ў іх ад нас. У сваіх лістах Ягор піша пра падарожжы, кнігі, бадзёрасць духу і разважае на розныя тэмы.

Не надта памятаю, які менавіта сумны жарт быў апошнім у анлайне, але шкадую, што не нарабіў адкладзеных допісаў у ФБ. Канечне, можна было страшна не адгадаць з танальнасцю, але ў цэлым было б весела. Хоп — і раптам я нібыта ў анлайне. З нейкай філасофскай думкай міма касы.

* * *

Пра усе гэтыя «эйджызмы-сэксізмы». Ясна, што калі прымаеш кадравае рашэнне ў кампаніі, то абіраеш кандыдата, які будзе эфектыўным у працы і з якім табе будзе камфортней. А як канкрэтна ацэньваць? Усё адно, на аснове нейкага вопыту, нейкіх стэрэатыпаў, меркавання іншых людзей (магчыма, стэрэатыпнага меркавання). Наўмысна наўрад ці хто дыскрымінуе. Але асабістыя перавагі ўсё адно будуць. Як у любым бізнэсе ці на дзяржаўнай службе. Але хлопчыкаў і дзяўчатак у нас было аднолькава.

* * *

Нешта ўсе маўчаць пра дыскрымінацыю тых, хто не ўмее плаваць! Раней было сорамна ў гэтым прызнацца, а цяпер мы падымаем галаву:)). У мяне ўжо адчуванне, што плывуны насамрэч у меншасці.

* * *

Я б спажываў любы настальгічны кантэнт і пра 1990-я, і пра 2000-я, Факт, што яго пакуль што вельмі мала. Гляджу колькі рэйтынгавых праграм на тым жа НТВ з зоркамі 1990-х, разумею, што гэта вечная тэма. Не ведаю, як наконт паўнавартасных мастацкіх фільмаў, але пракаціць любы больш танны варыянт. Хай бы пра Светлагорск 1990-х што-небудзь зрабілі, пра валютчыкаў як з'яву, пра тэлебачанне. Гэта я ад балды накідваю, цікава, абсалютна ўсё. У Расіі блогеры заняліся гэтымі рэтраспектыўнымі тэмамі, а ў нас пакуль што, на жаль, цішыня, не да таго. Ну, але рана ці позна гэты пласт усё роўна зробіцца. Я гатовы выйсці на гатовенькае.

* * *

Ад зефіру я не фанацею, для мяне занадта салодкі. Год 15 таму я вырашыў адмовіцца ад цукру — проста ў адзін дзень перастаў сыпаць у гарбату ці куды там яшчэ. Аказалася, жыццё не пагоршала. Але крута, што зефір можна прэзентаваць як беларускі сувенір, здымае пытанні перад тым, хто прыдумляе, што ўзяць з сабой за мяжу.

* * *

У дзяцінстве я шмат чытаў, аж занадта:). Але ў мяне ў галаве рэдка затрымліваюцца падрабязнасці. Толькі самае-самае асноўнае. Уяві, перад 10 класам мяне прымусілі прачытаць «Злачынства і пакаранне». Ну ладна, лета, часу, сапраўды, шмат. Адолеў. Пачынаюцца ўрокі. І аказваецца, што я зусім не памятаю гэтую няшчасную Сонечку! Зу-сім! Пра Раскольнікава больш-менш пераканаўча трынджу, а пра яе нічога не магу сказаць. Давялося перачытваць. Больш я летам не чытаў нічога.

* * *

Я дык зусім не фанат гэтых фантазійных сусветаў. Мне заўсёды падавалася, што ў нашай рэальнасці столькі ўсяго цікавага, што няма патрэбы ў чымсьці выдуманым. Як можна параўнаць «Зорныя войны» з барацьбой з наркотыкамі ў Філіпінах?

* * *

Лепш паглядзець дакументалачку ці хаця б «Арла і Рэшку» пра краіну. Прычым у мяне такое стаўленне да фантастыкі з дзяцінства. Яшчэ пра будучыню людзей можна глядзець-чытаць, але не пра гоблінаў і гномаў.

* * *

Можа, у снежні Капенгаген і выглядае панылым, але ў цёплы час гэта самы-круты-горад-Еўропы. Неяк атрымалася, што ў мяне да яго вельмі лягла душа. Можа, таму што сярод усіх гарадоў у скандынаўскім стылі я ўбачыў менавіта Капенгаген. Паколькі ў Стакгольм трапіў пазней, то ўразіўся ім менш.

* * *

Друць — гэта асацыяцыя з міфам майго дзяцінства Друцкам, ніколі не мог зразумець, як цэнтр княства мог фактычна знікнуць, ператварыцца ў маленькую вёску! Года паўтара таму нарэшце даехаў да Друцка, пахадзіў па гэтых валах. Ух, прыгажосць!

* * *

Што мяне вельмі радуе, што паспеў паглядзець шмат гарадоў і краін. Таму дахі Тбілісі-Кіева-Львова можна лічыць знаёмымі. Радуюся за тых, хто мае магчымасць падарожнічаць і бачыць новыя пейзажы. А я, можна лічыць, разглядаю дахі цэнтра Мінска.

* * *

Разумею, што ў кожнага сваё ўспрыманне і перажыванне стрэсу, але мне заўсёды дапамагаў самы просты спосаб — фраза «Збярыся, анучка!», адрасаваная сабе. Па-мойму, універсальны метад, не можа не дапамагаць.

Падтрымайце нашаніўцаў лістом, паштоўкай ці пасылкай. Гэта можна зрабіць па адрасе: 

СІЗА-1, Мінск, вул. Валадарскага 2, 220030. 

Марціновіч Ягор Аляксандравіч

Скурко Андрэй Генадзевіч

Каментары

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч10

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч

Усе навіны →
Усе навіны

Міліцыя праводзіць у Беларусі маштабнае камандна-штабное вучэнне. Абяцаюць спецтэхніку з перакрыццём вуліц і піратэхніку3

Алексіевіч расказала, як ёй прапанаваў дапамогу расійскі мільярдэр Неўзлін18

Грузінская паліцыя разагнала акцыю пратэсту апазіцыі і знесла намётавы гарадок4

Прэзідэнт непрызнанай Абхазіі пайшоў у адстаўку2

Кепскі мір ці зацяжная вайна. Як Украіна рыхтуецца да таго, што Трамп паспрабуе адразу пасадзіць яе за стол перамоваў13

Беларусь згуляла ўнічыю з Балгарыяй у апошнім матчы Лігі нацый. Лукашэнку на трыбунах таксама ўспомнілі5

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства23

Абарваныя адразу два інтэрнэт-кабелі, якія злучаюць Скандынавію з Германіяй і Літвой. Падазраюць дыверсію15

Беларусцы прыйшлося вярнуць дзіцячую дапамогу дзяржаве за паўгода. Што адбылося?10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч10

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч

Галоўнае
Усе навіны →