Да 5,5 гадоў калоніі: пракуроры запыталі тэрміны для пятай часткі абвінавачаных па «масавых беспарадках» у Брэсце
Працэс у Ленінскім судзе Брэста над пятай партыяй абвінавачаных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках за падзеі 10 жніўня 2020 года пачаўся яшчэ ў канцы ліпеня. За час працэсу колькасць абвінавачваных вырасла з 13 да 19 чалавек: некаторых мужчын перамясцілі з іншых партый праз хваробу, таксама ў гэты працэс уключылі затрыманых падчас перасячэння мяжы з Літвой Руслана Волкава і Глеба Раманава. Усіх іх судзяць паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, паведамляюць праваабаронцы.
19 кастрычніка дзяржабвінавачванне запатрабавала наступныя пакаранні для ўдзельнікаў працэсу:
паводле двух артыкулаў — ч. 2 арт. 293 і ч. 3 арт. 205 КК (крадзеж) — шляхам складання:
- Шафарэнка Якаў — 5 гадоў 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму + штраф 100 базавых;
- Філімонаў Станіслаў — 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму + штраф 100 базавых.
паводле ч. 2 арт. 293 КК:
- Пякач Яўген — 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (шляхам складання з неадбытай «хіміяй» у 1,5 года);
- Целешман Аляксандр — 4 гады 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму;
- Антонаў Марк, Верамей Ілля, Волкаў Руслан, Гарчанюк Ігар, Канцэвіч Філіп, Соўпель Іван, Трацюк Сяргей — па 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнаму;
- Клімчук Арцём, Казлоўскі Віктар, Раманаў Глеб, Сідзюк Раман, Цяліпка Леў, Цімафееў Аляксандр, Хабавец Даніла — па 3 гады 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнаму;
- Мазько Павел — 3 гады 6 месяцаў агульнага рэжыму.
Што вядома пра судовы працэс?
10 жніўня Іван Соўпель купіў у рэстаране КФС два бургеры ў папяровым пакеце. Калі з боку супрацоўнікаў прыляцела святлошумавая граната, ён на эмоцыях кінуў гэты пакет. Таксама Соўпелю ставіцца ў віну тое, што ён падняў плітку і апусціў яе побач з сабой. Сваю віну мужчына не прызнае.
Таксама ў матэрыялах справы ёсць відэа ад 10.08.2020, паводле якога 19-гадовы Леў Цяліпка штосьці кідае, паводле версіі абвінавачвання, у бок міліцыянераў. На пасяджэнні хлопец распавёў, што ён тады проста стаяў і здымаў на тэлефон, пасля чаго яго пхнулі — тэлефон выпаў з рук і разбіўся; на эмоцыях хлопец у бок ад сябе кінуў чахол ад тэлефона, той праляцеў усяго пару метраў, а адлегласць да міліцыянераў была каля 50 метраў. Больш ніякіх дзеянняў Льву не інкрымінуецца, аднак абвінавачванне кваліфікуе ўчынак хлопца як «удзел у масавых беспарадках».
На адным з працэсаў Сяргей Трацюк заявіў, што 10 жніўня быў паранены. Ён ляжаў у лякарні, дзе яму перасаджвалі скуру (даведкі прадстаўлены суду). А судзяць яго за тое, што ён кінуў пластыкавую бутэльку нібыта ў бок супрацоўнікаў і падняў кавалак асфальту. Вядома, што з матэрыяламі справы Сяргей азнаёміўся толькі на судзе, у СІЗА такой магчымасці яму не далі.
Станіславу Філімонаву і Якаву Шафарэнку таксама ставяць у віну крадзеж 6 тон труб да снежня 2020. На судзе мужчыны тлумачылі, што трубы ляжалі іржавыя і зарослыя, побач з недабудаваным будынкам, дзе ўжо некалькі гадоў нічога не адбываецца і куды можна бесперашкодна трапіць. Таму яны палічылі трубы металаломам і пачалі здаваць іх у адпаведны пункт прыёму.
Нагадаем, у рамках справы пра так званыя «беспарадкі» 10 жніўня 2020 года ў Брэсце ўжо асуджана 46 чалавек. У суме яны атрымалі 171 год і 6 месяцаў зняволення.
Каментары