«Афіцыйная пазіцыя камітэта — мы нікога не мяняем». Прадстаўнік КДБ расказаў пра перспектывы абмену зняволенымі
Начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у прапагандысцкім фільме на БТ расказаў, што ў Беларусі зняволеная вялікая колькасць замежных грамадзян, у тым ліку з Польшчы, краін Балтыі і іншых заходніх дзяржаў, за супрацоўніцтва са спецслужбамі замежных дзяржаў. Аднак на некага мяняць іх нібыта не плануюць.
«Гэтыя асобы асуджаныя за шпіянаж і агентурную дзейнасць, — адзначыў ён. — Іх вінаватасць устаноўленая прысудамі судоў на падставе неабвержных доказаў, у тым ліку і прызнальных паказанняў».
На КДБ нібыта рэгулярна выходзяць прадстаўнікі замежных спецслужбаў з прапановамі абмяняць гэтых асоб на грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца ў іх турмах:
«Пры гэтым для абмену яны прапануюць рабаўнікоў, гвалтаўнікоў, махляроў, наркаманаў і іншых. У сувязі з гэтым афіцыйная пазіцыя камітэта — мы нікога не мяняем. Ні ў Польшчы, ні ў Прыбалтыцы, ні ў іншых краінах Захаду няма грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія супрацоўнічалі з КДБ, асуджаныя за гэта і адбываюць там пакаранне».
У гэтым жа самым фільме пра шпіёнаў, які выйшаў на БТ, расказалі, што Польшча нібыта спрабавалі завербаваць беларускага дыпламата. У ролі вярбоўшчыка выступаў польскі дыпламат Марцін Грабовіч, а справа адбывалася ў Кішынёве.
Беларускаму дыпламату Уладзіміру Марцін Грабовіч і яшчэ адзін паляк Павел Новак нібыта прапанавалі грошы за працу на польскія спецслужбы, але той адмовіўся ад супрацоўніцтва і нават зафіксаваў спробу вярбоўкі на аўдыё і відэа.
Канстанцін Бычак паабяцаў на гэта «адпаведную рэакцыю», а прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз паведаміў пра гатоўнасць адпаведнай ноты і анансаваў «шэраг іншых крокаў».
Каментары