Ледзь не загубіў кар'еру праз прапаршчыка, што скраў танк. Хто такі генерал Белаконеў, які прапанаваў дзейнічаць метадамі вермахта
«Трэба, як Пуцін сказаў, мачыць у сарціры ўсіх: за аднаго — 20, 100… Каб было непанадна нікому. Можа быць, груба, але шчыра», — так дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Белаконеў выказаўся пасля мінскай перастрэлкі. У сацыяльных сетках заўважылі, што гэта падобна да загада начальніка штаба Вярхоўнага камандавання вермахта Вільгельма Кейцеля. Той устанавіў таксу ў 50-100 жыццяў камуністаў за жыццё аднаго нямецкага салдата. Цікава, што да таго свайго выказвання пра Белаконева вядома было не вельмі многа. Расказваем, што гэта за чалавек, які ў сучаснай Беларусі прапануе дзейнічаць метадамі вермахта?
Алегу Белаконеву 56 гадоў. Цяпер ён дэпутат і старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў. Да гэтага пяць гадоў з'яўляўся начальнікам Генеральнага штаба ўзброеных сіл Беларусі. А яшчэ раней — камандаваў сіламі спецыяльных аперацый краіны.
Сам Белаконеў родам з Прыморскага края Расіі. На ваеннага адвучыўся ў Омскім вышэйшым агульнавайсковым камандным вучылішчы.
Пачынаў служыць камандзірам гаўбічнага ўзвода. Потым трапіў у Беларусь, дадаткова адвучыўся ў Вайсковай акадэміі, перайшоў у мотастралкі, потым — у ССА, якім нейкі час кіраваў.
Цікава, што ў нейкі момант кар’ера Белаконева ледзь не пайшла пад адхон. Як адзначаюць нашы крыніцы, яго знялі з пасады кіраўніка Слонімскай асобнай механізаванай брыгады, таму што прапаршчык скраў з ангара танк, каб паехаць на разборкі.
Але, як кажуць нашы суразмоўцы, калі эмоцыі сціхлі, Белаконеву ўсё даравалі, бо «такое ў войску — руціна, пакаралі ж не за тое, што прапаршчык скраў танк, а за тое, што стала вядома».
Публікаваў фотаздымкі піва і сушанай рыбы як прафілактыкі каранавіруса, а потым трапіў на ШВЛ
Пасля вяртання з апалы Белаконеў працягнуў уздымацца па кар’ернай лесвіцы, скончыў факультэт Генштаба Вайсковай акадэміі. А ў пачатку 2014 года стаў першым намеснікам міністра абароны, начальнікам Генеральнага штаба.
«Начальнік Генеральнага штаба ў Беларусі — гэта проста высокапастаўлены пісарчук. Белаконеў дзейнічаў у мірны час, ніякіх бітваў не выйграваў, рэформаў не праводзіў, цокаў абцасам — звычайны, нічым не адметны беларускі генерал», — апісваюць нашы суразмоўцы.
Незадоўга да сваёй адстаўкі па ўзросце Белаконеў сустракаўся з натаўцамі (беларускія міратворцы задзейнічаны ў сумеснай з НАТА місіі ў Лівіі) і заяўляў «Нашай Ніве», што Беларусь гатовая да сумесных вучэнняў з НАТА — гэта было ў 2019-м. Аднак з гэтага нічога не атрымалася.
У 2019-м Белаконеў сышоў у адстаўку, бо стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Пухавіцкай выбарчай акругі №65. У парламенце яго прызначылі старшынёй камісіі па нацыянальнай бяспецы. Гэта ён прапануе судзіць тых, хто заклікае да санкцый супраць беларускіх уладаў.
Цікава, што Белаконеў таксама не асабліва засцерагаўся ад каранавіруса. І незадоўга да таго, як трапіць на ШВЛ у рэанімацыю з кавідам, ён публікаваў у свой закрыты Instagram-акаўнт фотаздымкамі сушанай рыбы, гарэлкі і піва з прыпіскай «прафілактуем кавід». Выжыў Белаконеў цудам.
Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года Белаконеў катаўся ў турнэ па дзяржаўных установах усходу рэспублікі з выступленнямі аб правільнасці абранага курсу.
Не ведаў беларускай мовы і лічыў, што СВВ — гэта «суворовский военный вуз»
Знайсці станоўчую рэкамендацыю на Белаконева аказалася няпроста. Афіцэры, якія з ім перасякаліся ў войсках і ў Генеральным штабе, адгукаюцца пра Белаконева не асабліва добра.
«Пад выглядам інтэнсіўнай дзейнасці кашмарыў падначаленых за дробязі. Пасля яго прыездаў у часці даводзілася пісаць фэйкавыя рапарты аб «прынятых мерах», каб не развальваць калектывы несправядлівымі пакараннямі», — кажуць афіцэры.
Нашы суразмоўцы лічаць, што за гады жыцця ў Беларусі Белаконеў так і не здолеў стаць беларускім афіцэрам, і звяртаюць увагу на тое, што ў «крытычны» момант ён працытаваў не свайго непасрэднага галоўнакамандуючага, а расійскага — Пуціна.
Што адметна, Белаконеў так і не вывучыў беларускай мовы. Прэс-служба перакладала для яго на рускую мову тэксты «Нашай Нівы» пра войска і насіла ў раздрукаваным выглядзе.
Адзін з суразмоўцаў «Нашай Нівы», выкладчык Мінскай сувораўскай вучэльні, прыгадвае гісторыю ад сваіх гадаванцаў, якія стаялі ў ачапленні каля Стэлы з пагонамі СВВ (Сувораўскае ваеннае вучылішча) падчас сумеснага мерапрыемства з рускімі.
«Калі расійскі генерал спытаў у Белаконева, што за дзіўныя ў вас такія пагоны і чаму там СВВ а не «СВУ», той адказаў, што гэта азначае «суворовский военный вуз», — кажа наш суразмоўца.
«Можна доўга прыводзіць прыклады яго службовых правалаў, але я лічу, што гэта не мае ніякага значэння ў аналізе сітуацыі з яго словамі, — расказвае саслужывец Белаконева, былы высокапастаўлены ваенны. —
Алег нічога іншага сказаць і не мог, ён салдат, у яго не можа быць трошку ворага ці трошку сябра, ён сказаў, як думае, з улікам прафесійнай дэфармацыі за дзясяткі гадоў выслугі.
Сэнс у тым, што кожны павінен займацца сваёй справай, салдат не павінен быць палітыкам — гэта шлях да таго, каб стаць пасмешышчам і сярод сваіх, і сярод чужых.
З вуснаў салдата гэта б успрынялі — «ну, што з яго ўзяць». Я ж цалкам дапускаю, што думка аб «ліквідацыі» вельмі папулярная сярод сілавікоў, якія цяпер супрацьстаяць народу. Гэта толькі публічна агучвалася не адзін раз, а непублічна — страшна падумаць колькі. Але такая заява з вуснаў палітыка — зусім іншая рэч.
Белаконеў жа палітыкам не стаў і стаць ніколі не зможа. Можна разважаць, што мы ўсе вінаватыя, што дапусцілі такі вось узровень «дэпутатаў», але тут ёсць і яшчэ адзін аспект.
Як я разумею, яго дэпутацкія паўнамоцтвы неўзабаве скончацца, і куды далей ісці — настаўнікам дапрызыўнай падрыхтоўкі ў школу?
Мне здаецца, парламенцкая сінекура стала наркотыкам і Белаконеў хацеў бы, каб яго «пакінулі» і на другі тэрмін, у тым ліку таму ён і перастаў трымаць язык за зубамі, каб заўважылі і пахвалілі», — заключае наш суразмоўца.
Каментары